З’явяцца новыя лясныя астраўкі

Экономика

DSC_0004У саставе ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» ёсць лясніцтва з падобнай назвай – «Хойніцкае». Ужо на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў побач з яго адміністрацыйным будынкам працуе міні-заводзік, дзе з шышак сасны атрымліваюць насенне для будучых пасадак. Калектыў з двух чалавек забяспечвае насеннем гэтай культуры ўвесь калектыў лясгаса, у які ўваходзіць 7 лясніцтваў.

Абслугоўваюць шышкасушылку рабочыя-лесакультурніцы сёстры Тамара Іванаўна Жаўняк і Ала Іванаўна Лялікава (на здымку). Яны дасканала асвоілі работу наяўнага абсталявання, таму насенне атрымліваецца добрай якасці.

Сёлета жанчыны нарыхтавалі 141 кілаграм насення сасны з 10 тон сабраных работнікамі лясніцтваў шышак. Хопіць і для ўласных мэт, і, калі спатрэбіцца, то са сваімі калегамі з бліжэйшых лясгасаў падзяліцца.

Будучай вясной плануецца выканаць у лясгасе пасадку дуба, сасны і бярозы на плошчы 300 гектараў. Найбольшы аб’ём работ выканае калектыў Дубровіцкага лясніцтва, якому даведзена заданне зрабіць пасадкі на 107-гектарнай плошчы. На 42 га будзе праведзена работа ў Глінішчанскім лясніцтве, на 39 га – у Хойніцкім.

Падрыхтоўка глебы да пасадкі лясных культур у лясгасе, як правіла, даручаецца самым вопытным і спрактыкаваным механізатарам. На яе выкананні сёлета вызначыліся трактарысты Нова-Барсукскага лясніцтва Фёдар Фёдаравіч Мануілаў і Віктар Уладзіміравіч Смольскі, а таксама Аляксандр Вітальевіч Кашперка, які працуе ў Казялужскім лясніцтве.
Як бы доўга зіма ні цягнулася, але ўсё ж і яна закончыцца, і будучай вясной работнікі лясгаса гэтак жа паспяхова, як і раней, правядуць пасадачныя работы, на карце раёна з’явяцца новыя лясныя астраўкі.

А. ДАШУК, інжынер па лесаўзнаўленню і меліярацыі ДЛГУ «Хойніцкі лясгас».
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *