Ганаруся заслугамі продкаў


Гавораць, чалавек жывы да таго часу, пакуль жыве памяць аб ім.  З кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё меней, але памяць аб іх не згасае. Цяжка ўявіць, што было б з нашай краінай, калі б тады, больш за 60 гадоў назад, гэтыя людзі паступілі па-іншаму.

Ваеннае ліхалецце не абмінула і маіх продкаў. На жаль, зараз іх няма ў жывых. Аднак аб іх барацьбе і мужнасці, ваенных гадах і мірнай працы я ведаю з расказаў сваёй матулі.

Прадзед Аляксей Міхайлавіч Лук’яненка нарадзіўся ў вёсцы Небытаў у 1924 годзе. Пасля заканчэння трох класаў вясковай школы пайшоў працаваць у калгас, каб падтрымліваць сям’ю. Калі пачалася вайна, яго прызвалі ў армію. У адным з жорсткіх баёў у сакавіку 1944 года ён быў цяжка паранены ў руку. Раны зажывалі вельмі цяжка, з-за гэтага амаль паўгода давялося правесці Аляксею Міхайлавічу ў шпіталі ў Чарнігаўскай вобласці. Аднак жаданне змагацца з ворагам было настолькі моцным, што здароўе ўзяло верх і  мой прадзед пасля выздараўлення змог вярнуцца ў свой полк.

За адвагу і мужнасць ён неаднаразова ўзнагароджаны, у 1985 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР з нагоды саракагоддзя Перамогі А.М. Лук’яненка ўдастоены ордэна Айчыннай вайны першай ступені.

Пасля вайны працаваў у калгасе імя Калініна. А калі пайшоў на пенсію, то яму было прысвоена званне “Ветэран працы”. На жаль, прадзеда Аляксея ўжо няма, і больш падрабязней даведацца пра яго ваенныя гады немагчыма. Шкада, што я вельмі позна пачаў цікавіцца сваімі каранямі і гісторыяй сваёй сям’і.

Лёс маёй прабабулі Соф’і Гаўрылаўны Казмярчук склаўся некалькі інакш, аднак ёй таксама давялося адчуць на сабе ўвесь жах ваеннага ліхалецця. Соф’я Гаўрылаўна не змагалася  з ворагам у дзеючай арміі, аднак калі пачалася вайна (прабабулі быў тады 21 год), яна не захацела заставацца ў баку ад падзей і  пачала супрацоўнічаць з партызанамі. Здарылася так, што яе разам з іншымі маладымі і здаровымі людзьмі ўгналі на рабскую працу ў Германію. Шмат давялося нацярпецца там.

Трагічны лёс напаткаў прабабуліных бацькоў.  Яе бацька Гаўрыіл ваяваў пад Сталінградам. Там ён і загінуў, да апошняй хвіліны жыцця змагаючыся з ворагам. Маці прабабулі Зінаіда загінула ў 1942 годзе. Яе разам з іншымі жыхарамі вёскі Ізбынь немцы сагналі ў хлеў, які потым падпалілі. А тых, хто спрабаваў выратавацца, расстрэльвалі.

Родны брат Соф’і Гаўрылаўны Фёдар загінуў у баях за Радзіму ў 1943 годзе. Яе сястра Ганна з 17 лістапада 1941  года па 29 лістапада 1943 года знаходзілася ў партызанскім атрадзе імя Суворава.

Лёс усёй сям’і маёй прабабулі звязаны з вайной. Нават яе маленькая сястра Марыя ўсё жыццё памятала пра жудасныя падзеі ваенных гадоў.

У тым, што сёння наша краіна жыве ў міры і спакоі, вялікая заслуга ўсіх ваяваўшых  на франтах Вялікай Айчыннай, тых, хто змагаўся ў партызанскіх атрадах, хто дапамагаў воінам і партызанам. Я вельмі ганаруся тым, што ў перамозе над ворагам ёсць заслуга і маіх продкаў.

Светлая памяць усім загінуўшым, нізкі паклон усім жывым ветэранам за тое, што мы жывём пад ясным сонцам і чыстым небам.


Р. КАМАРЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *