Чалавек, для якога кіно стала жыццём і лёсам

Асобы Хойнікшчыны

ДАШУК 3Беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар, фатограф, журналіст, пісьменнік – гэта ўсё пра нашага таленавітага земляка: Віктар Нікіфаравіч Дашук нарадзіўся 16 верасня 1938 года ў вёсцы Валокі Хойніцкага раёна.

Закончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. З 1960 года працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” у галіне дакументальнага кіно. Ён зняў па ўласных сцэнарыях больш за 80 дакументальных кінастужак, а таксама ў яго актыве два мастацкія фільмы. Займаўся педагагічнай дзейнасцю, як прафесар Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута кіраваў майстэрняй дакументальнага кіно.

АД РОДНАЙ ХАТЫ…
З таго часу, як Віктар Дашук закончыў першую гарадскую сярэднюю школу ў Хойніках, драўляны будынак якой размяшчаўся на месцы сённяшніх банкаў па вул. К. Маркса, і паехаў набываць спецыяльнасць, ён паспеў пабываць у 50 краінах свету. Але калі ўспамінае свой дом, дзе нарадзіўся і рабіў першыя крокі ў жыццё, на душы становіцца асабліва шчымліва. Ён з пакалення дзяцей вайны. Разам з маці перажываў фашысцкую акупацыю. Яго бацька пайшоў на фронт і загінуў у барацьбе з ненавісным ворагам. Па словах Віктара Нікіфаравіча, больш яго выхоўваў дзед Васіль, навучаў жыццёвай мудрасці.
Успамінае ён і аб тым, як дружна жылі яго равеснікі пасля вайны. Разам хадзілі ў грыбы-ягады, калі-нікалі рабілі «налёты» на суседскія сады (дрэвы не шкодзілі, ласаваліся адным-дзвюма яблыкамі, ды і не вельмі ганялі іх гаспадары). Любімым месцам адпачынку быў гарадскі парк, куды ўваход быў 5 капеек, працаваў там «летні кінатэатр»: гаспадар перасоўнай кінаўстаноўкі Лявіцкі дэманстраваў фільмы, кошт білета быў 10 капеек. Магчыма, ужо тады кіно і ўзяло ў палон хлапчука. Але першапачаткова юнак планаваў звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Атрымаў дыплом па самай прэстыжнай на той час спецыяльнасці ў Белдзяржуніверсітэце. Вытворчую практыку праходзіў у рэдакцыі Хойніцкай раённай газеты «Ленінскі сцяг» пад кіраўніцтвам былога рэдактара І.В. Лазовіка, якога ўспамінае добрым словам. А потым вывучыўся на рэжысёра, і праца, звязаная з кіно, стала асноўным сэнсам жыцця Віктара Дашука.
Дом, дзе ён нарадзіўся, некалі прадалі, бо маці пераехала ў Рэчыцу, і жывуць сёння ў ім, ужо на вуліцы Гагарына г. Хойнікі, іншыя людзі. Віктар Нікіфаравіч хоча прыехаць на сваю малую радзіму недзе пад восень сёлета.

ЗАПРАШЭННЕ Ў КІНАЗАЛУ
Такі ўжо лёс дакументаліста: сёння ён з камерай падымаецца па горным серпанціне, а заўтра імчыць аб’езджанымі стэпавымі трактамі. Матыў дарогі пастаянны для стужак В.Н. Дашука. Але вось маленькі, усяго ў адну частку фільм, і адразу становіцца ясна, што ўсё рознааблічнае мноства дарог мае ў яго творчасці адзін пачатак, адну агульную крыніцу. Фільм гэты, зняты рэжысёрам адразу пасля заканчэння Вышэйшых рэжысёрскіх курсаў, называўся проста – «Дом» – і расказваў ён аб доме, у якім аўтар нарадзіўся і вырас.

Не часта сустрэнеш у дакументальнай карціне такі сплаў паэзіі і філасофіі, спавядальнай лірычнасці і маштабнасці разважанняў аб нашым часе. Здавалася б, усё тут проста і немудрагеліста: мы бачым разліў квітнеючых лугоў, вясёлыя гульні малышоў на беразе рэчкі, чараду звыклых сялянскіх клопатаў. А ў цэнтры гэтага свету – невялікі вясковы дом. Ён чэсна адстаяў на зямлі належачыя яму дзесяцігоддзі, верай і праўдай паслужыў людзям. Яго сцены памятаюць і дзіцячы смех, і ўдовін плач, яны берагуць ціхую старасць дзеда, які ваяваў яшчэ ў імперыялістычную, а зараз, сівы і быццам ўжо бесцялесны, выйшаў пагрэцца на сонейка. Фільм усім сваім строем напамінае лірычны верш, у якім знаёмыя з дзяцінства факты быцця, быццам занава прапушчаныя праз сэрца мастака, набываюць узвышанае гучанне. І дом становіцца сімвалам роднага краю, які не абмінулі беды, гора і радасці нашага неспакойнага веку.

Ад «Дома» цягнуцца сцяжынкі да ўсіх карцін Віктара Дашука. Тэма роднага дома гучыць і ў поўнаметражным фільме «А зязюля кукавала», расказваючым аб лёсе беларускага паэта Янкі Купалы, і ў рэпартажы «Цюльпаны для сяброў», прысвечаным Дню Беларускай ССР на Украіне, і ў «экзатычнай» стужцы «Вечарынка ў Міжземным моры», у якой занатавана выступленне танцавальнага ансамбля «Радасць» за мяжой, і ў карціне «Чароўны меч», знятай у В’етнаме. І з сапраўднай сілай і гарачым пачуццём увасобілася яна ў фільмах, напрамую звернутых да лёсу народнага. Больш за шэсцьсот вёсак былі спалены ў вайну разам з іх жыхарамі. Менавіта аб гэтым расказала кніга «Я з вогненнай вёскі…» А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка. Калі раздзелы кнігі яшчэ публікаваліся ў часопісе, Віктар Дашук у садружнасці з аўтарамі пачаў працаваць над яе кінематаграфічным увасабленнем. Так нарадзіўся ўнікальны кінацыкл, у які ўвайшлі фільмы «Жанчына з забітай вёскі», «Нямы крык», «Жменя пяску», які прынёс рэжысёру прэмію Ленінскага камсамола Беларусі.

Своеасаблівым завяршэннем цыкла сталі фільмы «Суд памяці» і «Апошняе слова», дзе рэжысёр вырашыў асэнсаваць маштабы трагедыі, перанесенай Беларуссю, назваць імёны выканаўцаў крывавых спраў, выявіць здраднікаў Радзімы, якія аказаліся на лаўцы падсудных. Запамінаецца фінал «Апошняга слова», які камера «падгледзела» ў перапынку паміж пасяджэннямі суда. Падсудным прыносяць ежу, і яны старанна ядуць суп, клапатліва збіраюць у жменю хлебныя крошкі, дуюць на чай. Камера ўглядваецца ў гэтых нелюдзей, а потым, панаміруючы па зале, спыняецца на чыстым жаночым твары, на якім чытаецца і гідлівае здзіўленне, і міжвольная жаласць, і ўзрушанае неўразуменне: як можна пасля ўсяго ўчыненага жыць на свеце?
Гэты фінальны кадр многае растлумачвае ў творчасці Дашука. І перш за ўсё сведчыць аб трывалым інтарэсе рэжысёра да людзей з яснай душой і сумленнем, для якіх чалавечнасць і дабрыня – галоўнае ў жыцці.

Пошукі маральнага ідэала рэжысёр працягвае і ў наступных работах, лепшая з іх – фільм «Дзевяноста шостая восень». На 15-м Усесаюзным кінафестывалі ў Таліне гэтая стужка была ўдастоена другога прыза і дыплома. У цэнтры фільма – некалькі дзён з жыцця Панфіла Цімафеевіча Гарнаштава, які, як гаворыць назва, пражыў на свеце амаль век. Камера з любоўю ўглядваецца ў героя, і паступова праз вязь бытавых замалёвак праяўляецца незвычайная натура героя стужкі – жыццялюба і філосафа. За выпаўшы яму век Панфіл Цімафеевіч прайшоў тры вайны, працаваў на зямлі не пакладаючы рук. А зараз змайстраваў сабе надмагільны помнік і агароджу. Але смерць усё не ідзе, і помнік без патрэбы пыліцца ў хляве. Ды і якая хвароба пераможа зусім яшчэ ўдалага дзеда, да таго ж, яшчэ маладзейшага з братоў? Фільм расказвае, як адпраўляецца герой да старэйшага брата. Сустрэча старых – лепшыя кадры гэтай цудоўнай, насычанай карціны. Браты папарацца ў лазні, завядуць няспешную размову. І чымсьці вялікім павее раптам з экрана, таму што гэтым асеннім днём яны ўвогуле падводзяць вынікі свайго жыцця.

Новым крокам наперад таленавітага мастака-кінадакументаліста В. Дашука стаў новы кінацыкл «У вайны не жаночы твар». У аснове яго нарысы журналісткі Святланы Алексіевіч, якая сабрала матэрыялы аб ваенных медсёстрах, снайперах, разведчыцах, што вынеслі на сваіх плячах неверагодную цяжкасць чатырох вогненных гадоў.

Вайна, ваенны вопыт, лёс ваяваўшых – гэтым Віктар Нікіфаравіч быў захоплены, але на гэтым не замкнуты. Ён аўтар мноства «беларускіх рапсодый» – фільмаў аб земляках вядомых і непрыкметных, аб кроўных сувязях чалавека і Бацькаўшчыны.
Век сталасці і мудрасці. Быў ён для В. Дашука нялёгкім і цярністым. Але ж простых дарог не бывае. І, пэўна ж, чым цяжэйшы шлях, тым больш гонару з таго, што пройдзены ён як мае быць. Кожны фільм нашага знакамітага земляка – гэта прыступка на прафесійную вышыню. Прыступка да прызнання ў грамадстве, у сваёй дзяржаве.
Зараз спрабуе сябе В.Н. Дашук і ў пісьменніцкай творчасці: з друку выйшаў яго першы раман»Мемуары вуаярыста».

НА ЧАЛЕ РЭЖЫСЁРСКАЙ ДЫНАСТЫІ
Свой шлюб з жонкай Нінай Якаўлеўнай зарэгістраваў Віктар Нікіфаравіч у адметны дзень – 12 красавіка 1961 года, калі Юрый Гагарын паляцеў у космас. Жывуць шчасліва ўжо 53 гады. Ніна Якаўлеўна, географ па спецыяльнасці, працавала аграхімікам. А працягваюць рэжысёрскую дынастыю пяць прадстаўнікоў гэтай сям’і.

Дачка Вольга Дашук – лаўрэат нацыянальных і міжнародных кінафестываляў, кінарэжысёр. Яе фільм «Кінааматар. Асенні сон» быў прадстаўлены на Кракаўскім фестывалі, на фестывалі «SilverDocs» у Вашынгтоне (туды раней не траплялі карціны беларускіх рэжысёраў), з’ездзіў ён і на берлінскі фестываль «Prix Europa», дзе вызначаецца лепшая еўрапейская кінапрадукцыя. На «Лістападзе-2012» стужка таксама атрымала прыз. На кінафоруме «Зялёны віцязь» – сярэбраны прыз.

Муж Вольгі Віктар Аслюк разам з Віктарам Нікіфаравічам (толькі двое ад Беларусі) з’яўляюцца членамі Еўрапейскай кінаакадэміі. Лаўрэат 25 прэстыжных еўрапейскіх кінапрэмій, у тым ліку прыза «Еўропа-2002» за лепшы негульнявы еўрапейскі фільм года. Сям’я Аслюк-Дашук выхоўвае двух сыноў – Піліпа і Янку.

Кінамастацтва стала справай жыцця і для сына В.Н. Дашука – Уладзіміра. Поўнаметражны дакументальны фільм «Пейзаж пасля бітвы», зняты ў 1988 годзе, малады рэжысёр прысвяціў чарнобыльскай катастрофе. Яго пасынак, рэжысёр і акцёр Саід Дашук-Нігматулін, – сын вядомага акцёра 1980-х Талгата Нігматуліна, трагічна загінуўшага ў 1985 годзе, і рэжысёра-кінадакументаліста Халімы Хасанавай, якая стала жонкай Уладзіміра Дашука.

Творчыя тандэмы Аслюка-Дашук і Дашука-Хасанавай вельмі прадуктыўныя, хаця ўсе паасобку – прафесіянальныя асобы. Яны, ужо тытулаваныя рэжысёры, не цураюцца парад патрыярха гэтай дынастыі – Віктара Нікіфаравіча Дашука, якога ўзрасціла і паставіла на крыло наша Хойнікшчына.

Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *