Максі-праблемы міні-палігонаў


У нашым раёне амаль на ўсіх 26 палігонах і міні-палігонах трэба яшчэ вельмі многае зрабіць для таго, каб яны адпавядалі дзеючым прыродаахоўным і санітарным нормам. Гэтая выснова лагічна выцякае з вынікаў рэйду, які быў праведзены ў апошні дзень восені.

Усе названыя аб’екты знаходзяцца на балансе КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Нельга сказаць, што ў гэтай арганізацыі нічога не робіцца ў дадзеным напрамку, але часцяком гэтая работа абмяжоўваецца палавінчатасцю, незавершанасцю.

Напрыклад, нельга не заўважыць таго, што на міні-палігоне для цвёрдых бытавых адходаў у Карчовым папрацаваў бульдозер. Аднак усё зроблена так, як рабіць нельга. У свой час абвалоўку на гэтым аб’екце праводзілі работнікі ПМС і справіліся з заданнем нядрэнна: ёсць і катлаван, і пад’езды да яго, і неабходны пясчаны насып. Але ж трэба ведаць нашых нядобрасумленных вадзіцеляў і трактарыстаў, якія вывальваюць смецце не ў катлаване, а не даязджаючы да яго. Таму з часам на пад’ездах утварыліся смеццевыя горы, якія і павінен быў ліквідаваць бульдазерыст камунальнікаў. І што мы бачым – замест таго, каб загрэбці ўсё смецце ў катлаван, ён проста панаграбаў яго на насып са знешняга боку. Вось і ўся “ўборка”.

Зразумела, што такога не адбылося б у тым выпадку, калі б за работай падначаленага назіраў нехта з адказных асоб.

Па словах намесніка дырэктара КЖУП “Хойніцкі камунальнік” М.Р. Гуца, яшчэ зусім нядаўна парадак быў наведзены на міні-палігоне “Малішаў” пад Паселічамі. Вось толькі малюнак, які мы там засталі, парадкам назваць таксама цяжка. Праўда, тут віна камунальнікаў ускосная. Справа ў тым, што і тут вадзіцелі і трактарысты выкідваюць смецце, не даязджаючы да палігона.

Больш-менш прыстойна выглядае тэрыторыя вакол міні-палігона ў Стралічаве. Але і тут бліжэйшы ад дарогі ўезд у катлаван завалены не адной машынай смецця. І ўсё ж добра ўжо тое, што ўсе цвёрдыя бытавыя адходы знаходзяцца ўнутры міні-палігона, а не вакол яго.

І зусім ужо сумныя ўражанні выклікае міні-палігон для цвёрдых бытавых адходаў у Казялужжы. Тут нават пры самым вялікім жаданні не адшукаць ніводнага пад’езду да самога катлавана, бо ўсё навокал загрувашчана смеццем у радыусе не аднаго дзесятка метраў. Сметнік паступова перапаўзае ў размешчаны побач сасоннік.

А вось на міні-палігоне ў Клівах вялізны катлаван… зусім пусты. Затое па ўсяму яго перыметру гэтак жа ўзвышаюцца пакуль што невялікія горкі смецця. А што будзе далей?

Дарэчы, ні на адным з міні-палігонаў мы не ўбачылі аншлагаў з надпісам, які б забараняў рабіць падобнае.

Так, цяжка сёння камунальнікам упраўляцца адным спраўным бульдозерам Т-130 на 26 палігонах. Значыць, трэба дамаўляцца з іншымі арганізацыямі, у якіх ёсць падобная тэхніка – дарожнікамі, меліяратарамі, кіраўніцтвам ПДРЭЗ і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Адным словам, праяўляць разваротлівасць, бо пад ляжачы камень вада, як вядома, не цячэ.

Затое добрым струменем падала яна з воданапорнай вежы ў Клівах, заліваючы пры гэтым усё наваколле і тэрыторыю фермы. Гэта ў час строгай эканоміі водных рэсурсаў і электраэнергіі!?

Па выніках рэйду за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ўсе пасадавыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.


Члены рэйдавай групы:
 І. ДУБІНКА, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
І. ІВАНОЎ, інжынер па ахове лесу ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”;
 В. НАЗАРАНКА, карэспандэнт “ХН”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *