1. Наш раён сярод аднатыпных па колькасці жыхароў раёнаў вобласці ўдастоены першага месца ў абласным аглядзе-конкурсе па Алімпійскіх днях моладзі Гомельскай вобласці ў агульнакамандным заліку.
Яшчэ адна значная перамога па выніках 2014 года – першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву і спорту вышэйшых дасягненняў.
Абедзве Ганаровыя граматы і кубкі ўручаны начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама Л.Ф. Кулакоўскай на абласной калегіі.
2. У алімпійскім спорткомплексе «Стайкі» (Мінская вобласць) прайшло першынство Рэспублікі Беларусь па барацьбе самба з мэтай адбору для ўдзелу спартсменаў у першынстве Еўропы і свету па гэтаму віду спорту. Удзел прымалі сем каманд – з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Гомельскай, Мінскай абласцей і горада Мінска.
На гэты раз нашы дзве зямлячкі – студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Хрысціна Ярац і навучэнка Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву Ксенія Будзько – заваявалі права прадстаўляць нашу краіну ў складзе зборнай каманды Беларусі на першынстве Еўропы па барацьбе самба, якое адбудзецца ў красавіку ў Сербіі, і на першынстве свету ў кастрычніку ў сталіцы Латвіі – горадзе Рыга.
3. На арэне спорткомплекса ВА «Гомсельмаш», дзе праходзіла першынство вобласці па барацьбе дзюдо сярод юніёраў ва ўзросце да 21 года, выхаванцы трэнера СДЮШАР г. Хойнікі А.М. Лук’яненкі – і юніёры, і юніёркі – занялі першыя камандныя месцы. А таксама вызначыліся нашы барцы ў індывідуальным заліку. Першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Уладзіслаў Балбасаў і Максім Грыгаровіч, Ксенія Будзько і Хрысціна Ярац. Другімі былі Дар’я Грыгаровіч і Васілій Сенгаеў, трэцімі – Анастасія Кузьменка і Андрэй Арцюх.
4. У Магілёве на першынстве Рэспублікі Беларусь па барацьбе дзюдо сярод юніёраў ва ўзросце да 21 года нашы землячкі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі высокай вартасці. У чарговы раз Ксенія Будзько і Хрысціна Ярац падымаліся на першую ступеньку п’едэстала гонару, бронзавым прызёрам першынства стала і навучэнка Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву Дар’я Грыгаровіч. Гэтымі поспехамі па праву ганарыцца наш праслаўлены зямляк С.П. Кухарэнка, які рыхтаваў дзяўчат да спаборніцтваў.
5. Працягваюць радаваць перамогамі нашы штангісты. На абласных Алімпійскіх днях моладзі па цяжкай атлетыцы яны сталі сапраўднымі трыумфатарамі – занялі першае агульнакаманднае месца. У нашай зборнай адразу чатыры залатыя і столькі ж сярэбраных медалёў! На першую прыступку п’едэсталу гонару ўздымаліся Антон Шэймовіч, Дар’я Біран, Яўгеній Папроцкі і Анастасія Пархоменка. Другія месцы занялі Ягор Ашарчук, Ягор Касабуцкі, Улляна Махнач і Алена Міненка. Гэтыя выдатныя вынікі сталі магчымы дзякуючы плённай працы трэнераў А.Л. Шпаруна, В.У. Саракалетава, М.В. Глушакова, А.А. Навіцкага і Т.П. Нікіценкі. Спаборніцтвы праходзілі ў канцы лютага, такім чынам гэта была апошняя зімовая перамога хойніцкіх цяжкаатлетаў. Хочацца, каб і вясна была для іх таксама багатай на рэкорды і медалі.
Ірына ЛУКАШЭНКА, Клаўдзія БОСАК, Наталля ЧЭКАН.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.