Інакш яны проста не могуць

Людзі і лёсы

P6197111У адзін з нядаўніх чэрвеньскіх дзён разам з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. В. Калыханам мы накі-роўваліся на Лісцвінскую малочнатаварную ферму. Амаль на пад’ездзе да яе нашу ўвагу прыцягнуў чалавек паважаных ужо гадоў, які, нягледзячы на ўзрост, даволі жвава ўпраўляўся з трыма спраўнымі кароўкамі, выганяючы іх на пашу.

– Як справы, Сцяпанавіч? – запытаўся Аляксандр Васільевіч і, нахіліўшыся да мяне, прапанаваў: «Вось пра каго трэба напісаць, усё жыццё гэтага чалавека праходзіць у няспыннай працы: і ў калгасе заўсёды быў адным з лепшых вадзіцеляў, і на пенсіі яму без работы не сядзіцца».

Разгаварыліся. Высветлілася, што Аляксандру Сцяпанавічу Анісенку 25 лістапада гэтага года споўніцца роўна 75 гадоў. Усё яго жыццё прайшло ў гэтым невялічкім куточку палескай зямлі: у Лісцвіне ён нарадзіўся, вучыўся ў Паселіцкай школе, ажаніўся ў 1966 годзе. Тут, у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, якое не раз мяняла свой статус і назву, адпрацаваў увесь свой свядомы век.
Толькі адзін гасподзь бог ведае, колькі кіламетраў накруціў А.С. Анісенка за баранкай аўтамабіля за сваю знатную шафёрскую кар’еру, дастаўляючы да месц прызначэння залацістае збожжа новага ўраджаю, духмяную свежаскошаную траву, ажыццяўляючы іншыя, не менш патрэбныя ў сельгасвытворчасці перавозкі. Асобнай старонкай яго ўспамінаў сталі першыя дні і месяцы пасля чарнобыльскай аварыі, калі працаваць даводзілася і днём, і ноччу, выязджаць у самыя «брудныя» ў радыяцыйных адносінах мясціны.

Усе, хто працаваў побач, адзначалі, што яго аўтамабіль заўсёды быў у выдатным тэхнічным стане, а вадзіцельскае майстэрства, як добрае віно, сталела і ўдасканальвалася год ад году ўсё больш і больш.

Нездарма прозвішча Аляксандра Сцяпанавіча Анісенкі не раз называлася ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве і нарыхтоўцы кармоў, аб чым сведчаць шматлікія граматы і дыпломы. Але не ўзнагароды і рэгаліі былі галоўным у яго шматгадовай працы: павага і аўтарытэт сярод таварышаў па рабоце, давер кіраўніцтва гаспадаркі – вось што натхняла і акрыляла. А яшчэ – павага і падтрымка з боку жонкі Валянціны Аляксандраўны, якая заўсёды была побач, з якой разам пражылі амаль паўстагоддзя, нарадзілі і выхавалі сапраўднымі, годнымі людзьмі пяцёра сыноў, а зараз дапамагаюць ім у выхаванні 11 унукаў.

Прычым часцяком дапамагаюць не толькі словам, але і матэрыяльна, бо ўсё жыццё трымалі Анісенкі і трымаюць нават сёння немалую дамашнюю гаспадарку: пяць кароў, свіней, курэй і качак.
На маё здзіўленне, ці ўзрост не перашкаджае, ці здароўя хапае на тое, каб накарміць і дагледзець усю гэтую жыўнасць, муж і жонка, дапаўняючы адзін аднаго, адказалі так:
– У працы і клопатах час хутчэй ідзе, душа і рукі занятыя нечым карысным і патрэбным… Не прывыклі, ды і не ўмеем мы сядзець без справы…

Напэўна, усё ж час і ўзрост бяруць сваё, і начамі ныюць іх напрацаваныя рукі і ногі, павышаецца артэрыяльны ціск, дастаюць галаўныя болі. Але ж раніцай надыдзе новы дзень, паўстануць новыя штодзённыя праблемы і клопаты, і гэтыя людзі зноў з галавой акунуцца ў работу. Інакш яны проста не могуць…

Віктар НАЗАРАНКА.
На здымку: Валянціна Аляксандраўна і Аляксандр Сцяпанавіч Анісенкі.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *