У працоўным калектыве


Дырэктар Хойніцкага завода жалезабетонных вырабаў У.І. ЗАХОЖЫ:


“Год завершым дастойна”


– Калі ахарактарызаваць вытворчую сітуацыю ў цэлым, то я сказаў бы так: на сённяшні дзень завод працуе стабільна, рытмічна і атрымлівае прыбытак ад рэалізацыі выпушчанай прадукцыі – толькі за 9 месяцаў года ён склаў больш за 600 мільёнаў рублёў. Выконваюцца асноўныя прагнозныя паказчыкі, людзі без затрымак атрымліваюць заработную плату. За 11 месяцаў года выпушчана таварнай прадукцыі ў натуральным выражэнні на 5,9 мільярда рублёў, рост яе выпуску ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склаў у супастаўных цэнах 115 працэнтаў пры прагнозе 108,5 працэнта. Узровень рэнтабельнасці па выніках работы за 9 месяцаў года склаў 14,8 працэнта. Усё гэта дае падставы сцвярджаць, што 2009 год наш калектыў завершыць дастойна. 

Асартымент прадукцыі складаюць больш за 350 відаў. Найбольшым попытам сёння карыстаюцца пліты для агароджвання тэрыторый прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, бетонныя блокі, кольцы рознага дыяметру і камплектуючыя да іх. Напрыклад, БУ-243 ААТ “Гомельскі домабудаўнічы камбінат” зараз гатова забіраць да тысячы такіх кольцаў, нямала пастаўляем мы іх мазырскаму СПМК-50, брагінскаму ПМК-91, малому прадпрыемству “Хойнікірамбуд”.

Добра пайшлі нядаўна ўкаранёныя ў вытворчасць Г-падобныя меліярацыйныя агалоўкі, якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве сянажных і сіласных траншэй, што дае нам немалы прыбытак. Гэтыя новыя ў нашай наменклатуры вырабы яшчэ летам вагонамі накіроўвалі ў Брэсцкую вобласць на будаўніцтва буйных сельгаспрадпрыемстваў, якое вялося за кошт сродкаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Пралічыўшы сітуацыю разам з дырэктарам КСУП імя Мележа В.М. Каральчуком, прыйшлі да вываду наконт неабходнасці выкарыстання такіх жа агалоўкаў пры ўзвядзенні сянажных і сіласных траншэй у гэтай гаспадарцы. Такі крок дазволіў на 30-40 працэнтаў зменшыць кошт іх будаўніцтва, і, значыць, выгада аказалася ўзаемнай.

Па-ранейшаму запатрабаваны фундаментныя і фундаментна-стужачныя блокі, перамычкі і пліты перакрыццяў. Многа прадукцыі традыцыйна пастаўляем меліяратарам – былым сумежнікам па канцэрну “Белмеліяводгас”, і сёння ў ліку нашых спажыўцоў усе 24 прадпрыемствы меліярацыйных сістэм Гомельшчыны. Папулярнасцю карыстаюцца і латкі для цеплатрас, якія цяпер выкарыстоўваюцца пры пракладцы кабеляў. Іх у гэтым годзе мы пастаўлялі на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

Існуюць і праблемы. Адна з іх – дэбіторская запазычанасць. Сярод нашых даўжнікоў сельгаспрадпрыемствы “Судкова” і “Стралічава”, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, Хойніцкая ПМК.

Не ўдалося выйсці і на прагнозныя лічбы па выпуску тавараў народнага спажывання. Дакладней будзе сказаць не па выпуску, а па рэалізацыі прадукцыі насельніцтву. Не магу канкрэтна сказаць, у чым тут прычына, бо раней да нас звярталіся жыхары не толькі нашага, але і Мазырскага, Калінкавіцкага і Жыткавіцкага раёнаў. Сёння ж працэс застапарыўся.

Давалі аб’явы аб продажу вырабаў для насельніцтва ў раённыя і абласную газеты, спрабавалі рэалізоўваць іх праз гомельскі магазін “Будтавары”. Аднак купляюць мала, а самым буйным пакуль што стаў заказ ад аднаго з калінкавіцкіх прадпрымальнікаў на выраб пліт для агароджы на 12 мільёнаў рублёў. Што ж, у гэтым бачым нявыкарыстаны рэзерв, над якім будзем больш актыўна працаваць у будучым годзе.

Што датычыць сацыяльных гарантый, то рэгулярна выплачваюцца людзям усе прадугледжаныя калектыўным дагаворам выплаты: да прафесійнага свята, на набыццё сельгаспрадукцыі, па выхаду на пенсію, на вяселлі і пахаванні, да Дня жанчын і Дня маці, Дня абаронцаў Айчыны. Не забываем у матэрыяльным плане і пра нашых пенсіянераў.

І калі людзі бачаць клопат аб іх, яны адказваюць добрасумленнай працай. Сярод лепшых назаву фармоўшчыкаў А.В. Дашука, А.А. Казлова, М.М. Тураўца і М.М. Бяндзегу, стропальшчыка склада гатовай прадукцыі В.В. Шацілу, аператара склада напаўняльнікаў В.В. Дубінскага, майстра Д.І. Каваленку.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.  





На Хойніцкім заводзе жалезабетонных вырабаў вялікае значэнне надаецца пашырэнню і рэканструкцыі матэрыяльна-тэхнічнай базы, замене абсталявання на  сучаснае, энергаёмістае. З гэтай мэтай замянілі 2 кампрэсары на іх аналагі фінскай вытворчасці, якія спажываюць удвая менш электраэнергіі. Памянялі і помпавае абсталяванне ў кацельні, якое раней спажывала 200 кілават у гадзіну, а сёння толькі 30.

Правялі і рамонт 3 тысяч квадратных метраў даху галоўнага вытворчага памяшкання, кацельні і станцыі абезжалезвання вады. На будучы год маюць намер завяршыць рамонт усіх дахавых пакрыццяў.

Сваімі сіламі замянілі абсталяванне стужачнага канвеера па выгрузцы шчэбеню, і сёння гэты працэс займае ўсяго 20 мінут замест ранейшых паўтары гадзіны на адзін вагон.

За кошт уласных сродкаў завод набыў 3 самазвалы маркі МАЗ, якія больш высокапрадукцыйныя, чым ранейшыя ЗіЛы на перавозцы пяску і таварных бетонных сумесяў: і аўтамабільнага паліва менш расходваецца, і грузападымальнасць іх большая (10 тон замест 5). Апраўдала сябе набыццё доўгамернага аўтамабільнага цягача і аўтапагрузчыка “Амкадор”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *