Натхненне знаходзіць у прыродзе: кожны пейзаж – маленькая гісторыя аб родным краі

Увлечения хойничан

Алег Базулька, жыхар аграгарадка Судкова, – майстар на ўсе рукі.

Так шанаваць і любіць Палессе, захапляцца яго незвычайнай прыгажосцю, клапаціцца аб зберажэнні гэтага бясцэннага прыроднага здабытку і адлюстроўваць яго ў пейзажах можа толькі сапраўдны патрыёт сваёй зямлі.

Прырода заўсёды сілкавала, абуджала талент Алега, і праз гэта майстар перадае ўсю прыгажосць гэтага свету. Пачаў маляваць яшчэ з маленства, яму тады было толькі 5 гадоў. Захапіўся невядомым мастаком, які маляваў неба ўсімі фарбамі вясёлкі, каля возера, дзе яны купаліся. – Тады і сам захацеў увасабляць у жыццё, адлюстроўваць усе рыскі таго імгнення, што перад вачыма, – падзяліўся мужчына.

Пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС яны з сям’ёй былі вымушаны пераехаць. У Гродзенскай вобласці ў бацькоў былі сваякі, таму накіраваліся туды ў в. Квасоўка. Вучыўся ў мясцовай школе, але нягледзячы на ўсе падзеі працягваў займацца маляваннем. Аднойчы вырашыў прыняць удзел у раённым конкурсе. Намаляваў карціну «Тры волаты» Віктара Васняцова. Яна выклікала небывалы фурор у журы. Так удзел у першым конкурсе прынёс хлопчыку першае месца.

Калі пісаў пейзажы, заўсёды ўспамінаў аб малой радзіме. Сям’і таксама было цяжка на чужыне, яны сумавалі па родных мясцінах. Як кажуць, кожнаму мілы свой куток. Таму ў гэтым жа годзе вярнуліся ў вёску.

Навучаўся ў Судкоўскай СШ. Пяцікласнік Алег разам з першым настаўнікам Мікалаем Куксіным працавалі над пераўтварэннем школьных сцен. Яны і да гэтага часу захоўваюць малюнкі ката Леапольда, хлопчыка-салдата на драўляным коніку і вінаградную арку на ўваходзе ў школьную сталовую.

У аўтара ёсць свой уласны стыль. Ён знаходзіць адлюстраванне ва ўсіх карцінах майстра з аграгарадка.

– Ёсць у маіх карцінах і палёт фантазіі. Напрыклад, я малюю раку, лес на пейзажах, таму што аграгарадок Судкова пазбаўлены гэтых дароў прыроды. Гэта таемныя куткі нашага раёна, якія я запомніў яшчэ з дзяцінства.

За час назірання работ майстра я змагла адзначыць, што на большасці карцін у аўтара намаляваны бусел, каласкі, васількі і палявая дарога. Як адзначыў Алег, інакш і быць не можа, бо гэта сімвалы нашай роднай краіны.

– Бусел сімвалізуе жыццё нягледзячы на ўсе нягоды, ён як я стрываў шматлікае, але застаўся жыць на радзіме, – адзначыў мужчына.

Мастак – гэта перш за ўсё філосаф, лічыць Алег Базулька. Гэта чалавек, які ўкладвае ў сваю работу ідэю і думку, эмоцыю і сэнс.

Адной з крайніх работ таленавітага мастака з’яўляецца мудрагелісты пейзаж на сцяне ў сельвыканкаме. На лісці масіўнага дуба нанесены назвы вёсак, якія ўваходзяць у склад сельсавета. Аднак ёсць і млявае лісце – гэта выселеныя вёскі пасля катастрофы на ЧАЭС, у якіх засталося па адной хаце, а недзе і зусім адзін жыхар. Праз раку – сучаснае: квітнеючая вёска, рыбак ловіць рыбу, каласы ціхенька шумяць ад подыху ветра і чыстае паветра, якое пахне жыццём. Вось яна – філасофія, аб якой казаў Алег, вось яе сэнс. Адзначу, што драўляныя дэталі ўсёй кампазіцыі таксама зроблены таленавітым майстрам на ўсе рукі.

Яшчэ адзін пейзаж, таксама работа Алега, упрыгожвае клас беларускай мовы ў мясцовай школе. Мужчына ўсебакова развіты, ён лепіць з гліны, гіпсу, упрыгожвае сцены пад’ездаў, варот, выразае і выпальвае на дрэве. Акрамя гэтага, працуе педагогам у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Займаецца з дзецьмі, каб знайсці ў іх цудоўнае – талент і раскрыць яго. Падказвае як увасобіць у жыццё сваё бачанне, як некалі малому хлопчыку падказваў яго першы настаўнік.

У Алега шмат задум і ідэй. Начамі можа не спаць і пісаць сцэнарый. У гэтым у яго таксама ёсць талент. Яшчэ і жонцы з трыма дзеткамі паспявае дапамагаць. У прошлым годзе яны як мнагадзетная сям’я палучылі кватэру. Ці будзе ўносіць у інтэр’ер арыгінальны роспіс? Адназначна кажа, што не. Дома павінна быць утульная атмасфера, хатняя.

Дзе ж ён чэрпае энергію? Натхняе таленавітага мастака палеская прыгажосць. Шчыльная зеляніна мясцовых лясоў. «Нават водар у родных краях іншы. Зямля па-асабліваму пахне торфам», – падзяліўся мужчына. Алег вельмі любіць бываць у лесе, там ён адпачывае ад гарадскога жыцця. І каб была магчымасць, то разам з каханай і дзецьмі з радасцю жыў бы на хутары.

Запісала Святлана ВАШЧАНКА.

Фота аўтара.

Цікавыя факты:

— За ўсе годы напісаў каля 400 работ, гэта толькі самыя лепшыя, па меркаванню аўтара.

— На выкананне задумкі пайшло каля месяца.

— Алег ніколі не марыў стаць мастаком, з дзяцінства хацеў быць доктарам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *