Тэатр – усё яе жыццё

Асобы Хойнікшчыны

1957_КашэльнікаваШлях на тэатральны алімп для нашай знакамітай зямлячкі, актрысы яркай індывідуальнасці, выканаўцы лірыка-драматычных і вострахарактарных роляў, Раісы Мікалаеўны Кашэльнікавай пачаўся з атрыманнем “пісьма шчасця” – ёй паведамілі аб залічэнні ў легендарную Беларускую драматычную студыю ў Маскве ў 1923 годзе. Большую частку свайго жыцця артыстка служыла Мельпамене ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы.

З самага пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ўрад БССР прымаў шмат захадаў, каб дапамагчы тэатрам рэспублікі папоўніць свае калектывы маладымі акцёрскімі і рэжысёрскімі кадрамі. Было вырашана правесці набор у драматычную студыю. Аднак высветлілася, што ў Мінску такая студыя нармальна працаваць не зможа – не хапала педагагічных кадраў. Таму было прынята рашэнне перанесці студыю ў Маскву. У пастанове ЦК КП(б)Б ад 12 верасня 1921 года, падпісанай сакратаром ЦК В. Кнорыным, гаварылася: “Прызнаць неабходным існаванне ў Маскве Беларускай мастацкай Студыі”. А праз тры дні Наркамасветы БССР прыняў пастанову аб прысваенні Беларускаму дзяржаўнаму тэатру звання “Акадэмічны” і адкрыцці Студыі гэтага тэатра ў Маскве. Пра набор у Студыю шырока аб’яўлялася ў друку, у камісію па прыёме паступіла да 400 заяў. Пасля стараннага адбору група моладзі выехала ў Маскву ў лістападзе 1921 года. Сярод іх былі К. Саннікаў, А. Ільінскі, С. Станюта, Я. Глебаўская, Т. Бандарчык, В. Рагавенка, І. Катовіч, І. Чайкоўскі. У Маскве яны зноў здавалі экзамены. На канец 1923 года састаў Студыі стаў у асноўным устойлівым, у гэты час сюды паступіла і 19-гадовая ўраджэнка вёскі Баршчоўка Хойніцкага раёна (тады Дзёрнавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі) Раіса Кашэльнікава.

Спачатку меркавалася, што тэрмін навучання ў Студыі будзе два гады. Але затым Наркамасветы БССРустанавіў чатыры гады з прысваеннем студыйцам усіх правоў студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. А фактычна Студыя працавала пяць гадоў.

Матэрыяльна-бытавыя ўмовы студыйцаў, асабліва ў першы год, мала адпавядалі нармальнаму вучэбнаму працэсу. Навучэнцы былі размешчаны ў памяшканні былога кінатэатра “Уран”, а заняткі праходзілі ў розных памяшканнях, якія ўдавалася часова арандаваць. Нарэшце з 1924 года, калі Студыя пашырылася, яе перавялі ў больш добраўпарадкаванае памяшканне на Арбаце, у якім знаходзіўся кінатэатр “Арс”. Тут ужо былі створаны студыйцам усе неабходныя ўмовы для заняткаў і рэпетыцый. У 1926 годзе закончыўся студыйны перыяд новага беларускага тэатра. Было вырашана, што Студыя ўсім саставам выедзе на пастаянную работу ў адзін з буйнейшых адміністратыўных, эканамічных і культурных цэнтраў рэспублікі – горад Віцебск. У гэтым тэатры Р.М. Кашэльнікава працавала да 1939 года, з гэтага часу – актрыса Беларускага тэатра імя Я. Купалы.

Калі ў 1943 годзе тэатр, эвакуіраваны ў Томск, вырашыў накіраваць першую брыгаду на фронт, сярод семнаццаці жадаючых увайсці ў яе састаў акцёраў аказалася і Раіса Кашэльнікава. З рэпертуарам, у які ўваходзілі спектакль “Скупы” Ж. Мальера, народныя і класічныя творы ў выкананні вакальнага квінтэта і струннага квартэта, вершы савецкіх паэтаў, акцёры накіраваліся на Калінінскі фронту. Варта было выступіць толькі адзін раз, і ўсе ўбачылі, з якой увагай і ўдзячнасцю байцы слухалі, літаральна лавілі кожнае слова. Гэта хвалявала акцёраў, і яны амаль без адпачынку ездзілі з адной часці ў другую. Акцёры забываліся на стомленасць. Іх узрушвалі прагныя вочы байцоў, авацыі і бурныя апладысменты (часам жа апладысменты замяняліся бязгучнымі ўзмахамі рук, бо не заўсёды можна было “шумець” паблізу ад перадавой).

Аб працы брыгады тэатра пісала франтавая газета Калінінскага фронта “Защитник Отечества”: “… Акцёры прабылі на фронце 51 дзень і правялі за гэты час 150 выступленняў. Да канца 51 дня спідометр аўтобуса, у якім акцёры ездзілі, жылі, грыміраваліся, апраналіся да спектакляў, паказаў 1860 кіламетраў…”.
За гады вайны майстэрства калектыву прыкметна вырасла, у поўную меры раскрыўся талент Р. Кашэльнікавай як драматычнай актрысы. Зараз цяжка ў гэта паверыць, але ў пачатку мінулага стагоддзя ўвогуле не існавала прафесійнай беларускай драматургіі. У беларускіх тэатрах ставіліся ўкраінскія і расійскія п’есы. Першым, хто напісаў сапраўды беларускую п’есу, быў Янка Купала. І называлася яна “Паўлінка”. Не варта пераказваць сюжэт п’есы – усе маглі яе бачыць у тэатры і па тэлебачанні. Яна – візітная картка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Яна – наша класіка. Калісьці Янка Купала вобраз галоўнай гераіні спісаў амаль з натуры. Стаўшая прататыпам Паўлінкі Ядзя Аблачынская нарадзілася надалёка ад мястэчка Акопы, дзе адзін час жыў і Купала. Усе падзеі, апісаныя ў “карцінках з жыцця дробнай шляхты”, адбываліся на вачах у песняра, вось чаму і вобраз галоўнай гераіні атрымаўся яркім і праўдзівым.

Каб пастаноўка ішла на адной і той жа сцэне амаль восем дзесяцігоддзяў і за гэты час змянілася амаль ці не дзесяць пакаленняў выканаўцаў – падобнага феномена не ведае ні адзін тэатр свету. Але, безумоўна, у цэнтры ўвагі публікі заўсёды знаходзілася выканаўца Паўлінкі. Самая першая і непаўторная Паўлінка ў Купалаўскім тэатры – Раіса Кашэльнікава — дэбютавала ў ролі 19-гадовай дзяўчыны, калі ёй было … сорак і зіхацела яна ў гэтай ролі больш за дзесяць гадоў. Асабіста ведаючы Янку Купалу і, магчыма, улічыўшы яго меркаванне і свае цудоўныя вакальныя даныя, ужо ў 1944 годзе Кашэльнікава-Паўлінка заспявала. Дарэчы, па напісанай спецыяльна для Кашэльнікавай вакальнай партыі да гэтага часу падбіраюць усіх выканаўцаў Паўлінкі. А гэта задача не з лёгкіх – самая высокая нота, якую бярэ Паўлінка, соль другой актавы. Нават калі з-за ўзросту Раіса Мікалаеўна ўжо не магла іграць 19-гадовую гераіню, яна не пайшла са спектакля, а проста пераключылася на другую ролю ў гэтай жа п’есе.

Вялікага поспеху дасягнула Р. Кашэльнікава ў ролі Ларысы Агудалавай (п’еса “Безпасажніца” А. Астроўскага). У аснову сюжэта пакладзены глыбокі сацыяльны канфлікт, які будуецца на супярэчнасці паміж духоўнасцю, маральнай чысцінёй Ларысы Агудалавай і маральнай спустошанасцю, пошласцю і цынізмам “гаспадароў” жыцця, для якіх чалавек той жа тавар. Драма псіхалагічная набывала ўсе адзнакі драмы сацыяльнай. Гэта работа з’явілася этапам на шляху яе творчага росту і яшчэ раз пацвердзіла драматычны талент Р.М. Кашэльнікавай.

1971_Кашэльнікава_Хто смяецца апошнім_цёця КацяУ спектаклі “У пушчах Палесся” Я. Коласа Кашэльнікава сыграла ролю маладой сялянкі , закаханай у бедняка Мартына, але вымушанай пайсці замуж за кулака Бусыгу. У кожнай новай сцэне Аўгіння паўстае перад гледачом у новай якасці. Актрыса добра раскрыла характар Аўгінні – лірызмам і затоенай журбой былі прасякнуты яе сустрэчы з маладым партызанам Мартынам. Добрае пачуццё камедыйнасці выявіла актрыса ў ролі Клавы (спектакль “Мілы чалавек” К. Крапівы). Запомнілася яна гледачу і ў ролі Куліны (спектакль “Людзі на балоце” І.Мележа), па спектаклях рускага класічнага і замежнага рэпертуараў.
Уяўляецца даволі цікавым погляд Р.М. Кашэльнікавай на спектакаль “Разлом” па п’есе Б. Лаўранёва. Пасля прэм’еры артыстка гаварыла: “Гэты спектакль меў вялікі мастацкі і матэрыяльны поспех і высока ўзняў аўтарытэт тэатра ў вачах беларускай грамадскасці.

У “Разломе” я іграла абаяльную весялуху-Ксану. Я спявала, кулялася на палубе, зачынала розныя штукі, сыпала жартачкамі – як было не прыкмеціць такую вясёлую артыстку, і мяне адзначылі побач з выканаўцамі галоўных роляў. Пасля “Разлому” савецкая п’еса цвёрда ўвайшла ў рэпертуар нашага тэатра”.
Р.М. Кашэльнікава валодала прыродным талентам, жалезнай воляй, пастаянна самаўдасканальвалася, будучы выканаўцай тэатральных роляў больш за 50 гадоў не пераставала радаваць паклоннікаў сваім майстэрствам і здзіўляць новымі вобразамі. Яна ніколі не была замужам. Прызналася ў адным з інтэрв’ю, што ёй прапаноўвалі руку і сэрца не аднойчы, але яна разумела, што гэтыя мужчыны не яе спадарожнікі жыцця. Дзяцей сваіх, на вялікі жаль, Бог не даў. Магчыма, ёй хацелася б нешта памяняць у сваім жыцці, але з другога боку – гэта быў яе шлях. Яна лёгка мяняла маскі на сцэне, а ў жыцці была заўсёды адзінокай, усё яе жыццё – гэта тэатр.

16 верасня сёлета Р.М. Кашэльнікавай споўнілася б 110 гадоў, яна пайшла з жыцця ў 1980 годзе, пакінуўшы ў спадчыну для новых пакаленняў артыстаў купалаўскага тэатра свае непаўторна выкананыя ролі.

Ролі Раісы Кашэльнікавай
Беларускі рэпертуар
Аўгіння (“У пушчах Палесся” Я. Коласа); Броня, Клава ( “З народам”, “Мілы чалавек” К. Крапівы); Куліна (“Людзі на балоце” І. Мележа); Уладзіслава Францаўна (“Шчасце паэта” В. Віткі).
Рускі класічны рэпертуар
Ларыса, Глафіра, Лябёдкіна, Глумава (“Беспасажніца”, “Ваўкі і авечкі”, “Позняе каханне”, “На ўсякага мудраца хапае прастаты” А. Астроўскага); Люба (“Апошнія” М. Горкага); Ксенія (“Разлом” Б. Лаўранёва); Аксана (“Гібель эскадры” А. Карнейчука); Аня (“Сям’я” А. Папова); Надзея, Забеліна (“Чалавек з ружжом”, “Крамлёўскія куранты” М. Пагодзіна); Люба Шаўцова (“Маладая гвардыя” А. Фадзеева).
Замежны рэпертуар
Сюзана (“Жаніцьба Фігара” П. Бамаршэ); фру Ліндэ (“Нора” Г. Ібсена); мадмуазель Куку (“Безыменная зорка” М. Себасцьяна), Бабуля (“Дзверы стукаюць” М. Фермо).

Узнагароды
Прысвоена званне народнай артысткі Беларусі ў 1957 годзе.
Адзначана двума ордэнамі “Знак Пашаны” і шматлікімі медалямі.
16 верасня 2004 года ў паштовае абарачэнне ўведзена паштовая картачка з арыгінальнай маркай, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Р.М. Кашэльнікавай. На картачцы адлюстраваны партрэт актрысы, сцэна з п’есы “Паўлінка”, тэатральныя маскі.

Пра сваю калегу ўспамінае народная артыстка Беларусі Марыя Георгіеўна Захарэвіч:
— Першае, што хачу адзначыць, гэта тое, што Раіса Мікалаеўна вельмі адказна рыхтавалася да спектакляў, асабліва, памятаю, гэта праявілася пры ўдзеле яе ў пастаноўцы “Дамы и гусары” – грым рабіўся недзе гадзіны паўтары. Увогуле яна вельмі сачыла за сабой, займалася фізкультурай. Па характару свайму не была гаварлівай, ні разу я не чула яе выступленняў на сходах калектыву, аднак умела за сябе пастаяць. У мяне з ёй былі даверлівыя адносіны, я мела доступ у яе дом, а гэта аб многім гаворыць. Што ж датычыць творчай дзейнасці, то Кашэльнікава была актрысай ад Бога.
Здавалася, з гадамі яна яшчэ мацней узрушвала гледачоў сваім майстэрствам і высакароднасцю аблічча. Для мяне яна – вялікі творца і вялікая жанчына, моцная і валявая, якая засталася вернай акцёрскай прафесіі.

Клаўдзія Босак.
Аўтар выказвае падзяку загадчыцы літаратурнай часткі Нацыянальнага
акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Вользе Уладзіміраўне Бабковай за прадастаўленыя фотаздымкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *