Дапамога залежыць ад ініцыятывы


9 снежня ў зале пасяджэнняў райвыканкома адбылося пасяджэнне “круглага стала” на тэму “Магчымасці праекта “Тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё рэгіёнаў, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС па падтрымцы існуючых і стварэнню новых рабочых месц і дадатковых магчымасцей павышэння даходаў”. Асноўныя задачы мерапрыемства – інфармаванне зацікаўленых бакоў аб пачатку рэалізацыі праекта і ўстанаўленне партнёрства ў яго рамках; абмеркаванне пытанняў узаемадзеяння праекта з мясцовымі органамі ўлады па вырашэнню праблем занятасці насельніцтва і павышэння яго даходаў у сельскай мясцовасці ў рэгіёнах, пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС, а таксама абмеркаванне магчымых механізмаў фінансавання, бізнес-ініцыятыў мясцовага насельніцтва як сродкаў самазанятасці і крыніцы даходаў.

“Круглы стол” праходзіў у рамках пілотнага праекта ЕС/ПРААН (гэтая абрэвіятура азначае Еўрапейскі саюз – Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый). Праектнымі тэрыторыямі з’яўляюцца Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Жыткавіцкі і Хойніцкі раёны Гомельскай вобласці.

Адкрыў і вёў пасяджэнне дырэктар Гомельскага рэгіянальнага агенцтва эканамічнага развіцця В.А. Буры. З прывітальным словам да сабраўшыхся ў зале ўдзельнікаў звярнулася галоўны саветнік старшыні Гомельскага аблвыканкома М.У. Філонава, якая адзначыла, што інтарэс абласной улады да гэтага праекта вельмі вялікі. Маюцца напрацоўкі яго рэалізацыі ў Веткаўскім раёне, дзе мясцовым насельніцтвам было ініцыіравана будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі коштам 40 тысяч долараў, а зараз вядзецца рэканструкцыя жылога дома. Гомельская вобласць з’яўляецца “піянерам” у рэалізацыі праекта, а дасягнуты вопыт мяркуецца перадаць іншым раёнам Беларусі, маючым аналагічныя параметры развіцця і якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС.

Кіраўнік праекта А.В. Пінігін падкрэсліў, што мэтай праекта з’яўляецца менавіта актывізацыя ўдзелу мясцовага насельніцтва ў вырашэнні канкрэтных сацыяльна-эканамічных праблем пацярпеўшых рэгіёнаў. Ставіцца задача стварэння ў вызначаных раёнах працуючай мадэлі ўзаемадзеяння грамадзян паміж сабой, а таксама з мясцовымі органамі кіравання і іншымі арганізацыямі з мэтай вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем свайго населенага пункта пасрэднасцю распрацоўкі і рэалізацыі мясцовых праектных ініцыятыў, у тым ліку звязаных са стварэннем рабочых месц і крыніц даходаў. Працягласць праекта – з ліпеня 2009 года па снежань 2010-га. Бюджэт праекта складае 1504259 еўра. Ен не арыентаваны на інвестыцыі: прыярытэтным з’яўляецца  кансультацыйны, асветніцкі напрамак. Важна навучыць патэнцыяльных удзельнікаў праекта правільна скласці бізнес-план, які выносіцца на разгляд каардынацыйнага савета. Пасля вывучэння эканамічных параметраў саветам будзе вырашацца пытанне аб аказанні фінансавай дапамогі. Прычым 50 працэнтаў яе складаюць сродкі ўдзельніка праекта. Калі ініцыятыва зыходзіць ад насельніцтва, можна прыцягнуць сродкі, заробленыя, напрыклад, на раённым суботніку. А ў адкрыцці малога бізнесу значныя прэферэнцыі аказвае дзяржава. Гэта і беспрацэнтныя пазыкі, якія прадастаўляе служба занятасці, і значныя паслабленні ў падатковых пытаннях. Арганізацыяй, адказнай за ажыццяўленне праекта, з’яўляецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі па развіццю малога бізнесу ў сельскай мясцовасці гаварыла начальнік аддзела прадпрымальніцтва, намеснік старшыні камітэта па эканоміцы Гомельскага аблвыканкома М.М. Крывунь. Актуальныя праблемы занятасці і шляхі іх вырашэння асвятліла начальнік упраўлення занятасці камітэта па працы і занятасці аблвыканкома С.В. Іванова. Як абстаяць у гэтым напрамку справы ў Хойніцкім раёне, падрабязна расказаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкома В.С. Васькевіч. Дырэктар Мазырскага бізнес-цэнтра З.М. Змушка падзялілася вопытам сваёй работы, а намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкома акрэсліў праблемы развіцця аграэкатурызму.

Адна з галоўных мэт праекта – прадастаўленне  найбольш уразлівым групам насельніцтва ў мэтавых раёнах, у тым ліку жанчынам, моладзі, інвалідам, магчымасцей атрымання ўстойлівай крыніцы занятасці і дахода. У гэтым плане ініцыятыва насельніцтва ў рамках рэалізацыі праекта адыгрывае самую важную ролю. А будзе ініцыятыва – будзе і фінансавая падтрымка, прадугледжаная праектам ЕС/ПРААН.



Марына Уладзіміраўна Філонава, галоўны саветнік старшыні абласнога выканаўчага камітэта:

– Мне вельмі спадабалася актыўнасць удзельнікаў “круглага стала”, якія стараліся  раскрыць тэму мерапрыемства, удзельнічаючы ў дыскусіі, выказвалі канструкцыйныя прапановы наконт будучых праектаў. Тым пытанням, якія агучаны, трэба даць правільны напрамак. І першае, што трэба зрабіць, гэта стварыць рабочую камісію, якая на сваіх пасяджэннях павінна разгледзець пададзеныя заяўкі, дапамагчы аформіць неабходную дакументацыю, каб паспяхова былі вырашаны фінансавыя пытанні і былі адшуканы для гэтага патэнцыяльныя краіны-донары. Тым больш, што тэрміны рэалізацыі праектаў вельмі сціслыя. А гэта накладвае вялікую адказнасць на тых, хто захоча ператварыць свае планы ў рэальнасць.

– Андрэй Віктаравіч Пінігін, кіраўнік праекта тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця ЕС/ ПРААН:

– Першаступенная задача зараз – стварыць у кожным з вызначаных праектам раёне хаця б адну ініцыятыву, прыярытэтным напрамкам якой з’яўляецца стварэнне новых рабочых месц і крыніц даходаў для мясцовага насельніцтва. Вялікая роля ў гэтым ускладваецца на каардынатараў праекта – іх у раёнах будуць працаваць па два чалавекі,  выбраныя на пасаду на конкурснай аснове і якія павінны аказваць канкурсантам неабходную кансультацыйную дапамогу.

І чым больш насельніцтва будзе прыцягнута да ўдзелу ў праекце, тым лепш – гэта вельмі вітаецца краінамі-донарамі.

– Вадзім Пятровіч Карамзін, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкома:

– Адпачынак у вёсцы зараз прапаноўваюць многія турфірмы. І попыт на аграэкатурызм расце, у той час як яшчэ некалькі гадоў назад беларусы маглі атрымліваць асалоду ад сельскіх пейзажаў хіба толькі ва ўласным вясковым доме, у гасцях у бабулі або на дачы. Напрыклад, толькі ў Гомельскай вобласці гатовы прыняць турыстаў шматлікія аграсядзібы. Аднак не так важна іх колькасць, галоўнае – якасць прадастаўляемых паслуг. Сядзібы паступова набываюць індывідуальнасць, свой непаўторны твар. Гэта датычыць, у прыватнасці, такіх аб’ектаў на Тураўшчыне. Самае важнае тое, што падатак гаспадары сядзіб зараз плацяць мінімальны – 35 тысяч рублёў у год.

– Генадзій Георгіевіч Залатароў, дырэктар абласнога   аб’яднання інвалідаў-спінальнікаў:

– Вельмі шкада, што згодна са Статутам нельга ствараць філіялы нашага аб’яднання ў раённых цэнтрах. Аднак сувязь трымаем. І ўскладваем вялікія надзеі на гэты праект у плане працаўладкавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Падтрымка абласных улад у гэтым плане даволі адчувальная, аднак стрымлівае ажыццяўленне многіх планаў вырашэнне пытанняў безбар’ернага  асяроддзя. Не кожнае прадпрыемства можа стварыць яго для інвалідаў. Між тым, усе мы хочам, каб на нас глядзелі як на роўных: у нашым аб’яднанні ёсць людзі з рознабаковымі здольнасцямі, якія могуць і хочуць прыносіць карысць  не толькі сабе, сваёй сям’і, але і грамадству.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *