Непрыемны кантраст

Сельское хозяйство

У сельгаспрадпрыемстве “Судкова” адзінымі санітарнымі днямі з’яўляюцца кожныя аўторак і пятніца. Тое, што яны праводзяцца не дзеля галачкі, а дзеля справы, пацвердзілася ў ходзе рэйду, праведзенага па малочнатаварных фермах гаспадаркі 11 снежня. На ўсіх пяці МТФ у той дзень актыўна чысціліся кашары, кароўнікі і цялятнікі, вільготная ўборка праводзілася ў малочных блоках, даільных залах і халадзільніках,  наводзіўся парадак у бытоўках і пакоях адпачынку.

Напрыклад, парадавалі чысцінёй жывёлагадоўчыя і бытавыя памяшканні на Судкоўскай малочнатаварнай ферме, якая па праву лічыцца адной з лепшых у раёне. У кармушках кароўнікаў і новенькіх пластыкавых домікаў для цялят хапала сена, солі і вады, а па праходах паміж месцамі ўтрымання жывёлы можна было смела прагульвацца, не запэцкаўшы абутку.

Рэзкім і недарэчным кантрастам на гэтым фоне выглядаў цэх па забою жывёлы. Невялікі па памерах будынак, размешчаны на водшыбе, напэўна ўжо і не памятае, калі ў апошні раз бяліліся яго сцены і абкошвалася навокал сухое ўжо пустазелле. Добра, што ранішні марозчык прыхапіў слоту і гной, а так дабрацца да яго дзвярэй было б праблематычна. А ў дадатак да ўсяго, у канаве непадалёку ад будынка валяліся  адходы забойнага промыслу.

Больш парадку стала на жывёлагадоўчым комплексе ў Дворышчы. Усе будынкі абкошаны, вычышчанымі выглядалі і кашары. Непрыемныя ўражанні пакінулі толькі вялізныя бурты гною, аднак гэта бяда ўсіх пяці ферм гаспадаркі: як растлумачыла галоўны заатэхнік Н.У. Вароніна, для вывазкі арганікі пакуль што хранічна не хапае дызпаліва.

На тэрыторыі комплексу месціцца і збожжасклад, непадалёку ад якога ўзвышаюцца рэшткі старога вентыляцыйнага і іншага абсталявання і якое даўна патрэбна было б вывезці.

Рэшткі ржавага металалому можна пабачыць і на пад’ездзе да МТФ у Клівах. А вось пад’езд да Паташэнскай фермы ў хуткім часе павінен набыць куды больш цывілізаваны выгляд: яміны і ўхабы будуць засыпаны пяском, на які плануецца пакласці бетонныя пліты.

Не ўзнікла пытанняў па санітарнаму стану Казялужскай МТФ. А ў шэраг непрыемных сюрпрызаў можна залічыць той факт, што па-ранейшаму няспынна льецца вада з воданапорнай вежы каля цялятніка ў Клівах, аб чым ужо паведамляла наша газета ў № 95 ад 9 снежня (публікацыя “Максі-праблемы міні-палігонаў”). І сапраўды: колькі вады ўцякло з таго часу?


Члены рэйдавай групы:
І.ДУБІНКА, начальнік раённай інспекцыі
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
В. НАЗАРАНКА, карэспандэнт “ХН”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *