Святы абавязак — Радзіму абараняць


Дзень абаронцаў Айчыны – гэта свята многіх пакаленняў, тых, хто абараняў маладую Савецкую Рэспубліку, Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і тых, хто пасля стаяў і стаіць на абароне мірнага жыцця.

Гэта свята сапраўдных мужчын. Напэўна, няма сям’і, працоўнага калектыву, якія б не адзначалі гэты дзень, не віншавалі пасівелых ветэранаў і тых, хто ўжо ў мірны час праходзіў або праходзіць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

На Хойнікшчыне мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, пачаліся задоўга да  23 лютага з сустрэч прадстаўнікоў маладога пакалення з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-афганцамі, у школах прайшлі спартакіяды, конкурсы, віктарыны, не засталіся ў баку работнікі Дамоў культуры і клубаў.

Галоўнае ж ушанаванне мужчын прайшло ў панядзелак 23 лютага ў дзіцячай школе мастацтваў. Ветэраны, служыўшыя некалі ў арміі, маладыя юнакі, якім яшчэ прадстаіць стаяць на варце Айчыны. Армія патрэбна заўсёды, яна – наша ўпэўненасць у абароназдольнасці і  спакоі мірнай працы.

З кароткай прамовай да прысутных звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна, адзначыўшы, што Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – асаблівае свята для нашай краіны, свята мужнасці, адданасці Радзіме і пераемнасці пакаленняў. На долю беларускага народа выпала нямала выпрабаванняў. Таму наш абавязак заўсёды памятаць аб тых воінах, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаялі насмерць за мір, спакой і незалежнасць нашай краіны.

Галіна Мікалаеўна шчыра і сардэчна павіншавала прысутных у зале са святам, пажадала здароўя, шчасця, мірнага неба над галавой.

А затым адбыўся святочны канцэрт, удзел у якім прымалі самадзейныя артысты раённага Дома культуры, ГЦКіС, дзіцячай школы мастацтваў і самыя маленькія артысты – выхаванцы дзіцячага сада № 4 “Васілёк”.


Уладзімір СЯМЁНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *