Для людзей


Наш сельскі выканаўчы камітэт адной з галоўных задач сваёй дзейнасці лічыць работу з людзьмі, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, задавальненне іх просьб і запатрабаванняў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовага органа ўлады. За 11 месяцаў сёлета ў сельвыканком паступіла 97 зваротаў ад грамадзян. З пісьмовымі заявамі звярнуліся 28 чалавек. Адказы заяўнікі атрымалі таксама ў пісьмовай форме.

За студзень-лістапад выдадзена 866 даведак, у асноўным аб месцы жыхарства і саставе сям’і. Аб вядзенні падсобнай гаспадаркі выдадзена 288 даведак.

З пачатку года ў сельскім Савеце зарэгістравана 5 шлюбаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы злучылі свае лёсы ў адзін дзве пары: галоўны ветурач КСУП імя Мележа Аляксандр Васільевіч Аніскавец і навучэнка Калінкавіцкага аграрнага каледжа Марына Мікалаеўна Юшкевіч, а таксама вадзіцель сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Віктаравіч Кудрыцкі і аграном гаспадаркі Марына Мікалаеўна Богдан.

Было выдадзена 13 пасведчанняў аб нараджэнні. Крыўдна, але пасведчанняў аб  рэгістрацыі смерці значна больш – 30. Былі два выпадкі ўстанаўлення бацькоўства.

Праведзена 29 натарыяльных дзеянняў. Гэта ў сваёй большасці афармленне даверанасцей на атрыманне пенсій і дзіцячых дапамог. Выдадзены дзве генеральныя даверанасці. Займаемся афармленнем пашпартоў: усе неабходныя для гэтага дакументы адвозім у райаддзел унутраных спраў у групу па грамадзянству і міграцыі. Калі пашпарты зроблены, прывозім іх законным уладальнікам.

Калі прааналізаваць змест зваротаў, то больш усяго іх паступіла на выдзяленне зямельных участкаў, паляпшэнне жыллёвых умоў. Звярталіся людзі і па пытаннях набыцця паліва на зіму, рамонту водаправода, асвятлення вёсак. Мы звязваліся з адпаведнымі службамі і па меры магчымасці вырашалі гэтыя пытанні.

Ніколі не забываем пра нашых землякоў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Да Дня Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі заўсёды віншуем нашых ветэранаў-вызваліцеляў. Сёлета кожнаму з іх – жыхарам в. Глінішча Міхаілу Сямёнавічу Кудрыцкаму, Тунеўшчыны – Івану Фёдаравічу Дземчанку і Платону Афанасьевічу Ярашу, Дубровы – Сяргею Сцяпанавічу Бандарчуку, Слабажанкі – Канстанціну Васільевічу Кудрыцкаму, Хвойнае – Васілію Іванавічу Шалкоўскаму і прыроўненаму да ўдзельнікаў вайны Канстанціну Іванавічу Бельскаму – на дом былі завезены віншавальныя паштоўкі і харчовыя наборы.

Трэба адзначыць, што сельвыканком не абмяжоўваецца толькі прыняццем рашэнняў па таму ці іншаму пытанню, але і вядзе строгі кантроль за іх выкананнем.


Т.  ПІЛІПЕЙКА,
сакратар Алексіцкага сельскага выканаўчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *