Цягне зона, як магніт


За 11 месяцаў сёлета супрацоўнікамі сектара аховы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка складзена 120 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях правіл нарыхтоўкі, збору або закупкі грыбоў, іншых дзікарослых раслін і іх частак, правіл рыбалоўства, патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі ў мясцінах, якія найбольш падвергліся радыяцыйнаму забруджванню. З іх па Хойніцкаму ўчастку запаведніка – 46 пратаколаў, Брагінскаму – 34, Нараўлянскаму – 40. Судамі разгледжаны і вынесены пастановы, сума штрафаў па іх склала 45 мільёнаў рублёў.

Прывяду апошнія ўстаноўленыя злачынствы і пакаранні. Так, 10 лістапада 2009 года ў выселенай вёсцы Кажушкі Хойніцкага раёна быў знойдзены матацыкл МТ-10 без гаспадара. Транспартны сродак быў дастаўлены на кантрольна-прапускны пункт “Новапакроўск”, а праз некалькі дзён аб’явіўся яго ўладальнік, жыхар Хойнік У.Л. Палхоўскі. За пранікненне ў спецыяльна абмежаваную зону радыяцыйна-забруджанай мясцовасці судом вінаваты аштрафаваны на 350 тыс. руб.

12 лістапада ў выселенай вёсцы Радзін Хойніцкага раёна былі затрыманы жыхары  Брагінскага раёна А.І. Кананок і В.Ф. Бордак. Яны будавалі пераправу праз меліярацыйны канал, каб потым правозіць металалом з забруджанай радыяцыяй тэрыторыі. За паўторнае пранікненне ў зону на працягу года кожны аштрафаваны на 700 тыс. руб.

2 снежня пры правядзенні супрацоўнікамі РАУС ахоўна-рэжымных мерапрыемстваў на тэрыторыі запаведніка быў затрыманы жыхар Хойнік А.М. Скіданенка, прычым на матацыкле МТ-10, які ў мінулым месяцы ўжо дастаўлялі з зоны на КПП “Новапакроўск”, на гэты раз яго даставілі ў РАУС. За парушэнне ч.2 арт. 16.3 КаАП Рэспублікі Беларусь парушальнік судом Хойніцкага раёна аштрафаваны на 350 тыс. руб.


А. БОНДАР,
загадчык сектара аховы АЛГіА ПДРЭЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *