Экспертнай службе — 90 годУсе — энтузіясты справы


1 сакавіка 1919 года ў Цэнтрвышуку пачаў функцыяніраваць кабінет судовай экспертызы, які стаў першым экспертным падраздзяленнем у органах унутраных спраў.

Загадчыкам кабінета быў назначаны П.С. Семяноўскі. У штат уваходзілі 6 чалавек: акрамя загадчыка, фатограф, справавод і тры канторшчыкі. Асноўную работу выконвалі эксперты-кансультанты, якія запрашаліся для вытворчасці канкрэтных экспертыз. У 1922 годзе кабінет быў ператвораны ў НТА, для развіцця службы і набыцця апаратуры НКУС выдзеліў 20 тысяч рублёў золатам.

На працягу 30-х і 40-х гадоў мінулага стагоддзя адкрыты навучальныя ўстановы па падрыхтоўцы экспертаў, НДІ крыміналістыкі з пяццю лабараторыямі,  таксама павялічаны штат экспертаў. У 1948 годзе НТА і НТГ былі выдзелены з састава аператыўных аддзелаў і сталі самастойнымі падраздзяленнямі – упраўленнямі міліцыі.

У 1949 годзе ва ўпраўленні міліцыі Гомельскай вобласці была створана навукова-тэхнічная група пад кіраўніцтвам М.А. Шаўцова. Выпускнік курсаў экспертаў-крыміналістаў пры Вышэйшай школе міліцыі МДБ СССР у г. Маскве лейтэнант міліцыі І.В. Усікаў у 1953 годзе ўзначаліў НТГ упраўлення міліцыі УМУС Палескай вобласці ў г. Мазыры, а з 1954 па 1959 год ён узначальваў навукова-тэхнічнае аддзяленне (НТА) упраўлення міліцыі УМУС Гомельскай вобласці. Потым працяглы час працаваў начальнікам УУС. Пад яго кіраўніцтвам на Гомельшчыне працавалі энтузіясты сваёй справы, былыя франтавікі І.Н. Палякоў, М.К. Суражскі, І.І. Коцур, І.А. Бадзяляка, М.В. Дацэвіч. Яны былі першымі, хто асвоіў усе віды крыміналістычных экспертыз і навучыў наступныя пакаленні экспертаў: М.Я. Протчанку, І.І. Бічанкова, М.Я. Назаранку, М.В. Вішнеўскага.

Да 1983 года ў Гомельскай вобласці былі створаны і паспяхова працавалі эспертныя падраздзяленні ў Мазыры, Рагачове, Рэчыцы, Светлагорску, Жлобіне, Хойніках.

Першым эспертам-крыміналістам у Хойніцкім РАУС быў С.П. Гаруля, якога ў 1988 годзе змяніў старшы эксперт-крыміналіст У.А. Машэўскі, які ўнёс вялікі ўклад у расследаванне злачынстваў. Пайшоў Уладзімір Аляксандравіч на заслужаны адпачынак у 2004 годзе.

З красавіка таго ж года тут служаць старшы эксперт-крыміналіст, маёр міліцыі А.А. Сабадаш і эксперт-крыміналіст старшы лейтэнант А.У. Кудака, якія ўносяць важкі ўклад у раскрыццё злачынстваў і расследаванне крымінальных спраў.

Карыстаючыся выпадкам, віншую іх з прафесійным святам, а таксама ўсіх, хто сумленна нёс нялёгкую і карпатлівую службу. Здароўя, шчасця, міру і дабрабыту!


Д. ТОЛМАЧ, в.а. намесніка начальніка РАУС па кадрах.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *