Цвёрдая гарантыя


Наўрад ці знойдзецца ў нашай рэспубліцы рэгіён, дзе не было б беспрацоўя. Існуе яно і ў нашым раёне. Аднак на фоне Гомельскай вобласці розніца амаль не адчувальная: узровень беспрацоўя ў нас складае 1 працэнт пры сярэднеабласным – 1,1.

Сітуацыя на рынку працы ў раёне на сённяшні дзень такая, што кожны пры жаданні можа працаўладкавацца. У горадзе рынак працы з’арыентаваны перш за ўсё на кваліфікаваныя прафесіі. Патрэбны электрыкі, дахаўшчыкі, муляры, прадаўцы, повары, слесары, электрагазазваршчыкі. Асаблівая патрэбнасць у кадрах інжынераў – іх для працы на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах патрабуецца зараз 11 чалавек. Не хапае ўрачоў, а таксама ветурачоў, заатэхнікаў. А вось што датычыць некваліфікаваных спецыяльнасцей, то ў горадзе нават прыбіральшчыцай працаўладкавацца вельмі складана, зараз практычна немагчыма, а на сённяшні дзень з 94 беспрацоўных 53,7% складаюць жанчыны.

Бясспрэчна, у нашым раёне ёсць людзі, якія ў сілу абставін аказаліся на “абочыне” жыцця. Такім у цэнтры занятасці насельніцтва стараюцца дапамагчы. У першую чаргу накіроўваюць на пераабучэнне, арыентуюць грамадзян на атрыманне такіх прафесій, якія карыстаюцца большым попытам. Так, на перанавучанне сёлета быў накіраваны 31 чалавек пры заданні 30, пад заказ наймальнікаў набывалі спецыяльнасць 17 чалавек, 25 атрымалі рабочыя спецыяльнасці. 23 чалавекі ўжо працаўладкаваны.

Для асобных катэгорый беспрацоўных – сацыяльна неабароненых або неканкурэнтаздольных – па рашэнню райвыканкома ўстаноўлена браня. На сёлетні  год яна складае 30 рабочых месц. Прадугледжана працаўладкаваць, у прыватнасці, 6 чалавек, якія вярнуліся з месц турэмнага зняволення, 10 асоб, якія павінны пакрываць дзяржаве расходы за ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей, 3 чалавек, звольненых з ваеннай службы і столькі ж інвалідаў, 7 маладых чалавек. Увогуле, за студзень-лістапад удалося з дапамогай службы занятасці працаўладкаваць 237 чалавек пры гадавым заданні 240. Да канца года пытанне вырашыцца поўнасцю.

Але як жа дапамагчы астатнім? Увагу удзяляюць самазанятасці. Калі чалавек вырашыў адкрыць сваю справу, то яму прадастаўляецца беспрацэнтная пазыка ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Сума не вельмі вялікая, каб адкрыць гандаль на рынку, але аказваць дробныя паслугі насельніцтву яе на першым часе дастаткова. 5 беспрацоўных сёлета выказалі жаданне атрымаць пазыку, і ў цэнтры пайшлі ім насустрач.

Значна большая фінансавая дапамога прадастаўляецца тым прадпрыемствам, якія ствараюць рабочыя месцы. У гэтым плане выдзяляецца КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, якія выкарыстаў дзяржаўную дапамогу для стварэння 10 рабочых месц.

Добра зарэкамендавала практыка накіроўвання жадаючых на часовыя сельскагаспадарчыя работы. Таксама працавалі беспрацоўныя ў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года на рамонце школьных памяшканняў. Усяго на грамадска-аплачваемых работах былі заняты 233 чалавекі.

Такім чынам, спецыялісты раённага цэнтра занятасці робяць ўсё магчымае для працаўладкавання людзей. Пэўную дапамогу аказвае і дзяржава. Справа толькі за самімі беспрацоўнымі: усе залежыць ад іх жадання працаваць. Тым больш, што на сёння па гораду існуе 109, а па сельскіх населеных пунктах – 38 вакансій.


Л. ТОЛМАЧ,
намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне насельніцтва  райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *