Дораць настрой


Новы год – сямейнае свята. 31 снежня ў поўнач кожны за святочным сталом загадвае жаданне з надзеяй, што яно збудзецца. Але стала добрай традыцыяй у шэрагу прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый напярэдадні наладжваць святочныя “агеньчыкі” для сваіх калектываў. Як правіла, яны праводзяцца ў кропках грамадскага харчавання, работнікі якіх стараюцца зрабіць людзям свята, стварыць атмасферу дабра і шчасця.

У рэстаране “Палессе” навагоднія “агеньчыкі” пачынаюцца з сённяшняга дня. Кошт паслугі – 50 тысяч рублёў на чалавека. Распрацаваны тры комплексы святочнага меню, у састаў якога ўваходзяць халодныя і гарачыя стравы ў шырокім асартыменце. Па заяўках повары Н.І. Шубянок, А.У. Іўлева, Н.М. Лешчанок могуць прыгатаваць фаршыраваных парася, гуся, курыцу, наогул, усё, што заказчык пажадае. Рэстаран можа прыняць кампанію з 89 чалавек, у тым ліку банкетная зала разлічана на 18 пасадачных месц.

У рэстаране з новай святочнай праграмай перад гасцямі выступае вакальна-інструментальны ансамбль “Забароненая зона”.

Абноўленым інтэр’ерам сустракаюць наведвальнікаў кафэ “Палессе” і “Сузор’е”, дзе ўваходны кошт складае 40 тысяч рублёў на чалавека. І ў гэтых кропках грамадскага харчавання падрыхтаваліся прыемна здзівіць адпачываючых на навагоднім свяце – “фішкамі” кулінарнага стала тут з’яўляюцца курыная грудка, запечаная з сырам і ананасамі, і кальмар, запечаны з гароднінай. У “Палессі” парадуюць гасцей святочнымі стравамі повары Т.У. Мініна, Л.У. Міхаленка, А.У. Зубок, у “Сузор’і” – А.Д. Аўдзюшын. Есць у гэтых кропках і свае  дзіджэі – буфетчыцы С.М. Філончык і Н.А. Рослая.

Бяруцца заказы на правядзенне навагодніх “агеньчыкаў” і ў кафэ “Віраж”.

31 снежня, як правіла, сустракаюць новы год у рэстаране і кафэ асобныя кампаніі сяброў, блізкіх, закаханыя. Абслугоўванне праводзіцца на тых жа ўмовах, што і на “агеньчыках” арганізацый.

Галоўныя ж атрыбуты навагодніх мерапрыемстваў аднолькавыя:  святочна ўпрыгожаная зала, елачка, якая зіхаціць агнямі, утульная і камфортная атмасфера, смачныя стравы на стале, прыемная музыка, што стварае добры настрой на доўгі час.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *