І «Птушынае малако»


Рыхтавацца да Новага года калектыў кандытарскага цэха хойніцкага хлебазавода пачынае загадзя. І кожны раз стараецца парадаваць хайнічан салодкімі навінкамі.

– Не выключэнне і сёлетняе свята, – гаворыць намеснік дырэктара завода па вытворчасці Т.Д. Грамовіч. – Нашы кандытары ўкаранілі некалькі відаў салодкай прадукцыі. Адных тартоў прапаноўваем каля 30 відаў. Гэта “Ленінградскі”, “Бісквітны”, традыцыйная “Казка”, “Пяшчотны”, “Падарачны” і нават “Птушынае малако”. Да спадобы жыхароў горада і раёна, а таксама нашых гасцей прыйшліся тарты “Мокка” і “Гара самацветаў”, якія вырабляюцца з выкарыстаннем расліннай смятанкі, а элементамі ўпрыгожвання іх з’яўляюцца цукаты, жэле, шакалад.

Больш за 80 відаў кандытарскіх вырабаў выпякаюць зараз работніцы цэха, вялікі асартымент пірожных. Апошняя навінка – пірожнае пад назвай “Фруктовая палітра”.

І, канешне ж, не страчваюць сваёй папулярнасці грыбкі па-хойніцку. Увесь працэс вырабу гэтага віду салодкай прадукцыі ручны, і кандытары ўкладваюць у яго не толькі сваё ўменне, але і душу.

Для таго каб вырабы “ішлі”, афармленне іх тут стараюцца зрабіць вытанчаным, выразным, сучасным. Асноўны інструмент у гэтым – рукі кандытараў. Прыемна назіраць, як з простага кулінарнага пакета выходзяць арыгінальныя вырабы.

На святочны стол адной сям’і многа салодкіх вырабаў не патрабуецца. А калі ўзяць у маштабах раёна, то грамовая сама па сабе прадукцыя ператвараецца ў значны груз.

Але да гэтага не прывыкаць сапраўдным “асам” – кандытарам Святлане Аляксандраўне Кірыенка, якая ў мінулым годзе заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства, што праходзіў у нашым горадзе, Алене Іванаўне Паўлоўскай, бронзаваму прызёру аналагічнага абласнога мерапрыемства, Кацярыне Ігараўне Кардаш, якая працуе ў цэху не так даўно, але ўжо відаць, што прафесія кандытара – яе прызванне. Кіраўніком невялікага, але зладжанага калектыву цэха з’яўляецца здольны арганізатар вытворчасці,  кандытар з вялікім стажам работы Лідзія Дзмітрыеўна Добыш.

Традыцыйна калектыў кандытарскага цэха прадстаўляе свае вырабы на пераднавагоднія кірмашы. Так было і сёлета. Акрамя таго, выпякаліся тарты па індывідуальных заяўках.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *