Паўстагоддзя разам


Для кожнага з нас адыходзячы ў гісторыю 2009 год запомніцца па-свойму: нехта засяліўся ў новую кватэру, нехта змяніў месца работы, у некага нарадзіліся сын або дачка, унук або ўнучка. А вось для сям’і Ціткоў са Стралічава такой знакавай падзеяй стала залатое вяселле заснавальнікаў радаводу Любові Вавілаўны і Івана Акімавіча, якое юбіляры, іх сямёра дзяцей, пяцёра зяцёў, нявестка, 12 унукаў і 5 праўнукаў справілі ў маі гэтага года.

Адлік сваёй гісторыі гэтая вялікая і дружная сям’я пачала роўна паўстагоддзя назад, калі ў квітнеючым маі 1959 года маладыя Іван і Люба зарэгістравалі свой шлюб у Стралічаўскім сельскім Савеце. Жаніха і нявесту яднала многае: з дзяцінства жылі па суседству, абодва з самага ранняга юнацтва працавалі ў родным калгасе і, нарэшце, тое што ў абодвух не вярнуліся з фронту бацькі. Да таго ж, Іван яшчэ ў 17-гадовым узросце страціў маці і жыў у сям’і старэйшага брата Віктара.

Пасля вяселля маладыя абсталяваліся ў доме цешчы. Любоў Платонаўна прыняла зяця як роднага сына і ставілася да яго па-мацярынску пяшчотна. Ішлі гады, паступова наладжваўся быт маладой сям’і, расла і хатняя гаспадарка. З маленства прывучаныя да нялёгкай сялянскай працы, Іван і Люба трымалі на сваім падворку карову, свіней, трусоў, кур, гусей і качак. Уся гэтая жыўнасць патрабавала нямала часу і сіл, аднак свая гаспадарка дапамагала цвёрда трымацца на нагах паступова колькасна ўзрастаючай сям’і. Шасцёра дочак і сына выхавалі Іван Акімавіч і Любоў Вавілаўна. Дзеці раслі ў ладзе і згодзе, а старэйшыя не толькі прыглядвалі за малодшымі, але і самі паспяхова спраўляліся па гаспадарцы, нават дапамагалі бацькам на працы ў калгасе.

Да самага выхаду на пенсію Любоў Вавілаўна была паляводам, а Іван Акімавіч і зараз можа ганарыцца 35 гадамі безаварыйнага вадзіцельскага стажу. І на адвозцы збожжа не адно жніво ён адпрацаваў, і на корманарыхтоўцы, і на ўборцы бульбы і буракоў, і на іншых вадзіцельскіх работах. Аднак асаблівую метку пакінулі ў яго памяці першыя паслячарнобыльскія дні, калі давялося днямі і начамі вывозіць людзей, жывёлу і маёмасць гаспадарак з забруджанай радыяцыяй зоны.   

Іх родная гаспадарка некалькі разоў мяняла форму ўласнасці: спачатку была калгасам, потым стала называцца саўгасам, а ў апошнія гады набыла статус эксбазы. Аднак пры ўсіх гэтых рэформах не мянялася сутнасць хлебаробскай працы, якой Любоў Вавілаўна і Іван Акімавіч Ціткі аддавалі ўсю сваю душу.

Ужо далёка не маладыя людзі, яны і сёння апрацоўваюць прысядзібны ўчастак, а таксама 10 сотак зямлі, якую некалі выдзеліла ім эксбаза “Стралічава”. І не кожны супермаркет можа пахваліцца такім разнастайным і багатым асартыментам агароднінных і фруктовых кансерваў, салаты, варэння і джэмаў, якія кожны год нарыхтоўвае Любоў Вавілаўна для сваіх дзяцей і ўнукаў.

Яшчэ ў сярэдзіне 90-х перабраліся яны ў недабудаваны з-за аварыі на ЧАЭС катэдж, у якім на той час былі толькі голыя бетонныя сцены ды столь. Самі паступова даводзілі будынак да ладу, і сёння ў ім светла, цёпла і ўтульна.

– Абавязкова ўспомніце добрым словам былога дырэктара саўгаса “Стралічава” Мікалая Сяргеевіча Чэркаса, – папрасілі героі гэтай публікацыі. – Без яго дапамогі ў гэтым дабудоўванні мы б ніколі адны не справіліся, за што і ўдзячны гэтаму чалавеку, колькі жыць будзем.

Што ж, жывіце доўга і без хвароб, паважаныя Любоў Вавілаўна і Іван Акімавіч. На такіх як вы, сціплых, працавітых і добрых людзях трымалася і трымацца будзе зямля хойніцкая.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *