Калядкі — добрыя святкі

Образование

Каляды – адно з тых свят, якія ўвесь хрысціянскі свет чакае з асаблівай радасцю і імкнецца сустрэць як мага больш урачыста. Беларусы-католікі пачалі святкаваць Каляды з 24 снежня, а праваслаўныя – з 6 студзеня.

Увечары і на працягу ўсёй ночы другога дня Каляд па вёсках хадзілі калядоўшчыкі – невялікія групы творча настроенай моладзі разам з дамарошчаным скрыпачом, якія за добраахвотную натуральную плату прапаноўвалі гаспадарам свае віншаванні.

Гаспадарам жа належала як мага хутчэй аддзячыць самадзейнаму калектыву і падзяліцца тым, што засталося ад святочнага стала – салам, каўбасой, а часам давалі грошы. У многіх беларускіх сем’ях спецыяльна для калядоўшчыкаў пяклі невялікія булкі і пірагі.

Адпусціць калядоўшчыка з пустой торбай асмельваліся нямногія, бо ведалі, што потым “славу” пра скнару-гаспадара спевакі разнясуць па ўсёй акрузе.

Найбольш пашыраным абрадам сярод беларусаў на Каляды было ваджэнне Казы. Каза, як сцвярджаюць навукоўцы, у гэтым абрадзе ўдзельнічае менавіта таму, што яна здаўна лічылася сімвалам пладавітасці ў славян. Акрамя Казы, на Беларусі калядоўшчыкі вадзілі таксама Кабылу і Мядзведзя.

Займаліся і варажбой. Людзі сталага ўзросту пасля вячэры ішлі на двор і глядзелі, ці пратаптаны ў снезе сцежкі аж да самай зямлі і ці шмат зорак на небе. Першае абяцала добры ўраджай грэчкі, а зорнае неба – прыстойны прыплод у свойскай жывёлы. Голле дрэў у інеі – ураджайны год на садавіну, а адліга ў гэты дзень сведчыла пра раннюю вясну і шчодрае лета. Па даўжыні выцягнутай з-пад каляднага абруса сяніны можна было таксама меркаваць пра ўраджай.

Аднак пакуль старыя людзі варажылі пра ўраджай, гаспадарку ці надвор’е, дзяўчат цікавілі зусім іншыя пытанні. Яны хацелі даведацца, ці выйдзе дзяўчына ў гэтым годзе замуж, як будуць зваць будучага мужа, ці будзе ён спакойным і разважлівым.

На Каляды праводзілі вечары з танцамі, гульнямі і загадкамі.

Трэцяя, Праводная, куцця завяршала, праводзіла Каляды і, як і першая, была поснай. Перад апошняй вячэрай гаспадар браў крыж, кашу, хлеб і акрапляў іх асвечанай вадой пры дапамозе крапіла з жытнёвых каласоў. На ўсіх варотах, вокнах, дзвярах і сценах маляваліся крыжыкі, якія павінны былі спужаць нячыстую сілу. Вячэра не была доўгай: чым хутчэй паясі, тым хутчэй увосень управішся з палявымі работамі, каб спакойна чакаць наступных Каляд.


Падрыхтавала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *