Прывітанне з 38-га


Сапраўдны рарытэт папоўніў музей рэдакцыі “Хойніцкія навіны” – нумар  газеты “Ленінскі сцяг” за 8 жніўня 1938 года, адшуканы работнікамі раённага вузла сувязі пры прыёмцы дакументаў Звеняцкоўскага паштовага аддзялення. Даваенныя падшыўкі “ЛС” не захаваліся, таму такі экспанат вельмі каштоўны.

У сёмы год свайго выдання газета выходзіла на дзвюх палосах такога ж фармату, як і цяпер. Першая поўнасцю прысвечана ваенным дзеянням, якія вялі японскія войскі каля возера Хасан: вялікі матэрыял ТАСС, паведамленне штаба першай прыморскай арміі. Пад рубрыкай “Прэч крывавыя рукі японскіх імперыялістаў ад свяшчэнных граніц Савецкага Саюза” змешчаны водгукі на гэтую падзею рабочых і служачых саўгаса “Перамога сацыялізма”, якія асуджаюць правакацыю японскай ваеншчыны на далёкаўсходняй граніцы.

На другой паласе змешчана падборка матэрыялаў аб ходзе ўборкі збожжавых культур, называюцца імёны стаханаўцаў, сярод іх камбайнер саўгаса “Судкова” Ядчанка, які ўбраў 110 гектараў і зарабіў 325 рублёў.

Газета багата на крытычныя матэрыялы. Жыхары вёскі Стралічава абураюцца маруднымі тэмпамі правядзення радыёфікацыі населенага пункта. Заатэхнік калгаса “Чырвоны Бор” (Велікаборскі сельсавет) выкрывае антыкалгасныя дзеянні намесніка старшыні гаспадаркі Дземідзенкі, які выдзеліў паўгектара сенажаці для сенакашэння калгаснікам для сваёй жывёлы ў той час, калі засталіся няўбранымі больш за 300 грамадскіх гектараў, згніло ў радах каля 20 гектараў сена.

Піянерважатыя Бурдзецкі і Бейлісон абураюцца тым, што дзіцячыя сеансы ў РСДК (раённы дом сацкультуры) не служаць мэце культабслугоўвання, а з’яўляюцца здзекам над дзетварой: у зале шумна, ніхто не сочыць за парадкам, карціна дэманструецца сяк-так. І робіцца вывад: РДСК праследуе толькі камерцыйныя выгоды.

 Вядома, што час не стаіць на месцы, і зараз сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і рэгіянальныя, знаходзяцца на зусім іншым прафесійным узроўні. Аднак пазнаёміцца з газетамі, якія выходзілі на пачатку стварэння, заўсёды цікава.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *