Па ўсіх напрамках вызначанай дзейнасці


Кожны наступіўшы год – гэта час падвядзення вынікаў зробленага ў кожным працоўным калектыве ў папярэднім і вызначэння задач на бліжэйшую перспектыву. Традыцыйна нязменна высокім застаецца індэкс грамадскай увагі да работы жыллёва-камунальнай службы. КЖУП “Хойніцкі камунальнік” – гэта прадпрыемства, якое займаецца па-сапраўднаму дамашнімі справамі ўсіх нас, клапоціцца аб камфорце і ўтульнасці ў жыллёвым фондзе, прыгажосці і парадку на дваровых тэрыторыях. Больш таго, ажыццяўляе рамонт і тэхабслугоўванне прыбораў уліку, вядзе кантроль і рэгуляванне падачы вады і цеплавой энергіі, аказвае бытавыя паслугі насельніцтву. Аб рабоце падначаленага калектыву па ўсіх напрамках вызначанай дзейнасці размова карэспандэнта “ХН” з дырэктарам КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкіным.

– Андрэй Мікалаевіч, аб эфектыўнасці любой вытворчасці, канешне, найлепшым чынам гавораць лічбы. Хацелася б даведацца, як камунальнікі папрацавалі ў 2009 годзе.

– Забяспечана большасць з заданняў па дасягненню паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, па энергазберажэнню выкананне склала мінус 14,3% пры заданні мінус 11,5%. Эканомія ўмоўна-энергетычных рэсурсаў склала 1110 тон умоўнага паліва. Уведзена 1600 кв. м агульнай плошчы жылля пасля капітальнага рамонту пры заданні 1500 кв. м.

У 2009 годзе ўдалося істотным чынам абнавіць машынна-трактарны парк спецыяльнай тэхнікай. За кошт сродкаў па чарнобыльскай тэматыцы набыта яе на суму 1,6 мільярда рублёў, за ўласныя сродкі на суму 107 мільёнаў рублёў. Гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы выканання работ па капітальнаму рамонту і будаўніцтву жылля, па пракладцы водаправодных сетак і цеплатрасы, аптымізаваць дзейнасць нашага будаўніча-мантажнага цэха па аказанню паслуг насельніцтву.

Заменена 6,7 км цеплавых сетак пры гадавым заданні 3,7 км. Тэмп росту вытворчасці работ і паслуг склаў 130% пры заданні 108. Асвоена інвестыцый у асноўны капітал у аб’ёме 170% пры плане 125.

Аднак прадпрыемствам недавыкананы паказчыкі па аказанню дадатковых платных паслуг насельніцтву – 297,5 млн. руб. пры заданні 409,7 млн. руб.; рэнтабельнасці – 0,3% пры заданні 1,1%; скарачэнню дэбіторскай запазычанасці юрыдычных асоб, якая склала 918 млн. руб. (на 1 студзеня 2008 г. – 773,2 млн. руб.). Дэбіторская запазычанасць па добраўпарадкаванню павялічылася на працягу мінулага года са 187,1 млн. руб. да 430 млн. руб. Вырашэннем гэтых задач будзем займацца ўшчыльную.

– Якім аб’ектам летась надавалася першачарговае значэнне?

– Закончаны капітальны рамонт дома № 2 па вуліцы Церашковай райцэнтра і пачаты аналагічныя работы па дому № 15 па вуліцы Першамайскай, якія павінны закончыцца сёлета. Таксама пачаты рамонт даху дома № 17 па вуліцы Калесніка. Па бягучаму рамонту адрамантавана больш за 6 тысяч кв. м даху. Выраблена дакументацыя на капітальны рамонт дома № 6 па вуліцы Юбілейнай.

Выкананы работы па газіфікацыі дома № 4 па вуліцы Маладзёжнай аграгарадка Судкова. Праведзены капітальны рамонт артсвідравін і водаправода ў вёсках Паселічы, Казялужжа, Глінішча, Судкова, Дворышча, Вялікі Бор. У аграгарадку Стралічава ўведзена ў эксплуатацыю кацельня з катлом на мясцовых відах паліва, на 2010 год запланавана замена тут паравога катла на газавы.

Многае зроблена ў плане добраўпарадкавання, гэта, думаю, маглі ўжо ацаніць жыхары.

– Якія першачарговыя задачы на год сёлетні?

– Хачу сказаць, што прадпрыемству выдзелена 5,5 мільярда рублёў на замену магістральных цеплавых сетак у мікрараёне “Юбілейны”. Набыта абсталяванне на суму 2,5 мільярда рублёў для рэканструкцыі сетак цеплазабеспячэння ад кацельні па вул. Савецкая, 82, да вул. К. Маркса з пераключэннем нагрузак па ацяпленню ад рамонтнага завода, работы будуць выкананы да наступлення летняга сезона.

 Пабудаваны дзве  артэзіянскія свідравіны на гарадскім водазаборы і заменена 5,5 кіламетра водаводаў ад артсвідравін да станцыі другога пад’ёма г. Хойнікі. Пачалася распрацоўка дакументацыі на рэканструкцыю станцыі другога пад’ёма і ачысных збудаванняў. Выраблена дакументацыя на рэканструкцыю КНС мікрараёна “Юбілейны” з заменай напорных калектараў ад КНС да ачысных збудаванняў.

Плануецца завяршэнне замены водаправода па вул. К. Маркса горада і бліжэйляжачых, ад СШ № 2 да вуліцы Чырвонаармейскай.

У сувязі з гэтым хачу сказаць некалькі слоў пра якасць пітной вады – яна ў цэлым адпавядае дзеючым у Беларусі нарматыўным санітарным нормам.

Пачаты работы па падрыхтоўцы да Дня беларускай пісьменнасці – выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны і бягучы рамонты жылога фонду па вуліцах Савецкая і К. Маркса.

– Андрэй Мікалаевіч, КЖУП “Хойніцкі камунальнік” выконвае адну з найбольш важных задач у забеспячэнні нармальнай жыццядзейнасці горада і яго людзей, у яго інфраструктуры. Але, на жаль, здараюцца і непрыемныя рэчы. Як, напрыклад, у выхадныя дні пасля Новага года, калі ў кватэрах адсутнічала вада.

– Мы няўхільна захоўваем тыя сацыяльныя стандарты, якія вызначаны ў краіне, пры давядзенні  да людзей сваіх паслуг. Калі ж часам з’яўляюцца нейкія збоі, як у гэтым выпадку, стараемся іх хутка ліквідоўваць: ад пазаштатных сітуацый ніхто не пазбаўлены. Найскладанейшы механізм вода- і цеплазабеспячэння патрабуе, каб нашы людзі неслі сваю службу штодзённа і кругласутачна. Яны на вахце нават тады, калі ўсе мы адпачываем і весялімся. І працавалі яны па ліквідацыі парыву таксама круглыя суткі, рабілі ўсё неабходнае, каб стабілізаваць паступленне вады ў кватэры хайнічан.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *