І добры настрой у прыдачу


Той, хто даўно наведваў кафэ “Палессе” ў нашым горадзе, не можа не падзівіцца пераменам, якія адбыліся тут у апошні час. Поўнасцю абноўлены інтэр’ер абедзеннай залы: новыя столікі і крэслы, прыгожыя гардзіны на вокнах, светлыя сцены, прыгожая барная стойка. Але галоўнае, што прыцягвае сюды людзей –  разнастайнасць прапаноўваемых страў, культурнае і ветлівае абслугоўванне персаналам кропкі гарачага харчавання.


Перагледжаны і распарадак рабочага дня з тым, каб людзі, якія знаходзяцца ў камандзіроўцы ў Хойніках, маглі тут і паснедаць, і паабедаць, і павячэраць. Не дзіўна, што многія з іх выказваюць свае падзячныя  думкі аб гэтым у кнізе заўваг і прапаноў. Вось адзін з запісаў за подпісам Пятра Пятровіча Палішчука з Мазыра: “Дзякую старшаму повару Тамары Уладзіміраўне Мінінай і ўсяму калектыву кафэ “Палессе” за тое, што тут выдатны сервіс, маецца вялікі выбар страў, абслугоўванне на вышыні, што вельмі важна для людзей, якія па роду сваёй службовай дзейнасці падоўгу адарваны ад дома”.

Абедаюць у кафэ і людзі, чыё месца працы ў “старых” Хойніках, а жывуць у мікрараёне “Юбілейны”: не  трэба браць з дому “тармазок”, за прымальную цану (у сярэднім тры тысячы рублёў), можна атрымаць паўнацэнны абед.

– Камбінатам грамадскага харчавання створаны належныя ўмовы для нашай работы, – зазначае Т.У. Мініна. – Усе заяўкі на прывоз прадуктаў выконваюцца своечасова і ў поўным аб’ёме. А ў абедзеннай зале для аматараў кавы нядаўна ўстаноўлены аўтамат, кубак водарнага напітку можна выпіць у любы час.

Меню, якое прапаноўваецца наведвальнікам кафэ, даволі багатае, уключае ў сябе вялікую колькасць  халодных закусак і гарачых страў. Фантазію праяўляюць повары, каб абслужыць сваіх гасцей у час правядзення масавых мерапрыемстваў. Як паказаў час, вялікім попытам карыстаюцца грудка курыная, запечаная з ананасам і сырам, шніцэль натуральны. У якасці гарніру больш рыхтуецца тушаная бульба.

Завочна знаёмы з працай работнікаў кафэ і многія сельскія жыхары раёна, якія ахвотна набываюць мясныя паўфабрыкаты, пельмені, піражкі, вырабленыя рукамі яго работнікаў, у сваіх гандлёвых кропках.

Увесь калектыў кафэ пад кіраўніцтвам старшага повара Т.У. Мінінай, а гэта повары Л.У. Міхаленка, А.У. Зубок, буфетчыцы С.М. Філончык і Н.М. Літвін, афіцыянтка  В.А. Маліцкая, кухонная рабочая А.Р. Пархоменка, штодзённа заклапочаны адной мэтай – каб чалавек, які пабываў тут,  меў жаданне прыйсці сюды яшчэ і яшчэ.


На здымку: повар Алег Уладзіміравіч Зубок і буфетчыца Святлана Міхайлаўна Філончык.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *