Міхаіл Арлоў — Герой Савецкага Саюза

Да Дня Вялікай Перамогі

ветеран ОрловНапэўна, няма на постсавецкай прасторы ніводнай сям’і, родных і блізкіх якой не закранула б у гады Вялікай Айчыннай вайны гора страт. Сёння, праз гады, засталася горкая памяць аб ваенным ліхалецці. І пакуль жыве гэтая памяць, пакуль ушаноўваем мы загінуўшых у імя Перамогі і тых, хто выжыў і перамог, ёсць надзея, што такое не паўторыцца.

Так лічаць і нашы землякі, жыхары г. Хойнікі Таццяна Анатольеўна і Пётр Фёдаравіч Лекаркіны. Абодва плённа працуюць на ніве асветы, вырасцілі і выхавалі дваіх выдатных дзяцей. У іх сямейным альбоме захоўваюцца фатаграфіі не толькі бацькоў, дзяцей, але і блізкіх родзічаў, якія набліжалі Перамогу.

Бацька Пятра Фёдаравіча – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, баявы шлях у якасці тэхніка авіяцыйнага палка закончыў у Берліне. Маці працавала на эвакуіраваным заводзе, потым – у ваенным шпіталі санітаркай. Была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне».

На жаль, бацькі памёрлі. Няма ў жывых і трох братоў і сястры маці. Леў Пятровіч Арлоў – баявы афіцэр, ордэнаносец, закончыў вайну ў званні капітана, Марыя Арлова – удзельніца фінскай вайны, у час Вялікай Айчыннай працавала ў тыле, Сяргей Пятровіч па брані працаваў на ваенным заводзе.
Асаблівая ж гордасць і гонар – старэйшы дзядзька па лініі маці ў сям’і Лекаркіных – Міхаіл Пятровіч Арлоў. Нарадзіўся ён 25 кастрычніка 1907 года ў пасёлку Ніжні Баскунчак (цяпер Ахтубінскі раён Астраханскай вобласці) у сям’і рабочага. Пасля заканчэння сямі класаў стаў працаваць памочнікам буравога майстра ў Бассольтрэсце. У пасёлку многія звязвалі працоўную дзейнасць з соледабычай, бо тамашнія азёры – багацейшая салонка былога Савецкага Саюза. А яшчэ з маладосці Міхаіл палюбіў паляванне і быў выдатным стралком.
У Чырвонай Арміі служыў з 1929 года. У 1932 годзе ўступіў у рады ВКП (б), а ў 34-м закончыў школу лётчыкаў-назіральнікаў. З першых дзён вайны Міхаіл Пятровіч на фронце.

Вось адзін характарызуючы эпізод з баявой біяграфіі Арлова таго часу. 20 кастрычніка 1941 года экіпажу М.П. Арлова была пастаўлена задача ў дзённым палёце даставіць паліва танкавай часці, якая аказалася акружанай у раёне горада Бедні. Пры праходжанні лініі фронту самалёт быў падвергнуты моцнаму зенітнаму і кулямётнаму агню праціўніка. Тым не менш, адшукаўшы месца знаходжання сваіх войск, экіпаж даставіў паліва для танкаў. Часць выйшла з акружэння. А на самалёце, пасля вяртання на аэрадром, было выяўлена 40 прабоін. За паспяховае выкананне гэтага задання члены экіпажа былі ўзнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга.

Ваяваў Міхаіл Пятровіч на Ленінградскім фронце, удзельнічаў у разгроме немцаў пад Масквой, Сталінградам, на Курскай Дузе, у зняцці блакады Ленінграда. Вызваляў Украіну, Беларусь, Польшчу, Балгарыю, Карэю, удзельнічаў у вайне з Японіяй.
Да канца лістапада 1944 года гвардыі маёр М.П. Арлоў здзейсніў 205 начных вылетаў на бамбардзіроўку важных ваенна-прамысловых аб’ектаў у глыбокім тыле праціўніка, яго аэрадромаў, скаплення войскаў.
М.П. Арлоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» штурману эскадрылі 7-га гвардзейскага авіяцыйнага палка гвардыі маёру М.П. Арлову было прысвоена 29 чэрвеня 1945 года.

Пасля вайны Міхаіл Пятровіч працягваў службу ў авіяцыі Ваенна-Марскога Флоту. У 1957 годзе пайшоў у адстаўку. Жыў у горадзе Ламаносаў Ленінградскай вобласці. Да 90-годдзя з дня нараджэння Міхаіл Пятровіч быў узнагароджаны памятным медалём ад Савета ветэранаў Араніенбаутскага плацдарма. Памёр 2 лютага 2001 года.

…Часта можна пачуць: калі б жыццё можна было пачаць занава, я пакінуў бы ў ім усё, што ўжо было. Наўрад ці знойдзецца чалавек з такім выказваннем, які прайшоў вайну, бо ў ёй столькі жорсткасці і страшнага.

Па ўспамінах П.Ф. Лекаркіна, які сустракаўся пры жыцці з дзядзькам М.П. Арловым, знешне той ніколі не глядзеў на людзей звысоку, па-геройску. Гэта быў просты, нават задужа мяккі і сціплы чалавек. Аднак у грозную часіну сваёй краіны жыў і дзейнічаў ён па-геройску, званне ж Героя задарма не прысвойвалі.

М. БЛІШЧ, намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *