Добрай службы, салдаты!


У сёлетні зімовы прызыў 30 хайнічан адправяцца служыць ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Іх, будучых абаронцаў Айчыны, ушаноўвалі на ўрачыстым мерапрыемстве, арганізаваным раённым камітэтам БРСМ, якое адбылося ў сярэдняй школе № 3 г. Хойнікі.

Са словамі пажаданняў поспеху і добрай службы да юнакоў звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна, ваенны камісар І.Д. Ніслоўскі, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М.С. Скрыпчанка, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” М.В. Гапоненка, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкома І.С. Панчанка.

Святочную канцэртную праграму для будучых салдат падрыхтавалі выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў і работнікі культуры. Першы сакратар раённага камітэта БРСМ Л.А. Гаркуша ўручыла юнакам памятныя падарункі (на здымку).

Усе добрыя словы і пажаданні стануць надзейнай падтрымкай нашым землякам на месцах іх службы. 13 чалавек будуць аддаваць свой доўг Радзіме ў сталіцы Беларусі: трое трапілі ў асобную спецыялізаваную міліцэйскую брыгаду г. Мінска, яшчэ 10 – у 310-ю групу артылерыі. 4 юнакі апрануць форму пагранічніка ў г. Смаргоні. 13 прызыўнікоў адправяцца несці службу ў 38-ю асобную мабільную брыгаду г. Брэста.

Няхай паўтара года службы пройдуць для юнакоў у добразычлівай атмасферы, побач з надзейнымі сябрамі і справядлівымі камандзірамі, і яны вернуцца дамоў пасталеўшымі, сапраўднымі мужчынамі, якімі па праву будуць ганарыцца не толькі іх родныя і блізкія, але і ўся Хойнікшчына.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *