Стралічава ў ліку лепшых у краіне

Добраўпарадкаванне

IMG_9475Не першы год населеныя пункты нашага раёна ўваходзяць у лік лепшых па выніках рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання. Гэта стала ўжо добрай традыцыяй і пацвярджэннем прызнання той вялікай работы, што праводзіцца ў межах надання і вяскоўцамі, і гараджанамі дастойнага выгляду тым месцам, дзе мы працуем і жывём.

Па выніках агляду, які праводзіўся з 1 студзеня па 1 снежня 2014 года, у адной з катэгорый, утвораных у залежнасці ад колькасці жыхароў, пераможцай выйшаў аграгарадок Стралічава (старшыня Стралічаўскага сельскага выканаўчага камітэта Бельская Валянціна Міхайлаўна). Гэта агульная перамога раёна, у прыватнасці большасці тых, хто жыве і працуе ў Стралічаве, хто выязджаў з горада на дапамогу па добраўпарадкаванню, хто каардынаваў усе гэтыя дзеянні. Разам мы ў каторы раз пацвердзілі, што здольны на многае.

IMG_9481У гэтай жа пятай катэгорыі згодна з пратаколам пасяджэння ў намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.М. Калініна з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, унутраных спраў, аховы здароўя, адукацыі, транспарту і камунікацый, Дзяржкаммаёмасці ад 24 сакавіка 2015 года пераможцамі прызнаны аграгарадок Верцялішкі Гродзенскага раёна, пасёлак Глуша Бабруйскага раёна, вёска Зашыр’е Ельскага раёна і аграгарадок Замкі Крупскага раёна Мінскай вобласці, які, дарэчы, набраў нароўні са Стралічавам па 257 балаў.

За высокія паказчыкі, дасягнутыя ў ходзе правядзення рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання за 2014 год, населены пункт Стралічава, як і кожны пераможца пятай катэгорыі, атрымае пераходны вымпел, пасведчанне і грашовую прэмію ў памеры 800 базавых велічынь, што складае 144 мільёны рублёў. Ад гэтай сумы 70 працэнтаў грашовых сродкаў будзе накіравана на далейшае навядзенне парадку ў аграгарадку Стралічава.

Вось так пастараліся ўсім мірам, атрымалі гонар і павагу, а разам з тым і фінансавую магчымасць зрабіць новыя крокі ў навядзенні парадку на зямлі. А работы яшчэ шмат, бо, як кажуць, няма мяжы ўдасканальванню.

Ірына ЛУКАШЭНКА.
Фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *