Захапленню спортам непадуладны час і абставіны

Рэха падзеі Спорт

DSC_053226 красавіка, гарадскі стадыён, цёплы веснавы дзень. На футбольным полі – сяброўскі матч, у ліку вядуць гаспадары поля – хайнічане. Ідзе 1986 год…

Сітуацыя паўтарылася ў 29-ю гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Пад увагай гледачоў на тым жа полі, але ўжо адноўленым, сустрэліся зборныя перасяленцаў, ветэранаў футбола Хойніцкага, Нараўлянскага і Гомельскага раёнаў.

Як і ў той лёсавызначальны для соцень тысяч людзей красавіцкі поўдзень, балельшчыкі прыйшлі падтрымаць землякоў.
Адкрылі турнір намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская і дырэктар Гомельскай асацыяцыі дзяцей і моладзі У.М. Коўзелеў, якія падзякавалі ўсім сабраўшымся за тое, што аддаюць даніну павагі трагічным падзеям і не застаюцца абыякавымі да ўшанавання сваёй гісторыі.

Успамінаючы той час, варта адзначыць, што сваім прыкладам ветэраны футбола дэманструюць юным хайнічанам, як непадуладны час над захапленнем спортам. Многія футбалісты, чый узрост рашуча перасягнуў рысу ў 50 гадоў, з юнацкім запалам і націскам атакуюць вароты сапернікаў і, як у маладосці, разыгрываюць мудрагелістыя камбінацыі.

DSC_0618У ліку даўніх аматараў футбола за наш раён выступалі хайнічане Пётр Кабрусеў, Аляксандр Тарасенка, Сяргей Барысенка, Міхаіл Туравец, Аляксандр Вяргейчык і іншыя іх таварышы.
Хайнічане ўпэўнена перайгралі футбалістаў Нараўлянскага раёна з лікам 2:0. Гэтак жа рашуча прыступілі яны да матчу з гамяльчанамі. І тут поспех! Да канца гульні на электронным табло свяціўся лік 1:0 на карысць нашых землякоў.

Пакінуўшы саперніцтва на стадыёне, каманды сабраліся разам, каб наведаць помнік Смутку і хвілінай маўчання аддаць даніну павагі ахвярам чарнобыльскай бяды.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *