З эканамічным ухілам


У рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж італьянскай камунай Кашына і горадам Хойнікі наш раён наведалі каардынатар дабрачыннай асацыяцыі “АРЧЫ-690. Праект “Чарнобыль” Муньяніні Умбэрто і інжынер фірмы па дрэваапрацоўцы “Таскана-Палетс” Андрэй Рыскалін.

Візіт прадугледжваў дзве мэты – сацыяльную і эканамічную. Пасля аздараўлення ў Італіі прыехала група хойніцкіх дзяцей, яшчэ адна з гасцямі адправілася ў гэтую краіну на калядныя канікулы. Дзеля распрацоўкі магчымых інвестыцый у эканоміку раёна адбылося наведанне лесапільнага цэха Хойніцкага леспрамгаса ЗАТ “Мазырлес”.

Уражаннямі падзяліўся бізнесмен Андрэй Рыскалін:

– Сам я – расіянін, выпускнік Маскоўскага інстытута кіравання. Пераехаўшы на пастаяннае месца жыхарства ў Італію, працую ў фірме “Таскана-Палетс” з 1994 года. Гэта адно з буйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасці еўрападдонаў. У мінулым годзе іх выраблена тры з палавінай мільёна штук, тавараабарот у грашовым выражэнні склаў 35 мільёнаў еўра.

 Мы можам у межах інвестыцый паставіць у Хойнікі абсталяванне для лесапільнай вытворчасці, на якім рэальна выконваць увесь цыкл работ: ад сарціроўкі драўніны да вырабу паддонаў. Рэалізацыя праекта, канешне, пасля складання адпаведнага бізнес-плана, дазволіць павялічыць вытворчасць дрэваапрацоўкі ў вашым рэгіёне,  стварыць новыя рабочыя месцы, што таксама вельмі важна.

А пры ўкараненні новай лініі па дрэваапрацоўцы тут можна дасягаць больш высокіх вынікаў. Мы спадзяемся на ўзаемны інтарэс у вырашэнні гэтага пытання, якое ўваходзіць у агульны праект партнёрскага супрацоўніцтва.  А што гэта так, упэўніліся ў ходзе візіту.

У час знаходжання ў нашым раёне італьянская дэлегацыя наведала таксама прадпрыемствы: філіял рэспубліканскага навукова-вытворчага унітарнага прадпрыемства па дрэваапрацоўцы “Палескі”, завод “Гідраапаратура”, дрэваапрацоўчы камбінат, фабрыку мастацкіх вырабаў, дзе адбылося азнаямленне з вытворчасцю. На хойніцкім хлебазаводзе для гасцей арганізавалі дэгустацыю хлебабулачных вырабаў з мікраэлементамі, якія спрыяюць вывядзенню з арганізма радыенуклідаў, сустракаліся з работнікамі культуры раёна.

Гэты візіт, бясспрэчна, – яшчэ адзін важны крок у справе ўмацавання дружбы і дзелавога партнёрства паміж абшчынай Кашына і горадам Хойнікі.


Клаўдзія БОСАК.
На здымку: у час наведвання лесапільнага цэха.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *