На кантролі — пратакол даручэнняў


У мінулы аўторак у райвыканкоме пад старшынствам намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкома П.А. Кірычэнкі адбылося пасяджэнне абласнога арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускай пісьменнасці ў Хойніках.

Старшыня райвыканкома Аляксандр Васільевіч Бічан, адзначыўшы, што святкаванне будзе праходзіць у “старых” Хойніках, на спецыяльна падрыхтаваным плане-схеме, абазначыў асноўныя месцы яго правядзення, маршруты руху людзей, размяшчэння сцэнічных, выставачных, гандлёвых пляцовак. Больш за ўсё ў Дзень пісьменнасці, 5 верасня 2010 года, плануецца задзейнічаць цэнтральную плошчу, гарадскі парк культуры і адпачынку, вуліцу К. Маркса. 

Скрупулёзна, дэталёва абмяркоўвалі першапачатковы праект пратакола даручэнняў, сярод асноўных пазіцый якога рэканструкцыя раённага Дома культуры, стадыёна, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, былой панскай сядзібы ў гарадскім парку. Новы выгляд таксама набудзе будынак, у якім размешчаны раённая дзіцячая бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў, таксама кінатэатр “Юбілейны”, будынкі раённага вузла паштовай сувязі, СШ № 1, гасцініцы, раённай бальніцы, многія жылыя дамы, гандлёвыя кропкі. У горадзе будуць заменены ўсе кіёскі “Саюздруку”, праведзена асфальтаванне вуліц.

Па гэтых і іншых аб’ектах рэканструкцыі і капрамонту прадугледжаны крыніцы і аб’ёмы фінансавання. Але яны не канчатковыя, карэкціроўкі яшчэ будуць уносіцца. 

Каб лягчэй было выстрайваць далейшую работу, стараліся не ўпускаць і дробязі.   

У ходзе пасяджэння прапаноўваліся новыя тэмы да абмеркавання як па добраўпарадкаванню горада і малой радзімы беларускага пісьменніка І.П. Мележа – цяпер ужо аграгарадка Глінішча, так і па сцэнарыю правядзення свята. Прычым не толькі на працягу двух святочных дзён, але і тыдня напярэдадні, у межах якога запланавана правядзенне абласным аддзелам адукацыі розных конкурсаў, выставак, плэнераў, намечана арганізацыя фестывалю  беларускага кіно, шматлікіх творчых сустрэч. 

У выніку былі сфармуляваны пытанні для вырашэння на ўзроўні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускай пісьменнасці пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчыка.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.
На здымку: у час  пасяджэння абласнога  арганізацыйнага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *