За ўсё баліць душа


Па-рознаму людзі знаходзяць месца ў жыцці. Адны ў 17 гадоў уязджаюць з дому, каб спаймаць сваю сінюю птушку, і не заўсёды гэта ўдаецца ім зрабіць. Але амаль усім здаецца, што шчасце знаходзіцца дзесьці далёка. А вось хайнічанка Ліна Уладзіміраўна Мыслік разумее гэта па-іншаму, бо ніколі за свае сорак гадоў не пакідала зямлю продкаў. Яна з тых рэдкіх людзей, якія, згодна з народнай мудрасцю, дзе нарадзіліся – там і прыгадзіліся.

Выбрала, на першы погляд, непрэстыжную прафесію, але ніколькі аб гэтым не шкадуе. У яе свой погляд на жыццё, на працу, узаемаадносіны з людзьмі.

 Ліна Уладзіміраўна – кантралёр дыскатэкі раённага Дома культуры, у прыклад іншым і сабе на радасць, стварае  добры настрой працуючым тут і наведвальнікам мерапрыемства.

Гэта толькі маленькі штрых да яе партрэта.

Жанчына не ведае, што такое жыць без клопатаў пра іншых. Вось дзе ўжо свой чалавек для жыхароў шматкватэрных дамоў №№ 5, 8, 9, 10, 12, 23 па вуліцы К. Маркса райцэнтра,  № 38 Камсамольскай вуліцы. Бо першай прыйдзе на дапамогу, першай выслухае, паспачувае, дасць параду. Жыццё сярод людзей і для іх – яе лёс.  Невыпадкова таму ў красавіку мінулага года на агульным сходзе жыхары гэтых дамоў аднадушна выбралі Ліну Уладзіміраўну Мыслік сваім прадстаўніком у органы мясцовага самакіравання.

– Людзі, якія жывуць на маім участку, самага рознага ўзросту, – гаворыць упаўнаважаны. – Але ёсць пенсіянеры, якім не заўсёды ўдаецца самастойна справіцца са штодзённымі клопатамі. Дзеці, канешне, клапоцяцца аб сваіх бацьках. Дзе б ні жылі – у Гомелі, Мінску, іншых гарадах і весях, рэгулярна наведваюць родныя мясціны. І ўсё ж знаходзяцца яны за дзесяткі і тысячы кіламетраў, дапамагчы могуць не заўсёды.

У такіх выпадках звычайна прыходзяць на выручку суседзі, а яшчэ прадстаўнік мясцовага самакіравання – іх упаўнаважаны.

Па ініцыятыве Л.У. Мыслік усім домам, пры садзеянні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рыхтаваліся і дастойна адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Дзмітрыя Васільевіча Каламацкага, стварыўшы сапраўднае свята для пажылога чалавека, які дастойна пражыў жыццё. З наказам верна служыць Айчыне таксама ўсім домам адправілі на службу ў армію Арцёма Шкута, муляра МП “Хойнікірамбуд”, з надзеяй, што, аддаўшы доўг Радзіме, юнак вернецца ў свой родны горад, на сваю працу.

Пільна сочыць упаўнаважаны за парадкам на вуліцах, можа спытаць, прысароміць кагосьці з жыхароў, а калі трэба, і прымусіць прыбраць. Наогул, добраўпарадкаванню надае асноўную ўвагу ў сваёй грамадскай дзейнасці. У гэтым падтрымку мае ад кіраўніцтва КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. І калі жыхары дома № 23 па вуліцы К. Маркса звярнуліся да Ліны Уладзіміраўны з просьбай абрэзаць старыя дрэвы ў іх двары, то асабіста звярнулася ў гэтую арганізацыю. Вельмі аператыўна работы былі выкананы камунальнікамі. Таксама па просьбе жыхароў камунальным транспартам быў завезены пясок для добраўпарадкавання дзіцячай пляцоўкі ў двары шматпавярховак.

– У кватэры Ліны Уладзіміраўны, як у поездзе, – жартуюць жыхары, – вельмі мнагалюдна. І з добрым спяшаемся да свайго ўпаўнаважанага, і з дрэнным. Ведаем, што сустрэне з разуменнем, падтрымае. Некаторыя пытанні вырашаюцца па тэлефоне, іншыя – непасрэдна ў пэўным ведамстве, куды Ліна Уладзіміраўна бярэ з сабой чарговага “падапечнага”.

Намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні па справах непаўналетніх пры райвыканкоме Алена Вячаславаўна Содаль адзначае, што Л.У. Мыслік – чалавек грамадскі, адказны, які прытрымліваецца актыўнай пазіцыі ва ўсіх аспектах жыцця. Яна – член камісіі па размеркаванню гуманітарнай дапамогі. Прымае ўдзел у рэйдах у неспрыяльныя сем’і сельскіх населеных пунктаў.

– Вельмі балюча асэнсоўваць, у якіх умовах тут выхоўваюцца дзеці, – зазначае Ліна Уладзіміраўна. – Іншы раз такое пабачыш, што разуменню не паддаецца. Нават у тых сем’ях, дзе, здаецца, бацькі выправіліся і ім вярнулі дзяцей з сацыяльнага прытулка. Веснічкі або парог да хаты не адрамантуюць самі, а патрабуюць, каб гэта зрабіў сельсавет або сельгаспрадпрыемства. Тыднямі жывуць без электраасвятлення  і чакаюць, каб аб гэтым паклапаціўся нехта іншы. Як правіла, такія сем’і ўваходзяць у рызыку пажарнай небяспекі. Таму выязджаю разам з супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Максімам Валер’евічам Чэканам, ён праводзіць у сем’ях растлумачальную работу, каб не здарылася бяды.

Як і ўсякі чалавек, Ліна Уладзіміраўна Мыслік марыць. Ей хочацца, каб выбралі дастойны шлях у жыцці яе дзеці – сын Цярэнцій і дачка Алеся, якіх выхоўвае адна. Каб лепш сябе адчувала мама, Лілія Міхайлаўна. Ад яе дачка пераняла “грамадскія” гены – маці доўгі час з’яўлялася брыгадзірам атэлье камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва.

А яшчэ хочацца, каб у горад і вёскі раёна вярталася моладзь, каб у кожным двары гучаў вясёлы дзіцячы смех, каб Хойнікі жылі цікава, змястоўна і прыгожа.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *