Вынікі года


101 У нашым раёне летась адбыліся 53 пажары: 24 – у горадзе і 29 – у сельскай мясцовасці. Сумным “лідэрам” сярод сельсаветаў з’яўляецца Велікаборскі, куды супрацоўнікам РАНС давялося выязджаць 8 разоў. У Дварышчанскім сельсавеце зарэгістравана 5 пажараў, Паселіцкім – 4, Алексіцкім, Барысаўшчанскім, Казялужскім і Стралічаўскім – па 3. На пажарах загінулі 2 чалавекі (у Барысаўшчанскім сельскім Савеце).

Прычынамі ўзгарання часцей за ўсё былі неасцярожнае абыходжанне з агнём (18 пажараў), парушэнне правілаў устройства і экcплуатацыі пячнога ацяплення (17), правілаў мантажу і ўстройства электрычных сетак і электраабсталявання (7), дзіцячае свавольства з агнём (5).


102 На тэлефонны нумар аператыўнага дзяжурнага раённага аддзела ўнутраных спраў паступіла 4782 паведамленні, па ўсіх зваротах выязджалі супрацоўнікі аддзела. На тэрыторыі раёна здзейснена 439 крымінальных правапарушэнняў (у 2008 годзе – 566). Складзены 1591 адміністрацыйны пратакол, у тым ліку 656 – за дробнае хуліганства, 732 – за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення і распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, 56 – за дробны крадзёж. У ізалятары часовага ўтрымання знаходзілася 1080 чалавек, у тым ліку 364 – адміністрацыйна арыштаваных.

Супрацоўнікамі аддзялення ДАІ РАУС выяўлена 4081 парушэнне правіл дарожнага руху. На аўтадарогах раёна здзейснена 9 дарожна-транспартных здарэнняў (у 2008 – 16), у тым ліку 5 – па віне вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. На шчасце, ніхто не загінуў (у 2008 годзе – 4 ахвяры), паранена 10 чалавек (2008 – 21).

У стане алкагольнага ап’янення затрымана 237 вадзіцеляў (на 2 менш, чым у 2008 годзе). Узбуджаны 23 крымінальныя справы за паўторнае кіраванне транспартным сродкам на працягу года ў стане алкагольнага ап’янення.

Па сігналу трывогі супрацоўнікі Хойніцкага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь выязджалі 849 разоў, з іх па лініі раённага аддзела ўнутраных спраў – 238. Прадухілена 13 злачынстваў (3 крадзяжы, 3 хуліганствы, 4 грабяжы, па аднаму: разбой, кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў), 102 адміністратыўныя правапарушэнні (61 – распіццё алкагольных напіткаў у грамадскім месцы, 41 – дробныя крадзяжы).

У 2009 годзе асабовым саставам аддзела выяўлены 723 літры самагоннай брагі і самагоннай вадкасці, якія знішчаны добраахвотна.


103 У аддзяленне хуткай дапамогі  цэнтральнай раённай бальніцы паступіла 11906 званкоў. Спецыялізаваныя брыгады выязджалі да хворых 11368 разоў, з іх 8518 выездаў – па экстраннай дапамозе, безвынікова – 182 (1,6%). Кваліфікаваная медыцынская дапамога аказана 11510 жыхарам раёна. Зарэгістравана 669 няшчасных выпадкаў.

У трох выпадках медыцынскімі работнікамі “хуткай” прыняты роды на даму.


104 На нумар аварыйнай газавай службы за 2009 год паступіла 259 званкоў. Тры з іх – па прычыне аварый, з якімі своечасова і кваліфікавана справіліся работнікі Хойніцкага цэха газавай гаспадаркі МВУ “Рэчыцаміжрайгаз”.


Падрыхтавала Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *