Каб не развітацца з веласіпедам


Аналіз стану злачыннасці ў нашым раёне сведчыць, што колькасць крадзяжоў маёмасці застаецца значнай. Часта аб’ектамі зладзейскіх замахаў становяцца  веласіпеды – транспартныя сродкі, якія з’яўляюцца найбольш даступнымі. Пакінутыя без нагляду на вуліцы, у дварах, надворных пабудовах, каля шматкватэрных дамоў, магазінаў, яны становяцца лёгкай здабычай не чыстых на руку людзей.

Да прыкладу, летась з пад’езда № 5 па вуліцы Жукава г. Хойнікі жыхар горада  Ігар Яўгенавіч Хадасок украў веласіпед. Прыйшоўшы да магазіна “Цэнтральны” ў нецвярозым стане Аляксандр Сяргеевіч Назаранка, 1982 года нараджэння, паехаў ад  яго на веласіпедзе, гаспадар якога ў гэты час знаходзіўся ў гандлёвай кропцы, займаўся пакупкамі.

Шлейф крадзяжоў цягнецца за Іванам Мікалаевічам Гардзейчыкам, які зараз адбывае пакаранне за здзейсненае: ён пазбаўлены волі ва ўмовах строгага рэжыму на 3 гады і 6 месяцаў. Летась 18 чэрвеня ў 10 гадзін раніцы ён  “прыбраў да рук” веласіпед аднаго з жыхароў дома, у якім жыў сам, у той жа дзень у 18.30, высадзіўшы раму ў адным з дамоў па вул. Настольскай, украў радыёдынамік і лом (так і не растлумачыў, навошта яму спатрэбілася тая жалязяка). 23 чэрвеня ў 3 гадзіны ночы зайшоў у адну з кватэр дома № 26 па вул. Жукава, дзе гаспадыня не зачыніла дзверы, кладучыся спаць. Спакойна забраў грошы і банкаўскую картачку, якую ў 6 гадзін раніцы безвынікова змяшчаў у банкамат, не ведаючы пін-кода. А 7 ліпеня Іван Гардзейчык быў затрыманы пры крадзяжы веласіпеда ў вёсцы Судкова.

Як бачна, ахвярамі злодзеяў людзі часта становяцца па сваёй бесклапотнасці. Таму некалькі парад, каб бяда абыходзіла:

*не пакідайце без нагляду веласіпеды;

*не будзьце вельмі даверлівымі пры дэманстрацыі свайго веласіпеда выпадковым людзям;

*прыехаўшы за пакупкамі ў гандлёвую кропку, стаўце на веласіпед запорнае прыстасаванне;

*у выпадку з’яўлення асоб, якія сваімі паводзінамі выклікаюць падазрэнне, неадкладна пазваніце ў міліцыю.

Любую інфармацыю аб злачынствах або асобах, якія іх здзейснілі, можна паведаміць у аддзел унутраных спраў па спецлініі “102”.

Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.


А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення аховы
правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *