Дзе густа, а дзе і пуста

Сельское хозяйство

На базе сельгаспрадпрыемства імя Мележа справаздачу па выніках работы за 2009 год трымалі жывёлаводы гаспадарак раёна. Сярод іншых паказчыкаў разглядваўся і такі, як сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме.

Месца правядзення гэтага мерапрыемства было выбрана не выпадкова, таму што менавіта ў гэтай гаспадарцы летась атрыманы самыя высокія прывагі, як сярэднясутачныя, так і валавыя. Дасягнута гэта за кошт строгага захавання ўсіх патрабаванняў сучасных тэхналогій дарошчвання і адкорму. Так, на жывёлагадоўчым адкормачным комплексе на 300 галоў у Алексічах усе бычкі рассартаваны па вагавых катэгорыях і ўтрымліваюцца ў розных памяшканнях: у адным з іх вагой ад 250 да 350 кілаграмаў, у другім – ад 350 да 400 кг і ў трэцім – звыш 400 кілаграмаў. Для кожнай групы дзейнічае свой рацыён кармлення. Напрыклад, у апошняй вагавой катэгорыі палову сутачнага рацыёну складаюць канцэнтраваныя кармы. Гэта дазваляе павялічыць тлушчавую тканку жывёлы, што спрыяе і хутчэйшаму, і больш аб’ёмнаму нарошчванню мяса. У выніку значна зніжаецца сабекошт, змяншаюцца як расход кармоў, так і расход паліва на яго падвозку. Пры такой сістэме заключнага кармлення расход кармоў на кілаграм прывагі можна зменшыць з 15 да 8-9 цэнтнераў кармавых адзінак. Такім чынам, сярэднясутачныя прывагі тут вагаюцца ў інтэрвале ад 720 да 750 грамаў у суткі.

Аднак такая сістэма дарошчвання і адкорму ў нашым раёне дзейнічае не ўсюды. Яе толькі пачынаюць укараняць у сельгаспрадпрыемствах “Аравічы”, “Судкова” і часткова ў “Велеціне”. У іншых жа гаспадарках такога няма і блізка, не выдзяляюцца ў асобную групу нават бычкі, якія хутка павінны быць здадзены на мясакамбінат і якім асабліва патрэбен спецыяльны завяршаючы рацыён кармлення.

У сельгаспрадпрыемствах “Велікаборскі”, “Стралічава”, “Хойніцкі Аграсервіс” і агракамбінаце “Віць” уся жывёла на дарошчванні і адкорме ўтрымліваецца разам, што выклікае дадатковыя затраты працы і павелічэнне тэрміну адкорму. Зразумела, што паказчыкі прываг тут такія, што сорамна нават узгадваць пра іх. А яшчэ пры здачы бычкоў на мясакамбінат выхад мяса не адпавядае першай катэгорыі, а таму сельгаспрадпрыемствы дадаткова губляюць грошы ад ацэнкі здаваемай жывёлы больш нізкай катэгорыяй.

Таму адной з галоўных задач, якія пастаўлены зараз перад заатэхнічнымі службамі названых гаспадарак, з’яўляецца рассартаванне жывёлы па катэгорыях і прымяненне для кожнай з іх дыферэнцыраванага рацыёну кармлення. Натуральна, што пры гэтым кашары, у якіх утрымліваецца жывёла, павінны быць забяспечаны дастатковай колькасцю саломы, вады і мінеральных падкормак.

У гэтых патрабаваннях няма нічога звышардынарнага – так працуе ўвесь цывілізаваны свет. Так павінны працаваць і ўсе мы.


У. БОНДАР,
галоўны заатэхнік райсельгасхарчу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *