Хайнічанін — расійскі рэкардсмен

Спорт

У канцы снежня мінулага года ў расійскім горадзе Курску адбыўся майстарскі турнір па пауэрліфтынгу, які праходзіў пад дэвізам “Спорт супраць наркотыкаў!” Акрамя прапаганды здаровага ладу жыцця, мэтай мерапрыемства было выяўленне мацнейшых спартсменаў з усіх рэгіёнаў Расіі, блізкага і далёкага замежжа, маючых адпаведную спартыўна-тэхнічную падрыхтоўку.

Пауэрліфтынг – гэта сілавы від спорту, сутнасць якога заключаецца ў пераадольванні вагі максімальна высокага абцяжарвання. У якасці спаборніцкіх дысцыплін у яго ўваходзяць тры практыкаванні: прысяданне са штангай на плячах; жым штангі лежачы на гарызантальнай лаўцы; станавая цяга штангі.

Дастойна прадставіў Нацыянальную зборную Рэспублікі Беларусь на гэтых спаборніцтвах наш зямляк, былы вучань СШ № 3, а зараз студэнт пятага курса ваеннага факультэта Белдзяржуніверсітэта, будучы ваенны псіхолаг Ілля Дукорскі. Яго асабісты вынік у трох практыкаваннях – 245, 175 і 305 кілаграмаў. Такім чынам, Ілля ўстанавіў рэкорд Расіі ў станавай цязе штангі, а таксама заняў другое месца па абсалютнаму каэфіцыенту ў безэкіпіровачным дывізіёне. І як вынік дастойнага выступлення – прысваенне беларускаму атлету майстра спорту міжнароднага класа па пауэрліфтынгу.

Што і гаварыць, гэта паспяховы дэбют беларускага спартсмена на міжнародным старце. 

Свае першыя крокі Ілля Дукорскі ў спорце пачынаў у СДЮШАР г. Хойнікі пад кіраўніцтвам трэнера А.М. Лук’яненкі, які па праву можа ганарыцца сваім выхаванцам.

У саставе зборнай Рэспублікі Беларусь па пауэрліфтынгу Ілля два гады запар выйграваў першынство краіны ў трохбор’і сярод юніёраў. Ен уяўляе вялікі інтарэс для Беларусі ў якасці перспектыўнага спартсмена, майстэрства якога дазваляе прадстаўляць нашу краіну на міжнароднай арэне. Выступленне ў Курску – яскравае таму пацвярджэнне.

Спартсмен не спыняецца на дасягнутым, працягвае ўдасканальваць свае спартыўныя навыкі. Нам, яго землякам, можна спадзявацца на тое, што на спартыўным небасхіле заззяе яшчэ адна атлетычная зорка Хойнікшчыны.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.
На здымку:
пераможны момант:
у станавай цязе штанга вагой у 305 кілаграмаў узята.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *