Да Дня міліцыі Прызванне – правапарадак ахоўваць


Неяк у размове з начальнікам аддзела ўнутраных спраў райвыканкома Г.І. Гапоненкам запытаў:

– Складаней служыць у арміі або ў міліцыі?

– Ніколі не задумваўся аб гэтым, – прызнаўся Генадзій Іосіфавіч. – І, напэўна, не варта прыводзіць такога размежавання. Бо кожны чалавек у пагонах – вайсковец, міліцыянер, супрацоўнік КДБ, ваенкамата – калега. Мы ўсе выконваем адну і тую ж задачу: забяспечваем бяспеку краіны і яе народа, толькі кожны на сваім участку. Аднак, у параўнанні з армейскай, у міліцэйскай службе ёсць свае асаблівасці. У арміі ўсё прасцей: тут – свае, там – чужыя. Пастаўлена задача – і наперад. У нас жа іншая спецыфіка. Тут усе свае, нават злачынцы – гэта ж нашы людзі. Яны да нас не з іншай планеты прыляцелі. Думаю, работа ў міліцыі патрабуе больш аналітыкі, большага разважання, даходжання да сутнасці кожнай з’явы, канкрэтнай сітуацыі, канкрэтнага чалавека. Гэта больш цікава і больш складана.

Па характару сваёй працы аўтару гэтых радкоў даволі часта даводзіцца сустракацца, гутарыць з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў, удзельнічаць у рэйдах, браць інтэрв’ю. І кожны раз пераконваюся, быць міліцыянерам – гэта не так проста. Не выпадкова ў гэтую службу заўсёды ішлі нямногія, а той, хто прыходзіў па “рамантычных” і іншых прычынах, доўга не затрымліваўся. Прычына простая: рамантыка хутка праходзіла, бо днём і ўначы – напружаная нялёгкая работа. Заставаліся мэтанакіраваныя, настойлівыя, з абвостраным пачуццём справядлівасці людзі.

Звычайна ў прафесійныя святы, падводзячы вынікі зробленага, справаздачы начальнікаў вызначаюцца пярэстасцю лічбаў, якія амаль не ўспрымаюцца і не запамінаюцца. Такія справаздачы для вышэйстаячага начальства. Мы ж заўважым, што калектыў Хойніцкага РАУС заўсёды вызначаўся высокімі паказчыкамі ў аператыўна-службовай дзейнасці. Цяперашняе кіраўніцтва яго, асабовы састаў гэтыя лепшыя традыцыі імкнуцца пераймаць і развіваць. Зараз перад ахоўнікамі правапарадку пастаўлена задача ператварыць міліцыю з органа караючага ў службу, якая дапамагае людзям, ахоўвае іх бяспеку. І работа гэта ацэньваецца цяпер не па нейкіх там галачках-палачках, працэнтах і г.д., а па тым, наколькі міліцыянеры дапамаглі кожнаму канкрэтнаму чалавеку. Бо калі, скажам, раскрыта 99 крадзяжоў са 100, то таму аднаму чалавеку, якому не вернута маёмасць, ад гэтых працэнтаў не лягчэй.

З разуменнем гэтага і нясуць службу супрацоўнікі аддзела. У іх ліку Г.І. Гапоненка назваў у першую чаргу оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку В.А. Котчанку, старшага ўчастковага С.М. Гардзейчыка, старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы аддзялення ДАІ У.П. Талюка, дазнавальнікаў Д.А. Каўрова, М.М. Якуніна і іншых.

Прыемна, калі справу бацькоў працягваюць дзеці. У калектыве РАУС зарэкамендавала сябе надзейным таварышам, добрасумленным супрацоўнікам, адказным калегам дачка былога начальніка аддзела, старшы следчы Л.Л. Лебедзева-Грыгаровіч. Сын оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку І.М. Дземідзенкі Андрэй – следчы, а малодшы Аляксандр – курсант Акадэміі міліцыі.

Складаны шлях да прызвання – так можна назваць пачатак службы ў органах унутраных спраў інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Н.У. Кабацько. Працуючы з “цяжкімі” падлеткамі, яна рэалізоўвае сваю мару працаваць з дзецьмі. Таксама ім дапамагае, аднак па-іншаму, чым робяць гэта ў школе або ў сям’і. У яе, як і ў Марыны Леанідаўны Лебедзевай-Грыгаровіч, прафесійнае свята амаль супадае з жаночым. Таму абедзве ўсім калегам, жанчынам і мужчынам, пажадалі верыць у сваю мару і імкнуцца стаць шчаслівымі.

… Час імчыць, мяняючы нашы твары. Але міліцыя па ранейшаму на варце нашага спакою днём і ноччу. Радуе, што на змену старэйшаму пакаленню (зусім нядаўна ў аддзеле на заслужаны адпачынак праводзілі старшага інспектара-дзяжурнага І.Э. Юшчанку, міліцыянера-вадзіцеля тылавога забеспячэння В.М. Зелянкоўскага, старшага інспектара па дазваляльнай рабоце  А.М. Карабко) у рады міліцыі ўліваецца новае папаўненне, якое свята захоўвае традыцыі сваіх бацькоў і дзедаў.

У аддзеле парадак і строгая дысцыпліна. Супрацоўнікі ведаюць, што начальнік і яго намеснікі бываюць і жорсткімі. Даручанае лепш выканаць хутка, якасна і спакойна, каб не дачакацца так званых надзвычайных мер. Але гэта не значыць, што людзі знаходзяцца ў пастаянным страху перад начальствам. Тое ў сваю чаргу разумее, што стыль кіраўніцтва, пабудаваны на крыку, пакараннях, прыніжэнні падначаленых, не прыводзіць да якаснага выканання пастаўленых задач. Немагчыма добра, а тым больш творча, працаваць пад прымусам.

Вось чаму меры, прымаемыя калектывам аддзела па забеспячэнню грамадскага парадку, асабістай і маёмаснай бяспекі людзей, эканамічнай стабільнасці, дазваляюць кантраляваць крымінагенную абстаноўку ў раёне, дасягнуць паляпшэння шэрагу паказчыкаў у аператыўна-службовай дзейнасці. Службамі і падраздзяленнямі аддзела вядзецца мэтанакіраваная прафілактычная работа па папярэджванню злачынстваў і парушэнняў, адпрацоўваюцца адміністрацыйныя ўчасткі Хойнікшчыны, укараняюцца новыя формы работы.


На здымках:


памочнік аператыўнага дзяжурнага У.А. Мароз;
старшы следчы Л.Л. Лебедзева-Грыгаровіч;
сын і бацька оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку
І.М. Дземідзенка і следчы А.І. Дземідзенка;
інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Н.У. Кабацько.

Уладзімір СЯМЁНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *