Ружовашчокая масленіца Зіма заплакала, а вясна ўсміхнулася


На працягу тыдня ў дзіцячых садах, школах раёна, ЦКРНіР прайшлі масавыя гулянні, прысвечаныя Масленіцы, а ў мінулую нядзелю святкаванне наладзілі на цэнтральнай плошчы горада.

У народзе існавала павер’е: хто ў гэтае свята сядзіць дома, той наклікае бяду. Жыхарам Хойнікшчыны хвалявацца не трэба: яны весяліліся і танцавалі, праводзячы зіму разам з пераапранутымі казачнымі героямі, ад душы. Ружовашчокая Масленіца ў квяцістай сукенцы заклікала прысутных у карагод, да ўдзелу ў конкурсах. Цудоўнаму настрою спрыяла добрае надвор’е, якое песціла лёгкім марозчыкам і яркім сонечным святлом. У гэты дзень хайнічане змаглі прадэманстраваць кемлівасць, сілу і спрыт у шахматных і шашачных турнірах, спартыўных спаборніцтвах па армрэстлінгу і дартсу. 

Каля ўстаноўленага высокага слупа шматлікія балельшчыкі з нецярпеннем гадалі, каму дастануцца прызы.
Сёлета ўпершыню ў нашым горадзе ўладальнікам усіх дзевяці падарункаў на суму каля 500000 рублёў стаў адзін чалавек – Аляксандр Данчанка, які нядаўна прыйшоў з арміі. 

Следуючы старым славянскім традыцыям спалілі саламянае пудзіла. Такім чынам развіталіся з негатыўнымі эмоцыямі, нярадаснымі думкамі, у сэрцах пасялілася радасць прадчування прыходу вясны.  

Тэатралізаванае прадстаўленне “Гуляй, раздольная Масленіца” ўвазе прысутных падрыхтавалі работнікі ГЦКіС і РДК. Гучалі народныя песні ў выкананні самадзейных калектываў з  аграгарадкоў “Стралічава” і “Глінішча”, вёскі Партызанская і аб’яднанага ансамбля “Песні над Палессем”.

Каб стварыць свята жывата, для жыхароў раёна работнікі  гандлю прыгожа аформілі рады, даставілі прадукты на любы густ, у тым ліку галоўны атрыбут свята – духмяныя, румяныя бліны, якія сімвалізуюць цёплае залацістае сонейка.


Наталля ЧЭКАН.
На здымках: гуляла Масленіца.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *