Лёсы і людзі Дастойнае жыццё


…На сценах у зашклёных рамках – фотаздымкі дзяцей, унукаў. У выхадныя яны прыедуць, калі выпадзе, дапамогуць, падвяселяць. Як трэба старому чалавеку, каб быў побач з ім нехта блізкі, якому няма куды спяшацца, з якім можна пагутарыць, успомніць мінулае, які расцярэ “разбушаваўшуюся” паясніцу і паднясе шклянку вады. “Мая старая”, “мой дзед” – называюць яны адзін аднаго з лёгкім гумарам, але ласкава. Адзінота прыходзіць, калі няўмольная смерць пазбаўляе гэтай кропкі апоры.

Многае давялося перажыць на сваім вяку 80-гадоваму жыхару Ліствіна Сямёну Яўгенавічу Анісенку. Нарадзіўся ён у вёсцы Рыжкаў Брагінскага раёна за 12 гадоў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў гэтым узросце дапамагаў бацьку, Фёдару Кірылавічу Каральчуку, у работах на калгасным палетку: падвозіў ваду для паліву табаку, абганяў бульбу, зграбаў сена.

Калі на краіну напалі фашысты, бацька пайшоў на фронт. З той жорсткай і кровапралітнай бітвы ён так і не вярнуўся: у 1942 годзе прыйшла “пахаванка”, у якой было напісана, што чырвонаармеец Каральчук загінуў смерцю храбрых у баях за абарону Масквы.

Маці засталася з трыма  дзецьмі на руках. Бачачы, што ёй цяжка даводзіцца, яе сястра з мужам прапанавалі аддаць на выхаванне Сямёна, тым больш, што сваіх дзяцей не мелі.

У час акупацыі дом новых бацькоў Яўгена Сяргеевіча і Агапы Лявонцьеўны Анісенка ў Ліствіне быў забраны пад нямецкі штаб, а сям’я перасялілася да суседзяў. Аднойчы хлопчык заўважыў, што маладая аднавяскоўка, якую прызначылі гатаваць ежу немцам, на ганку іх дома скубе іх жа гуся. Ці то па наіўнасці, ці то са злосці Сямён абурыўся гэтым і замахнуўся кійком на паварыху. За што ледзь не паплаціўся жыццём: немец зачыніў хлопца ў хляве са свіннямі, толькі праз паўсутак быў вызвалены ён адтуль родзічамі.

У пасляваенны час Сямён быў афіцыйна ўсынаўлёны, стаў насіць новае прозвішча – Анісенка і імя па бацьку – Яўгенавіч. Працаваў юнак кавалём, разам з іншымі аднавяскоўцамі аднаўляючы разбураную ворагам гаспадарку.

У 1949 годзе  быў прызваны на службу ў Армію. Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся дамоў і прадоўжыў працу ў калгасе. Ажаніўся. Са сваёй вернай спадарожніцай Лідзіяй Іванаўнай крочаць па жыцці  53 гады.

Многа чаго давялося перажыць ім: трагічную смерць сына Сяргея, цяжкую хваробу, у выніку якой Сямён Яўгенавіч зарабіў інваліднасць у даволі сталым узросце.

Яшчэ адну цяжкую ношу нясуць Анісенкі: як калісьці яго ўзялі ў новую сям’ю, так і яны на працягу 30 гадоў даглядаюць унучку Людмілу, якая прыкавана да ложка.

Лідзія Іванаўна поўнасцю прысвяціла сябе ёй. Колькі бальніц давялося прайсці, колькі лекаў і ўколаў прыняла дзяўчынка, але на ногі так і не ўстала. Дачка Ніна, якая жывё ў вёсцы Заспа Рэчыцкага раёна, і рада была б забраць да сябе дачку, бо ўжо на пенсіі. Аднак бацькі лічаць, што яна не справіцца з доглядам двух цяжкахворых людзей: нядаўна паралізавала зяця.

Муж і жонка Анісенкі, нягледзячы на паважаны ўзрост, трымаюць дамашнюю гаспадарку, у якой маюцца свінні і конь. Дапамагаюць па магчымасці бацькам сыны Аляксандр, які жыве ў Паселічах, і малодшы Васіль – у Гомелі.

Пабываўшы ў  доме Анісенкаў, відавочна ўпэўнілася ў тым, што на старасці гадоў яны сталі сапраўднай апорай і надзеяй адзін для аднаго. Ва ўсім адчувалася  вялікія ўзаемная павага і сімпатыя.

С.Я. Анісенка ганарыцца тым, што жыццё сваё пражыў чэсна. Ен адчувае клопат дзяржавы, рады, што Беларусь жыве працай свайго народа, ні ад каго не залежыць. І хочацца яму, каб маладое пакаленне любіла Радзіму так, як любіў і любіць яе ён. Праводзячы мяне, Сямён Яўгенавіч выказаў жаданне пажыць яшчэ на гэтым белым свеце, каб пабачыць, як багацее і квітнее яго родны край…


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *