Педагогу з Мазыра далі два гады ўмоўна за спайс


image71592998У судзе Мазырскага раёна разгледжана справа мазыраніна, 1988 года нараджэння, які абвінавачваўся ў незаконным (без мэты збыту) набыцці і захоўванні псіхатропных рэчываў – спайсаў. Прысуд па ч.1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – два гады пазбаўлення волі ўмоўна. Згодна з арт. 78 гэтага кодэкса, суд адтэрмінаваў выкананне прысуду на год. Аб гэтым паведамляе газета «Гомельская праўда».

Разгледжаная справа выбіваецца з агульнага шэрагу падобных злачынстваў таму, што прысуд вынесены педагогу. Малады чалавек, выпускнік Мазырскага педуніверсітэта імя І.П. Шамякіна, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства ў школе аграгарадка Судкова нашага раёна.

У студзені гэтага года, як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, ён прыехаў дадому ў Мазыр і набыў псіхатропныя рэчывы ў незнаёмага чалавека на вуліцы. Частку выкурыў дома, а рэшткі паклаў у кішэню і пайшоў гуляць. Сустрэў знаёмых на вуліцы. Шумная кампанія прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў міліцыі. Паводзіны маладога чалавека паказаліся ім падазронымі. Хлопца даставілі ў РАУС, канфіскавалі рэчавыя доказы: газетныя лапікі з плямамі карычневага колеру, курыцельную трубку, пластыкавую бутэльку з фальгой на горлышку – усё гэта прыстасаванні для курэння псіхатропных сумесяў. Экспертыза пацвердзіла, што малады чалавек іх ужываў.

У судзе ён цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Улічваючы гэты факт, а таксама тое, што раней не быў судзімы і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, пакаранне атрымаў не занадта строгае. Максімальны ж тэрмін па ч.1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса – пяць гадоў пазбаўлення волі.

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *