Хто працягвае ствараць летапіс Храпкава

Бацькаўшчына

На ціхай маляўнічай вуліцы Будаўнічай у Храпкаве стаіць прыгожае, нібы казачнае збудаванне.

З вясны па восень яно літаральна патанае ў кветках. А ўнутры ўсё шчыльна застаўлена кнігамі і часопісамі.

Мы завіталі ў госці да сховішча карысных ведаў – Храпкаўскую бібліятэку-клуб-філіял. Яго кіраўнік Таццяна Серада – сапраўдны летапісец свайго краю, які некалькі дзесяткаў год назад стаў ёй родным. Таццяна Пятроўна, акрамя шматлікіх прафесійных абавязкаў, займаецца яшчэ адной важлівай справай – зберагае і дапаўняе летапіс вёскі Храпкаў, які дагэтуль стваралі яе калегі. Фактамі адтуль яна і падзялілася.

Напрыканцы ХХ стагоддзя беларускія археолагі знайшлі курган з 11 насыпаў у 1 км на поўдзень ад вёскі Храпкаў. Гэта знаходка сведчыла: месца аблюбавана людзьмі са старажытных часоў. Паводле пісьмовых крыніц, вёска была вядомая з 1590 года ў складзе Кіеўскага павета Каралеўства Польскага.

Як паведамляе артыкул у беларускамоўнай Вікіпедыі, першыя сведкі пра Храпкаў зафіксаваны ў сувязі з пратэстам у Кіеўскім гродскім судзе пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старасты чаркаскага. Нібыта той «наслаў некалькі соцень падданых сваіх брагінскіх на чале з ураднікам Кірыянам Вайніловічам на вёскі Храпкаў, Навасёлкі, Багушы і Руднае, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, а яны людзей збілі і скалечылі, каморы і іншыя будынкі пашкодзілі, начынне рознае, худобу з быдлам пазабіралі і да ключа Брагінскага адвялі».

Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Храпкаў належыў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі: Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў.

Вёска згадваецца таксама ў інвентарызацыі мястэчка Хойнікі, складзенай 20 сакавіка 1721 года. У гэты час Ізаф Парышэвіч, біскуп Волоскі, князю Мікалаю Шуйскаму, харунжаму Берасцейскаму прадае маёнтак Хойнікі. У вёсцы Храпкаў меўся фальварак і жылі 8 сем’яў.

20 сакавіка 1868 г. Мінская палата крымінальнага і грамадзянскага суда паведамляе пра пераход маёнтка Юзефава ад вёскі Храпкава ад памешчыка Мечыслава Уладзіслававіча Прозара да Канстанціна, Уладзіслава, Марыі, Сафіі і Станіслава Мечаслававіча Прозараў. У гэты час 131 чалавек жыве ў вёсцы.

Згодна са спісамі сельскіх таварыстваў Рэчыцкага павета Мінскай губерні, складзеным 1 студзеня 1870 г., у вёсцы Храпкава жылі 116 сваіх сялян і 22 аднадворцаў, якія адносяцца да воласці.

Да канца ХІХ і ў пачатку ХХ стагоддзя вёска Храпкава інтэнсіўна расце. Ужо ў адпаведнасці з алфавітным спісам населеных мясцовасцяў Мінскай губерні, апублікаваным у 1909 годзе, у вёсцы жылі 95 сем’яў, было 527 чалавек. У гэтым спісе ўжо называецца Храпкаўская аколіца, дзе пражывала 16 сем’яў са 112 чалавек.

Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе сяляне атрымалі невялікія надзелы зямлі і больш заможныя набылі іх. Напрыклад, маецца запіс за 29 снежня 1894 г. жыхар вёскі Храпкаў Іпаліт Глінскі папрасіў прадаць яму 26 гектараў зямлі, якія ён раней арандаваў у землеўладальніка.

З гісторыі вядома, што ў вёсцы Храпкаў была драўляная царква, якая згарэла ў 1913 годзе. Замест царквы каля могілак была пабудавана драўляная капліца, якую, на жаль, спалілі фашысты ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара і з інтэрнэту.



2 комментария по теме “Хто працягвае ствараць летапіс Храпкава

  1. 1. Курганны могільнік з 11 насыпаў на поўнач (не на поўдзень) ад вёскі Храпкаў быў адкрыты перад 1889 годам, калі з’явілася адпаведная згадка. У пачатку 1980-х гг. помнік разараны, г. зн. знішчаны мясцовым сельгаспрадпрыемствам дзеля максімальнага пашырэння пасяўных плошчаў. Да захавання гістарычнай каштоўнасці тады нікому не было справы. Увага надавалася амаль выключна памяці пра Вялікую Айчынную вайну.
    2. У 1721 г. быў складзены інвентар не адно мястэчка Хойнікі, а ўсяго маёнтку. Інакш звесткі пра фальварак і вёску Храпкаў туды б не патрапілі. Біскуп Юзафат Парышэвіч не мог прадаць маёнтак, бо не быў яго ўласнікам, а ўсяго хіба пасэсарам (арандатарам), прытым вельмі няўдалым. Князь Мікалай Шуйскі, спадчынны ўладальнік, вярнуў маёнтак сабе: яго даўгі сталі настолькі значнымі, што разглядаліся на пасяджэннях Радамскага і Люблінскага трыбуналаў. Праблема даўгоў засталася надоўга…
    Па пытаннях даўняй пісьмовай гісторыі Хойнікшчыны лепш карыстацца звесткамі Вікіпедыі. Тут жа яны спалучаныя з недакладнай інфармацыяй кнігі «Памяць».

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

  2. …у вёсцы Храпкава (чаму не Храпкаў?) жылі 116 сваіх сялян і 22 аднадворцаў (аднадворцы), якія адносяцца да воласці…

    Аднадворцы – такія ж «свае», храпкаўскія, бо жылі ў аднайменнай аколіцы, як і сяляне, што жылі ў вёсцы. Няма чаго тут прыдумляць. Але сяляне, былыя прыгонныя, прыпісаныя да Храпкаўскага таварыства, а аднадворцы, былая беззямельная альбо чыншавая шляхта, – да воласці.

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *