З людзьмі і для людзей


Быць дэпутатам – гэта значыць не дапускаць раўнадушша ва ўсіх сферах жыцця. Кожнае пытанне, якое хвалюе выбаршчыкаў, вызначае кола абавязкаў і перад дэпутатам. Так і павінна быць, бо якім усеведаючым і ўсёбачачым не было б кіраўніцтва раёна, а ўсё роўна ўсё ўбачыць і аб усім даведацца немагчыма. Таму дэпутаты закліканы быць звязуючым звяном паміж выбаршчыкамі і ўладай, дапамагаць вырашаць надзённыя праблемы. Іншымі словамі кажучы, дэпутат павінен працаваць з людзьмі і для людзей.

Да мяне, напрыклад, зусім нядаўна звярталіся людзі з просьбай вырашыць пытанне з расчысткай снегу па дарозе на Хвойную Паляну. Зрэшты, гэтае пытанне хвалявала і наш педагагічны калектыў, таму што з гэтай вёскі ў нас вучацца двое дзяцей, а таксама столькі ж наведваюць дзіцячы сад. Па тэлефоне звярнулася да кіраўніцтва ДЭУ-155, дзе знайшла падтрымку і разуменне – гэтыя работы выконваліся па неабходнасці своечасова і якасна.

Вялікую ўвагу і па роду сваёй службовай дзейнасці, і дэпутацкай удзяляю неспрыяльным сем’ям, дапамагаючы ім вярнуцца ў соцыум. Так, на дзяржаўным выхаванні знаходзіліся дзеці з сям’і Хауставых. Пасля іх вяртання, паклапаціліся аб працаўладкаванні маці, Ірыны Аляксандраўны. Акрамя таго, дапамагаю, у кантакце з адпаведнымі службамі, у афармленні віду на жыхарства яе мужа. Да таго ж, са старшынёй Велікаборскага сельвыканкома Ю.М. Штыхновым выпісалі гэтай сям’і дровы па льготнай цане для ацяплення дома.

Калектыў нашай установы паўдзельнічаў у дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая праводзілася ў Беларусі з 20 снежня 2009 па 10 студзеня 2010 года:  шасці мнагадзетным сем’ям уручылі салодкія падарункі.

У сувязі з тым, што з’яўляюся дэпутатам райсавета ад сельскай акругі, значную ўвагу ў сваёй дзейнасці ўдзяляю развіццю асабістай падсобнай гаспадаркі грамадзян. Дзеля гэтага праводжу сярод насельніцтва растлумачальную работу аб тым, што ўклад у гэтым напрамку жыхароў спрыяе выкананню праграмы харчовай бяспекі краіны ў цэлым. Прыемна, што маю водгук: людзі ахвотна здаюць лішкі прадукцыі са сваіх падворкаў дзяржаве.

На што яшчэ  хацелася б звярнуць увагу? Хутчэй за ўсё, на падтрыманне чысціні і парадку ў вёсцы Вялікі Бор, якая ўваходзіць у маю выбарчую акругу. Лічу, што гэта прыгажэйшы куток нашай Хойнікшчыны, тут цудоўныя пейзажы. Але вось толькі некаторыя жыхары не заўважаюць гэтую прыгажосць, а, значыць, і не берагуць. Каб навесці чысціню, трэба ўсім разам брацца за работу. Жыхары вуліц павінны не толькі клапаціцца аб сваёй прыдамавой тэрыторыі, але і сачыць за станам свайго жылля. Радуе, што пэўныя крокі ў гэтым маюцца ўжо – мае выбаршчыкі разумеюць, што калі ўжо імкнемся да павышэння культуры жыцця, то трэба пачынаць з самага малога. І, канешне ж, на першы план вылучаю інфармацыйна-прапагандысцкую работу. Асабліва гэта актуальна цяпер, у перыяд падрыхтоўкі да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Адным словам, калі і трэба вырашаць нейкія праблемы, то толькі сумеснымі намаганнямі. Разам мы зможам многае.


Т. ІВАНЮЦЕНКА,
 дэпутат райсавета дэпутатаў
па Велікаборскай выбарчай акрузе № 28.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *