Чакае прымусовае лячэнне

Законнасць і парадак

Кранальную сцэну дэманстраваў 18 сакавіка мінулага года перад адпраўкай на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў лячэбна-працоўны прафілакторый жыхар г. Хойнікі Леанід Антонавіч Сіраж. Паказваў фотаздымак, які быў зроблены каля аддзела ўнутраных спраў і змешчаны ў раённай газеце 11 сакавіка 2009 г. Красаваліся на ім сужыцельніца Леаніда  Людміла Васільеўна Сямёнава са сваёй сяброўкай па п’яных застоллях Аксанай Анатольеўнай Ронжынай. Абедзве яны асобы абавязаныя і трапілі ў газету з падачы старшага ўчастковага інспектара РАУС, маёра міліцыі С.М. Гардзейчыка за тое, што сістэматычна ўцякалі з працы, не жадаючы разлічвацца з дзяржавай за ўтрыманне сваіх дзяцей.

Узяў з сабою дарагое фота Леанід Антонавіч, паклаў у нагрудны карман, каля сэрца. Бо ўсё ж з 1998 года нажылі яны разам з Людмілай трох дзяцей. Толькі не клапаціліся аб іх. Спачатку дзяўчынкі знаходзіліся ў Барысаўшчанскім прытулку, а зараз забраны ў прыёмную сям’ю.

Не ўзялася Сямёнава за розум пасля адпраўкі сужыцеля ў ЛПП, працягвала п’янстваваць. За мінулы год шэсць разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.

Была ўладкавана на працу ў ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”. Праявіла там сябе закончанай гультайкай. Мала таго, што даручанае выконвала няякасна, дык яшчэ і з 15 кастрычніка па 31 снежня зрабіла 28 прагулаў. Адпаведную характарыстыку прадставіла адміністрацыя лясгаса на Сямёнаву ў аддзел унутраных спраў, у якой, у прыватнасці, указваецца, што нарыхтоўкай хваёвых шышак адмовілася наогул займацца, матывуючы гэта тым, што з дзяцінства баіцца быць у лесе.

Дакументы на прымусовае лячэнне Сямёнавай перададзены ў суд, і да канца гэтага месяца яна будзе накіравана ў ЛПП. Праўда, з сужыцелем сустрэцца не давядзецца, бо лечыцца ён у другім горадзе.

А кампанію ў дарозе Людміле Васільеўне складуць жыхаркі горада Тамара Міхайлаўна Жаўняк і Святлана Уладзіміраўна Марчанка. Першая запазычанасці перад дзяржавай не мае, бо ўтрымліваюць грошы з яе пенсіі. Затое ў ЛПП яе будуць сустракаць як ветэрана ўстановы. У пяты раз Тамара Міхайлаўна накіруецца туды.

43-гадовая  Святлана Марчанка судзімая за няўплату, але вывадаў ніякіх не зрабіла, дапілася, як кажуць, да ручкі. Яна – навічок у ЛПП. І, дай Божа, каб пайшло тое лячэнне на карысць жанчыне.

Усяго ж на ўліку ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкома знаходзіцца 58 абавязаных асоб, з якіх 42 жанчыны. З імі праводзіцца комплекс арганізацыйна-практычных мер па рэалізацыі Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у ліку якіх і ўзбуджэнне крымінальных спраў па арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у выпадку ўхілення ад яўкі на работу на 10 і больш дзён. Алкаголікаў жа, і не толькі з ліку абавязаных, чакае прымусовае лячэнне ў ЛПП.


А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення правапарадку
і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *