Рыхтаваць паліва трэба зараз

Экономика

IMG_2633Колькі жывеш – столькі і не перастаеш здзіўляцца трываласці і жывучасці стэрэатыпаў. Стэрэатыпаў ва ўсім: успрыманні навакольнага свету, у мысленні людзей, іх адносінах і паводзінах. Да апошніх можна смела аднесці і той факт, што напружанне ў рабоце Хойніцкага філіяла КУП «Гомельаблпаліва» ўжо каторы год стабільна ўзнікае толькі ў перыяд са жніўня па сакавік. У астатнія ж месяцы, у тым ліку і зараз, тут пануюць цішыня і спакой.
Расказвае дырэктар гэтай арганізацыі Анатолій Іванавіч Міхаленка.

– Колькі ўжо разоў мы звярталіся да людзей з просьбай зараней, у цёплыя майскія і летнія дні, набываць паліва для ацяплення сваіх дамоў, але ўсё дарэмна. На жаль, усё атрымліваецца як у той прымаўцы: пакуль гром не грымне – мужык не перахрысціцца. Бо толькі калі ўдараць у жніўні-верасні першыя халады, наш адміністрацыйны будынак пачынае гудзець ад людскіх галасоў і адразу ўзнікае ажыятажны попыт на дровы і тарфяны брыкет. Чаму ж зараз ніхто не ўспомніць іншую народную мудрасць наконт таго, калі патрэбна рыхтаваць сані, а калі воз?..
Асноўнымі пастаўшчыкамі паліва нашаму філіялу з’яўляюцца аб’яднанне «Гомельдрэў» і Жыткавіцкі торфабрыкетны завод. З імі мы маем трывалыя парнёрскія сувязі і цалкам задаволены той прадукцыяй, якую яны нам пастаўляюць.

Напрыклад, вырабы Жыткавіцкага торфабрыкетнага завода заслугоўваюць самай высокай ацэнкі якасці: роўныя і трывалыя тарфяныя брыкеты зусім не крышацца, а да таго ж валодаюць высокай ступенню цеплааддачы. Таму і карыстаюцца яны высокім попытам як у прамысловых спажыўцоў, так і ў насельніцтва.
А гомельскія мэбельшчыкі забяспечваюць нас высокаякаснымі дрывамі. На тэрыторыі раёна яны распрацоўваюць дзялянкі, якія ім адводзіць ДЛГУ «Хойніцкі лясгас». Нарыхтаваная дзелавая драўніна ідзе на сыравіну для прамысловых вырабаў, астатнюю ж яны накіроўваюць на дровы для нашага філіяла. У асноўным гэта драўніна цвёрдых парод дрэў – дуба і граба, такія дровы добра колюцца і даюць высокую тэмпературу. Спажыўцам мы выдзяляем дровы ў сумесі цвёрдых парод (да 70%) і сасны, і нараканняў на якасць такіх дроў таксама не ўзнікае.

Што датычыць расцэнак, то на сённяшні дзень яны такія. У адпаведнасці з дзеючымі нормамі на ўладальніка паліўнай кніжкі адзін раз у год выдзяляецца 4,9 куб. метраў дроў і 3,3 тоны тарфянога брыкету. Дровы спажыўцам мы адпускаем памерам 1 метр, распілаванымі на паўметра і колатымі, таму існуюць і розныя расцэнкі на іх. Так 4,9 куб. м дроў «метроўкі» каштуюць 542500 рублёў, паўметровых – 950600 руб., а колатых – 1383300 руб.

За 3,3 тоны тарфянога брыкету трэба заплаціць 702900 рублёў, яшчэ 177400 рублёў каштуе пагрузка. У тым жа выпадку калі дастаўка ажыццяўляецца транспартам нашага філіяла (для гэтага ў нас ёсць 2 трактары МТЗ-82), то неабходна заплаціць і за яе з разліку 24200 рублёў за кіламетр паездкі.
Калектыў у нас невялікі – са мной 9 чалавек. Маюцца станок для раздзелкі паленаў і дровакольная ўстаноўка, трактар і пагрузчык, які таксама можа выкарыстоўвацца для дастаўкі паліва спажыўцам. Кожны з нас добра ведае свой участак работы, кожны спраўляецца са сваімі абавязкамі, таму цяжкасцей у гэтым плане не ўзнікае. Ёсць, праўда, адна даўняя праблема – ніяк не можам спагнаць запазычанасць з аднаго з нашых галоўных у недалёкім мінулым спажыўцоў – КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Таму і спынілі супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй, хаця і шкада, бо калі б выконваліся ўсе ўмовы дагавору, то было б яно вельмі перспектыўным і для камунгаса, і для нас: іх кацельні ў Слабажанцы і ў Паселічах працуюць на дрывах, а ў Глінішчы і Віці – на тарфяным брыкеце. Што ж, не плаціш – не атрымліваеш…

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *