Памяць: сталінградцы


Бітвай веку назваў маршал Савецкага Саюза В.І. Чуйкоў, камандуючы 62-й арміяй Волга-Сталінградскую бітву. І гэта сапраўды так. Яна была самай жорсткай з усіх у Вялікай Айчыннай вайне. На працягу 180 дзён і начэй ні на мінуту не змаўкалі гарматна-мінамётныя раскаты, аўтаматна-кулямётны агонь, выбухі бомб і снарадаў, стогны параненых.

Уся аперацыя дзялілася на два этапы: абарончы – з 17 ліпеня 1942 года, калі лепшыя атрады 62-й і    64-й армій сутыкнуліся, але не маглі стрымаць націск пераўзыходзячых сіл праціўніка; наступальны – з 19 лістапада, калі тры франты: Данскі (камандуючы генерал К.К. Ракасоўскі), Сталінградскі (камандуючы генерал А.І. Яроменка) і Паўднёва-Заходні (камандуючы генерал Д.Ф. Ватуцін) перайшлі ў контрнаступленне, задачай якога было акружэнне фашысцкай групоўкі пад Сталінградам.

Асабліва цяжкім і небяспечным для нашых войск быў абарончы перыяд. На гэтым этапе сілы праціўніка значна пераўзыходзілі нашы: у людзях – у 1,7 раза, гарматах і мінамётах – у 1,3, самалётах – у 3 разы. Найбольш крытычнае становішча склалася ў злучыне Дона. Менавіта тут праціўнік імкнуўся акружыць нашы войскі з флангаў і прарвацца да Сталінграда. Шэсць дзён ішлі жорсткія баі на гэтым напрамку.

З успамінаў нашага земляка Івана Міхайлавіча Кучарава, былога зенітчыка:

– Што адбывалася тады, цяжка было разабрацца. Мы не маглі адрозніць дзень ад ночы. Сонца закрывалі слупы дыму. Нас “прасавалі” не толькі мінамёты, але і самалёты. На малой вышыні стралялі з кулямётаў, кідалі бомбы, бачкі з гаручай сумессю. Ствалы нашых гармат не паспявалі ахалоджвацца.

І не помніць салдат, як паваліла яго на зямлю выбуховая хваля, як падабралі таварышы. Аб гэтым потым расказвалі санітары, калі везлі ў шпіталь. Быў кантужаны, паранены ў твар да непазнавальнасці. Узнагарода за мужнасць – ордэн Чырвонай Зоркі.

– Кідалі на нас не толькі бомбы, – дапаўняе Кучарава А.С. Далянчук (мінамётчык), а і колы ад чыгуначных вагонаў, рэйкі, забітую жывёлу, пустыя дзежкі з дзіркамі, якія страшэнна вылі ў паветры. Бадай, той час быў самым жахлівым за ўвесь мой шлях ад Сталінграда да Берліна. На левы бераг Дона з роты пераправілася толькі 12 чалавек.

У выніку ўпартага супраціўлення планы праціўніка былі сарваны. 62-я і 64-я арміі, якія абаранялі гэты плацдарм, адышлі на левы бераг Дона і занялі абарону, спыніўшы рух праціўніка.

– Гэта было 13 верасня, – успамінае кулямётчык Кірыл Андрэевіч Шкут. – А назаўтра немцы кінулі ў бой вялікую колькасць свежых сіл пяхоты, танкаў, самалётаў і пачалі цясніць нашы часці. Удар быў накіраваны да цэнтральнага вакзала і Мамаева Кургана. Па 50-60 самалётаў бесперапынна бамбілі нашы пазіцыі. Падалі авіябомбы да тоны вагою, рваліся снарады 203-міліметровых гармат. У гэтых умовах галоўным метадам барацьбы быў рукапашны бой. Да 15 верасня цяжка было сказаць, у чыіх руках Малахаў Курган. За тыя баі я атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.

Праціўнік прадбачыў, што, авалодаўшы курганам, ён будзе панаваць над горадам, над Волгай. Таму не шкадаваў ні сіл, ні сродкаў.

З дзённіка медработніка, старшага лейтэнанта С.С. Скрыпчанка:
– 17 верасня. Медперсанал палявога шпіталя амаль увесь на перадавой. Рухаемся па траншэях, слізгаем па чалавечай крыві. Траншэі становяцца магіламі забітых. Сёння паставіла ў строй 9 параненых. У шпіталі застацца яны адмовіліся. Адзін нават пажартаваў: “Паміраць за Радзіму, дык пад музыку самалётаў і спеў кулямётна-аўтаматных чэргаў”.

Самалёты па-ранейшаму пануюць у паветры. Божа, калі закончыцца гэтае пекла?”

Так, цяжка было абаронцам сталінградскай цвярдыні на гэтым этапе, у тым ліку і нашым землякам Івану Ціханавічу Ліпскаму, Івану Дзмітрыевічу Махіну, Міхаілу Паўлавічу Закалотнаму, Валянціну Паўлавічу Казмерчуку, Фёдару Якаўлевічу Шарэйку. Усе яны былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі.

Ніхто тады не ведаў, што сваёй гераічнай барацьбой яны адцягваюць на сябе лепшыя сілы фашысцкай арміі, “перамолвалі” адборныя фашысцкія дывізіі і тым самым давалі магчымасць нашым палкаводцам распрацаваць план контрнаступлення.

19 лістапада тры франты пачалі яго і паклалі пачатак карэннаму пералому на савецка-германскім фронце, выгнання нямецка-фашысцкіх захопнікаў з нашай зямлі.

Да 23 лістапада першая задача аперацыі “Уран” была выканана. Кальцо замкнулася і ў кляшчах аказаліся 6-я і частка 4-й танкавых армій у складзе 22 дывізій праціўніка агульнай колькасцю 330 тысяч чалавек. На другім этапе аперацыі гэтую групоўку патрэбна было знішчыць.

10 студзеня 1943 года з раніцы тысячы гармат і мінамётаў абрушылі агонь на пазіцыі ворага.

– Такой ашаламляльнай атакі, – успамінае Міхаіл Паўлавіч Лешчанок, – немцы ніколі не бачылі. Я карэкціраваў агонь цяжкай артылерыі па наземных цэлях. Пасля амаль гадзіннай артпадрыхтоўкі нашы войскі пачалі наступленне.

– Як было да болю шкада, – гаворыць Рыгор Іванавіч Макаранка, былы малодшы камандзір 114-й дэсантна-танкавай брыгады, – калі за дзве атакі на полі бою засталася амаль уся тэхніка брыгады, якая была ўкамплектавана машынамі ЗША і Англіі па ленд-лізу. Яны гарэлі як свечкі, таму што запраўляліся палівам, якое лёгка ўзгараецца. Тады мы лічылі, што гэта зроблена наўмысна. І толькі калі брыгада папоўнілася нашымі Т-34 ноччу з балкі Грычова мы ўварваліся на перадавую ворага і ў рукапашнай авалодалі рубяжом.
Тады Рыгор Іванавіч атрымаў лёгкае раненне (другое), але ў шпіталь не згадзіўся ісці. Ен таксама ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

25 лютага ўварваліся ў Сталінград, які абараняўся, і вызваляўся пад дэвізам, які вылучыў снайпер, Герой Савецкага Саюза Зайцаў: “За Волгай для нас зямлі няма!”

У аперацыі ўдзельнічалі нашы землякі Аляксандр Іосіфавіч Кірчанка, Аляксандр Паўлавіч Казмярчук, Адам Уладзіслававіч Шаціла, Станіслаў Антонавіч Віславух, Цярэнцій Пятровіч Максіменка. Яны таксама ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі “За абарону Сталінграда”.

У выніку аперацыі “Уран” былі разгромлены і ўзяты ў палон 22 дывізіі і 160 асобных часцей агульнай колькасцю 330 тысяч салдат і афіцэраў. На полі бою пахавана 140 тысяч, у палон узята 113 тысяч фашысцкіх ваяк, у тым ліку больш за 2500 афіцэраў, 23 генералы на чале з фельдмаршалам Паулюсам.

Такім чынам, у гісторыю перамога савецкіх войск пад Сталінградам увайшла як самая вялікая эпапея воінскай доблесці, мужнасці, стойкасці савецкага салдата. І не выпадкова прэм’ер-міністр Англіі Уінстан Чэрчыль перадаў сталінградцам меч – падарунак караля Велікабрытаніі Георга VІ – як сімвал прызнання доблесці савецкіх воінаў і мужнасці сталінградцаў.

Хайнічане помняць і шануюць памяць нашых землякоў, якія ўвайшлі героямі ў Сталінградскую бітву.


М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня раённай
ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *