Сто паслуг станцыі тэхабслугоўвання


Напэўна, не кожны з хойніцкіх аўтааматараў і вадзіцеляў-прафесіяналаў ведае аб тым, што ўжо амаль год на тэрыторыі аўтапрадпрыемства АТУП-14 працуе ў нашым горадзе станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтатранспарту.

Аб паслугах, якія яна аказвае аўтамабілістам, расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Анатольевіч ЯДЧАНКА.


– Станцыю тэхнічнага абслугоўвання мы адкрылі 2 сакавіка мінулага года. Натуральна, што перад гэтым грунтоўна падрыхтаваліся да гэтай падзеі. Выдзелілі асобнае памяшканне, набылі неабходнае абсталяванне (у тым ліку і гідраўлічны пад’ёмнік) і інвентар, накіравалі на вучобу ў сталіцу краіны слесараў А.В. Булахава і С.К. Ахмеджанава (на здымку) , якія зараз займаюцца рамонтнымі і іншымі работамі па абслугоўванню аўтатранспарту кліентаў. Акрамя таго, згодна з патрабаваннямі заканадаўства належным чынам аформілі сертыфікат адпаведнасці і ліцэнзію на права выканання работ.

За перыяд з дня адкрыцця і да канца 2009 года ў адпаведнай дакументацыі зарэгістраваны 284 звароты асобных аўтааматараў, а таксама вадзіцеляў з прамысловых і іншых прадпрыемстваў нашага горада, а таксама з Брагіна і Камарына. Усяго па стану на 1 студзеня 2010 года выканана работ і аказана паслуг на суму 7 мільёнаў 731 тысяча рублёў.

Наменклатура работ і паслуг, якія мы прапануем, багатая і разнастайная. У асноўным працуем з легкавымі аўтамабілямі расійскай вытворчасці і іншамаркамі (у тым ліку мінівэнамі і мікрааўтобусамі). Пры неабходнасці на нашай СТА можна адрэгуляваць развал сыходжання колаў, выканаць рамонт і замену падвесак, вузлоў і дэталяў хадавой часці, тармазной сістэмы, іншыя віды рамонтных работ, а таксама правесці тэхнічнае абслугоўванне легкавых аўтамабіляў. Форма аплаты – наяўны і безнаяўны разлік. Апошнім актыўна карыстаюцца многія прадпрыемствы і арганізацыі – райбальніца, ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, райвыканком, дарожна-будаўнічыя і дарожна-эксплуатацыйныя арганізацыі і інш.

Многія расцэнкі на работы і паслугі ніжэй, чым у Гомелі або Мазыры ці Рэчыцы. Напрыклад, рэгуліроўка развалу сыходжання колаў іншамаркі ў нас каштуе 34680 рублёў, а аўтамабіляў ВАЗ і ГАЗ – 39410 рублёў. Зрэшты, расцэнкі на кожны з відаў работ у нас дыферэнцыраваны, яны залежаць ад маркі аўтамабіля, яго тэхнічных параметраў, норм часу і працаёмкасці работ.

Так што для аўтааматараў, якія звернуцца да нас, выгада атрымліваецца двайная: і машыну не трэба гнаць у Гомель, і кошт работ ніжэй, чым на СТА ў абласным цэнтры.

На будучае маем намер наладзіць на нашай СТА шынамантаж, а таксама прыступіць да вытворчасці зварачных і кузаўных работ. Так што чакаем заказчыкаў і заўсёды гатовы дапамагчы!


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *