На абароне інтарэсаў грамадства і дзяржавы


Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці Рэчыцкага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці па лініях абслугоўвання – аўтабізнес, нафтабізнес, алкагольная прадукцыя, банкаўская сістэма, ілжэпрадпрымальніцтва, знешнеэканамічная дзейнасць, будаўніцтва, медыцына, перапрацоўка і рэалізацыя сельскагаспадарчай прадукцыі, карупцыя і інш. за 2009 год у Рэчыцкім, Хойніцкім, Лоеўскім і Брагінскім раёнах праведзена 75 праверак суб’ектаў гаспадарання.

Выяўлена 75 парушэнняў у эканамічнай галіне. Панеслі адміністрацыйную адказнасць 39 фізічных і пасадавых асоб, яны аштрафаваны на агульную суму 21,087 млн. руб. Прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 19 пасадавых асоб. У даход дзяржавы паступіла 2234,936 млн. руб. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці выяўлена 15 злачынстваў, накладзены арышт на маёмасць і грашовыя сродкі ў забеспячэнні ўрону, канфіскавана маёмасці на суму 110,460 млн. руб.

Найбольшая частка правапарушэнняў і злачынстваў выяўлена ў галіне фінансаў, банкаўскай, прадпрымальніцкай дзейнасці, падаткаабкладання, выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, будаўніцтва і добраўпарадкавання.

Вышэйсказанае сведчыць, што не ўсе суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці і іх пасадавыя асобы, а таксама грамадзяне добрасумленна ажыццяўляюць сваю дзейнасць у эканамічнай галіне, а ў некаторых выпадках наўмысна ажыццяўляюць супрацьпраўную дзейнасць. Прыкладаў таму дастаткова.

Так, у выніку праверкі грамадзяніна В. Караленкі ўстаноўлена паўторнае парушэнне парадку ажыццяўлення валютна-абменных аперацый. Канфіскаваныя 5 млн. 935 тыс. беларускіх рублёў, 695 долараў ЗША, 17500 расійскіх рублёў вернуты ў даход дзяржавы, на В. Караленку накладзены штраф 8,75 млн. рублёў.

У ходзе праверкі грамадзяніна Д. Шчарбакова ўстаноўлена, што ён, будучы часова непрацуючым, ажыццяўляў прадпрымальніцкую дзейнасць (аптова-рознічны гандаль будаўнічымі матэрыяламі) без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Узбуджана крымінальная справа. Прыгаворам суда Чыгуначнага раёна г. Гомеля Д. Шчарбакову назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 3 гады з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на 2 гады і канфіскацыяй у даход дзяржавы 38,5 млн. руб.


М.  МАІСЕЕНКА,
начальнік Рэчыцкага міжраённага аддзела ўпраўлення
Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК
Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *