Майская прагулка

Вёсачка мая

IMG_3714Гэта падарожжа не зусім звычайнае, аб чым можна меркаваць па фатаграфіях. Часцей за ўсё ў сваім праекце раблю здымкі розных хатніх рэчаў, цікавага гаспадарскага інвентару, а на гэты раз аб’ектыў камеры проста вабілі яркія расліны.

IMG_3686Канец прыгажуні-вясны. Так хочацца адчуць апошнія яе адценні… Натхняе буйства фарбаў і водараў, таму крочу па вёсцы Навасёлкі не спяшаючыся. Спявае птушыны хор. А навокал – усё квітнее! Духмяны бэз, беласнежныя ландышы, пярэстыя бутоны півоняў, вецер зрывае і носіць у паветры капялюшыкі дзьмухаўцоў… Цудоўныя малюнкі прыроды.

IMG_3649З двух бакоў дарогі новы салатава-жоўты плот. Удалечыні відаць, як вядуцца работы па зносе пустуючых дамоў. Адразу ўзнікае пачуццё аднаўлення, надзеі. Веры ў тое, што гісторыя вёскі яшчэ будзе доўгай. Тут засталося 74 жыхара. Для параўнання: у 1959 годзе было 1326.

IMG_3666У 1930 годзе ў Навасёлках працавалі школа, калгас «Чырвоны араты», гамарня. Пасля Вялікай Айчыннай вайны знаходзіліся тут аддзяленне паштовай сувязі, Дом культуры, бібліятэка, піларама, фельчарска-акушэрскі пункт. Цяпер жа вёска больш нагадвае дачны пасёлак. Тут многа так званых фазэнд. Былыя жыхары, якія пераехалі ў горад, садзяць тут агароды. Бываюць наездамі, таму «злавіць» іх складана – амаль на кожнай хаце вісяць замкі.

IMG_3682Але нам пашанцавала пазнаёміцца з некалькімі карэннымі жыхарамі. Першай сустрэлі 80-гадовую Кацярыну Кудака, але жвавай бабульцы столькі гадоў ніколі і не даць. Жывуць яны разам з мужам Васіліем больш за пяцьдзесят гадоў, выхавалі трох дачок, маюць пяць унукаў і трох праўнукаў. Дарэчы, іх яны якраз чакалі да сябе ў госці, бо 26 мая глава сямейства адзначыў юбілей. А пазнаёміліся Васілій і Кацярына ў мясцовым лясніцтве, дзе адпрацавалі разам шмат гадоў.

Бабуля расказала, як любіла спяваць, як яны ездзілі з канцэртамі ў суседнія вёскі, і з асаблівым болем узгадвала ваенныя падзеі.

IMG_3700Пра тое, як палілі вёску, распавядала і сям’я Сацура. Мужа і жонку з цікавымі імёнамі Юзэф і Хіма мы заспелі ў двары дома. Жывуць яны ў шлюбе ўжо 63 гады. Пытаюся: «А як пазнаёміліся?» Дзядуля, усміхаючыся, адказвае: «У дзяцінстве разам каладушы (пясок з вадой) мясілі». Яны абодва родам з гэтай вёскі. Юзэф працаваў у лясніцтве, а Хіма ў калгасе. Шмат цяжкай працы выпала на іх долю.

IMG_3639«Донька, калі пералічыць усё, што мы рабілі, дык стомішся пісаць. Нават аралі зямлю на сабе! Коней не было, шэсць чалавек запрагалі ў плуг – і пайшлі па полю, – расказвае бабуля. – А як голад перажылі. Елі жалуды…»
Раней сямейная пара трымала вялікую гаспадарку: кароў, курэй, каня, а цяпер толькі ката і сабачку. У іх двое дзяцей, пяць унукаў і столькі ж праўнукаў.

IMG_3656Моладзі ў вёсцы ўжо амаль не засталося, а вось доўгажыхары ёсць. Кацярыне Сацура сто першы год. На жаль, у мінулым годзе пайшла з жыцця Аксіння Кудака, якой было 103 гады. А яшчэ, па ўспамінах жыхароў, калісьці ў іх была баба Пекна, якая дажыла да 115 гадоў! Ад душы хочацца пажадаць, каб у сённяшніх навасёлкаўцаў было таксама доўгае і вельмі шчаслівае жыццё.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *