Парадавалі валейбалісткі

Спорт

З 18 па 20 студзеня ў спартыўным комплексе РУП “Белтэлеком” у Гомелі прайшлі гульні першынства вобласці па валейболу сярод дзяўчат 1993-1994 гадоў нараджэння. Гэтыя спаборніцтвы праводзіліся па праграме Алімпійскіх дзён моладзі.

Выдатна выступіла на гэтым прадстаўнічым турніры, удзел у якім прынялі пасланцы амаль усіх раёнаў вобласці і горада Гомеля, каманда нашага раёна. Хойніцкія валейбалісткі па чарзе перайгралі сваіх саперніц па папярэдняй групе з Добруша, Буда-Кашалёва і Гомеля і па праву занялі першае месца.

Гэтак жа ўдала згулялі яны і ў спаборніцтве каманд фінальнай чацвёркі. І толькі ў заключным паядынку хайнічанкі ўступілі будучым чэмпіёнкам – валейбольнай дружыне з абласнога цэнтра – 1:2. Такім чынам у актыве нашай каманды ганаровае другое месца, пацверджанае адпаведным дыпломам упраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкома.

Спартыўны гонар раёна на гэтых спаборніцтвах абаранялі Кацярына Серада, Наталля і Маргарыта Навакоўскія, Ганна Цэйка, Вікторыя Мароз, Ірына Кандрашэўская, Крысціна Дрожжа і Вікторыя Прымачэнка. Трэнер – выкладчык фізічнага выхавання дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі Сяргей Валер’евіч Цярэшчанка.


М. РАМАНЕНКА,
начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *