Жыць – і ніякіх варыянтаў

Людзі і лёсы

IMG_3191Жыццёвая гісторыя Аляксея Талая (на здымку) нагадвае сцэнарый галівудскага фільма: пасля страшнай трагедыі, падкасіўшай здароўе, герой пераадольвае цяжкасці і дасягае поспеху. Менавіта па такому сцэнарыю ідзе жыццё беларуса з Оршы, яго нават запрашалі для ўдзелу ў перадачы Першага расійскага тэлеканала «Пусть говорят». На мінулым тыдні магчымасць асабіста пазнаёміцца з Аляксеем атрымалі і хайнічане на сустрэчы, якую арганізавалі ў раённым Доме культуры старшыня раённага таварыства інвалідаў А.У. Данчанка і кіраўнік абласной дабрачыннай арганізацыі «Шлях да жыцця» Ю.А. Куніцкі.

Звычайна людзі будуюць сваё жыццё, зыходзячы з уласных пажаданняў і магчымасцей. Але здараецца, што мы недаацэньваем, на што самі вартыя. Гэтая тэма стала галоўнай у час сустрэчы з героем нашага часу, як цяпер называюць Аляксея Талая.

Сапраўды, сітуацыя, у якой ён апынуўся, магла перакрэсліць будучыню чалавека назаўсёды. У 1999 годзе ад моцнага выбуху міны часоў Вялікай Айчыннай вайны 16-гадовы юнак страціў ногі і часткова рукі. Праз некалькі месяцаў, праведзеных у бальніцы, ён, як і яго сям’я, не ведаў, што рабіць далей. Паўгода юнак увогуле не быў на вуліцы, вядома, працягваць вучобу ў Аршанскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту не мог. Але дзякуючы моцнай падтрымцы родных і сяброў, не адчайваўся, а вучыўся жыць па-новаму.
Сёння 32-гадовы Аляксей – інвалід-калясачнік першай групы, але гэты дыягназ не стаў для маладога чалавека прыгаворам. Нягледзячы на абмежаванні, ён выпрацаваў тую неверагодную сілу духу і змог адаптавацца ў соцыуме. У нашага героя сям’я (ужо другая), трое дзяцей, ён заняўся прыватным прадпрымальніцтвам у сферы будаўніцтва. Часта падарожнічае, неаднаразова бываў у ЗША з мэтай абмену вопытам работы дабрачынных арганізацый. Дарэчы, гэтая дзейнасць займае ў Аляксея асобную частку жыцця. Ён імкнецца ўсяляк садзейнічаць у аказанні амерыканскімі дабрачыннікамі матэрыяльнай дапамогі беларускім дзецям-інвалідам.

У час сустрэчы аўдыторыя не засталася безуважнай: да Аляксея паступіла вельмі многа пытанняў аб наступствах таго злашчаснага выбуху. Аляксей сцвярджаў, што ніколі не дазваляў сабе гараваць, а думак пра самагубства ў склаўшымся становішчы ўвогуле не дапускаў. Як і раней, мужчына ўпэўнены, што любыя цяжкасці магчыма пераадолець. У заслугу ставіць сваю сям’ю, якая яго падтрымлівае і мае ў ім вялікую патрэбу.

Прыклад Аляксея Талая паказаў мясцовай аўдыторыі, што можна паспяхова пабудаваць сваё жыццё нават з фізічнымі абмежаваннямі, стаць паўнавартасным як у сваёй справе, так і ў асабістым жыцці. На гэта здольныя толькі моцныя асобы, такія, як нядаўні госць нашага горада.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *