Рамантык і паэт Аляксандр Сопат, ён жа – вялікі працаўнік

Асобы Хойнікшчыны

IMG_5136Па прычыне будзённай мітусні часта не хапае часу задумацца аб тым, што побач з намі жывуць цікавыя людзі, лад жыцця якіх з’яўляецца выклікам стэрэатыпам, што ўстаяліся. Такім быў і наш зямляк Аляксандр Сцяпанавіч Сопат. Маючы за плячыма толькі 6 класаў школы, мараходнае і будаўнічае вучылішчы, гэты чалавек валодаў многімі рабочымі спецыяльнасцямі, вызначыўся і літаратурным талентам.

Аляксандр Сцяпанавіч Сопат нарадзіўся 23 лютага 1936 года ў вёсцы Аўрамаўская (цяпер Партызанская) у мнагадзетнай сям’і рабочых, быў самым малодшым з чатырох дзяцей. Яму споўнілася 5 гадоў, калі пачалася вайна – тая вайна, якая прымусіла ўсіх, у тым ліку і яго равеснікаў, пасталець адразу, пабачыць на свае вочы крывавы прывід смерці, зведаць жудасць разбурэння, голад і няволю. Вучыцца тады, у пасляваенныя галодныя гады, было нялёгка. Вайна спаліла школы, бібліятэкі, хаты. У быт людзей вярталася забытае – зямлянкі, лучыны, лапці, жорны. Змагаліся з голадам: з бульбы зразалі «вочкі» і саджалі ў лункі, а самую бульбіну з’ядалі, вырошчвалі сталовыя і цукровыя буракі, гэту гародніну ўжывалі зімой. У вясенне-летні перыяд харчаваліся жолудамі, шчаўём, маладой крапівай, кветкамі канюшыны, каранямі лопуху. Ды што значылі гэтыя цяжкасці ў параўнанні з тымі, якія перажылі людзі ў страшэннае ліхалецце?!

Першую кнігу Аляксандр прачытаў у сямігадовым узросце. Кнігу гэту яму падарыў старшына артылерыйскага дывізіёна, які быў на тыдзень раскватараваны ў вёсцы перад тым, як уступіць у бой за горад Мазыр. Пазней старэйшы брат Павел, «сын палка» (матэрыял аб ім быў надрукаваны ў № 20 «Хойніцкіх навін» за 8 мая 2015 г.), расказаў, што старшына загінуў пры фарсіраванні Прыпяці. Было гэта глыбокай восенню 1943 года.
Кніга называлася «Аповесці і расказы» Джэка Лондана. Прачытаў – аж дух захапіла. А.С. Сопат мог пацвердзіць, што менавіта дзіўны і разам з тым жорсткі свет у кнізе гэтага амерыканскага пісьменніка вызначыў яго творчы шлях: стаў спрабаваць пісаць сам аб тым, што падабалася, зусім не спадзеючыся на магчымасць надрукавання.

У 14 гадоў школьны двор стаў цесным для яго, і, закончыўшы 6 класаў школы, Аляксандр накіраваўся ў свет падарожжаў і прыгод, маючы ў кішэні толькі пасведчанне аб нараджэнні і камсамольскі білет. Яго прыцягвалі мора, горы, зямныя прасторы, вялікая смага пазнання гнала вясковага хлапчука з горада ў горад, з аднаго кантынента на другі.

DSC_0866У Архангельску ён наняўся памочнікам судовага повара (кока) на зверабойную шхуну «Грумант». Плаванне было кароткім – шхуну раздавіла льдамі ў Карскім моры, непадалёку ад Новай зямлі. І вось перад падарожнікам – прыгодніцкі свет Джэка Лондана: белае маўчанне тундры, нянецкія чумы на беразе акіяна, алені, сабакі… Да вясны Аляксандр зарабляў на кавалак хлеба тым, што развозіў пошту на сабачай запрэжцы па рыбацкіх пасёлках і стойбішчах.

Але яго цягне на прасторы мораў і акіянаў… Ён абліваўся потам каля распаленых топак ледакола «Ермак», які тараніў льды ў праліве Вількіцкага, працаваў матросам, машыністам, электрыкам, боцманам, штурманам на сухагрузах і экспедыцыйных судах гандлёвага флоту. Зрабіў выснову: невялікі наш зямны шарык, але колькі на ім цудаў!
Пасля доўгіх падарожжаў А.С. Сопат вярнуўся ў родную Беларусь. Будаваў на Гомельшчыне дамы, школы, фермы, дарогі…

Здавалася б, што чалавеку патрэбна, калі ён мае прыстойны заробак, цудоўную сям’ю і дах над галавой? Але ў Аляксандру Сцяпанавічу яшчэ не патух юнацкі запал пазнанняў. Немагчыма ахапіць неабсяжнае, але, як гаварыў Казьма Пруткоў, да гэтага трэба імкнуцца. І зноў Поўнач. Магчыма, нехта скептычна мог усміхнуцца над словамі Аляксандра Сцяпанавіча, але менавіта на Цюменскай Поўначы вырашаўся лёс энергарэсурсаў былога СССР. Там, пад вечнай мерзлатой і непраходнымі балотамі, былі схаваны газа- і нафтадолары, якія абменьваліся на замежнае харчаванне.
Былі ў біяграфіі А.С. Сопата Саматлор, Надым, Урэнгой, Ямбург… Ён памятаў кожную вярсту, якая пройдзена па гэтых гібельных балотах.

Аб пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці Аляксандр Сцяпанавіч успамінаў з горыччу. У яго захавалася аб’ёмістая папка ветлівых адмоў з выдавецтваў і часопісаў, пад якімі стаяць подпісы імянітых пісьменнікаў. Але, нягледзячы на гэта, Сопат «матычыў сваю градку», бо верыў, што ў пісьменніцкім асяроддзі ёсць нямала людзей, якія зразумеюць яго.

І такія людзі знайшліся. З удзячнасцю заўседы ўспамінаў Аляксандр Сцяпанавіч А. Макаёнка, Г. Папова, М. Дубянецкага, В. Кудзінава, В. Быкава, І. Чыгрынава і многіх іншых, хто дапамагаў у першых публікацыях яго твораў. Асабліва ўдзячны ён быў за ўсямерную падтрымку свайму сябру Леаніду Гаўрылкіну: нячаста ў жыцці сустрэнеш такога чалавека, які блізка да сэрца прымае лёс іншых. Менавіта такім быў, па словах А.С. Сопата, Леанід Гаўрылкін, можа быць, таму ён рана пайшоў з жыцця.

IMG_5125Аляксандру Сопату можна не саромецца за зробленае. І справа, урэшце, не ў колькасці напісанага. Галоўнае ў тым, што большасць яго твораў адлюстравалі нашу рэчаіснасць, ярка і шматгранна раскрылі духоўны свет сучаснікаў, прыцягнулі нашу ўвагу да найбольш важных актуальных праблем.
Валодаючы фенаменальнай памяццю, пісьменнік знаходзіў прататыпаў сваіх герояў і ў тайговай гушчыні, на далёкай Поўначы. Усе героі яго твораў – рэальныя людзі. Першая кніга Аляксандра Сопата «Траса» выйшла з друку ў 1982 годзе. Учынкі яе герояў на першы погляд цяжка паддаюцца логіцы звычайных людзей, і разам з тым яны вельмі лагічныя, калі прасочваць развіццё падзей, унікнуць у псіхалогію персанажаў, што і робіць аўтар.

Прачытаўшы кнігу «Саматлор», нават не ведаючы асобы аўтара, можна зрабіць выснову: чалавек, які напісаў гэтую кнігу, рамантык і паэт. Ён жа вялікі працаўнік, імя якому – рабочы. Вось менавіта аб сваёй працы на Поўначы, у месцы, дзе кіпела «вялікая дзяржаўная работа», аб людзях, аб іх справах, аповесці, якія ўваходзяць у гэту кнігу.

Аб пачатку працоўнага шляху семнаццацігадовых юнакоў, учарашніх школьнікаў, якіх жыццё закінула на Крайнюю Поўнач, расказвае А.С. Сопат у кнізе «Караблі», акцэнт робячы на станаўленне іх характараў, зараджэнне дружбы і фізічную загартоўку ў суровых умовах.
У сваіх расказах, якія ў свой час былі надрукаваны на старонках расійскіх і беларускіх часопісаў «Юность», «Новый мир», «Неман», «Нефтяник Белоруссии», аўтар смела выкарыстоўвае гумар, сарказм, ён адшуквае ў простых людзях тое адметнае, тую грань, якая робіць людзей непадобнымі адзін на аднаго.
Гавораць за сябе і раннія творы Сопата «Мёртвая вада», «Аляксей Чарняк», «Фантазёры»: з паліц кніжных магазінаў яны знікалі хутка, і, што цікавае, кнігі гэтыя і цяпер карыстаюцца папулярнасцю сярод чытачоў бібліятэк.

Самым першым чытачом і рэцэнзентам твораў А.С. Сопата была яго жонка Ніна Васільеўна. Яна сама родам з Урала, пазнаёміліся ў Мурманску, у 1961 годзе зарэгістравалі шлюб, у якім пражылі паўвека да самай смерці Аляксандра Сцяпанавіча ў 2011 годзе. Нарадзілі і выхавалі дзвюх дачок: Святлана жыве ў Санкт-Пецярбургу, Алена – у Гомелі, дачакаліся чатырох унукаў.

Дзе б далёка ні знаходзіўся А.С. Сопат, у думках ён заўсёды быў са сваёй малой радзімай. Жывучы ў Гомелі, часта ездзіў у сваю вёску, каб набрацца сіл, асвяжыць памяць, памаладзець душою, падужэць. Са сваім зводным братам Паўлам былі вельмі блізкімі людзьмі, радней не адшукаць.
За гады, якія лёс адвёў Аляксандру Сцяпанавічу Сопату, ён многае паспеў зрабіць, але, на жаль, вялікую колькасць ідэй творца не мог здзейсніць. Аднак ён пакінуў нашчадкам вартую літаратурную спадчыну і павагу да сябе. Такіх людзей не забываюць.

Клаўдзія БОСАК.
Аўтар выказвае вялікую падзяку жонцы А.С. Сопата Ніне Васільеўне за прадастаўленыя фотаздымкі.

ТВОРЧЫЯ ЗДАБЫТКІ
А.С. Сопат як празаік пачаў друкавацца з 1965 года, у 29-гадовым узросце. Пуцёўку ў літаратурнае жыццё дала яму наша абласная газета «Гомельская праўда», на старонках якой былі змешчаны першыя апавяданні маладога пісьменніка.
Хаця А.С. Сопат пісаў свае творы на рускай мове, усе яго кнігі надрукаваны ў Мінску:
кніга прозы «Траса», аповесці «Саматлор», «Караблі», «Падранак», «Выкраданне», «Пакажы мне дарогу, Палярная зорка», «Дэсант», «Мёртвая вада», «Аляксей Чарняк», «Фантазёры», «Спытай самога сябе».
Галоўнае ў творах Сопата – пільная ўвага да сучаснасці і вера герояў у духоўную чысціню, дабрыню, чуласць, справядлівасць.
З 1984 года А.С. Сопат з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *