Дабрачыннасць атрада «Міласэрнасць»


Валанцёры – гэта абавязкова альтруісты, дзейнасць якіх накіравана на дапамогу і клопат аб іншых. Што самае галоўнае, дапамога гэтая абавязкова бескарыслівая. Жадаючыя працаваць і дапамагаць бясплатна ёсць і ў нашым раёне.

Валанцёрскі атрад “Міласэрнасць” створаны на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яшчэ ў студзені 2005 года. Цяпер у яго склад уваходзяць 12 чалавек.  Гэта сацыяльныя работнікі на даму Валянціна Карастылёва, Ірына Жаўняк, Ала Казмярчук, Наталля Лютава, Наталля Строган, Любоў Харошка, Вольга Царык, Зоя Чудзінава, Надзежда Шлёг, Людміла Ядчанка, Віталія Гусакова, Алена Ткачэнка. Акрамя выканання сваёй асноўнай работы яны аказваюць пасільную дапамогу, заснаваную на дабрачыннасці і міласэрнасці, адзінокім, адзінокапражываючым грамадзянам, інвалідам. У кожнага сацыяльнага работніка на абслугоўванні знаходзіцца ад 8 да 12 чалавек, што і без таго з’яўляецца даволі значным фронтам работы. Аднак адмаўляцца ад валанцёрства яны не збіраюцца.

Бадай, ніхто лепш за сацыяльных работнікаў не ведае, як цяжка даводзіцца адзінокім састарэлым, як ім патрэбны дапамога, увага, а шчырае слова і душэўная размова можа нават і больш.

Выконваючая абавязкі дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Г.М. Скачко расказала, што ў  мінулым годзе адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны часта наведвалі сацыяльныя работнікі з валанцёрскага атрада, аказвалі магчымую дапамогу, неабходныя паслугі.

У красавіку-маі праводзілася акцыя “Утульнасць дамашняга ачага”, у час якой  валанцёры аказалі дапамогу 32 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны з усяго раёна: прыбіралі жылыя памяшканні, працавалі на прысядзібных участках. Валанцёры працуюць і сёлета.


Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *